РУС БЕЛ ENG 中文

Пакуль жыве памяць, не будзе новай вайны

09.06.2023

Казлоўшчынскі дзіцячы сад прыняў удзел у рэспубліканскай акцыі па грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення “Ліст аб Беларусі” – сумесным праекце Генеральнай пракуратуры і Міністэрства адукацыі.

Праект пашырае прадстаўленні дзяцей аб гістарычным мінулым нашай краіны і подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, замацоўвае ўяўленні дзяцей аб прыродных асаблівасцях Радзімы, развівае ў іх цікавасць і павагу да дзяржаўных сімвалаў, выхоўвае пачуццё гонару за сваю Айчыну, фарміруе культуру талерантнасці.

Мерапрыемства ў тым ліку ўзнімала тэму генацыду і насіла сімвалічную назву “Аб вайне ведае дзятва”, удзел у ім прынялі намеснік пракурора раёна Сяргей Аляшкевіч, метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, куратар сферы Кацярына Гайдук, педагогі, выхаванцы і іх бацькі. Ва ўстанове сабрана цэлая “метадычная скарбонка” па гэтым напрамку дзейнасці: створаны стэнды і фотасправаздачы, распрацаваны тэматычныя дапаможнікі і развіваючыя гульні, з’явіліся і апрабаваны маршруты выхаднога дня для выхаванцаў і іх бацькоў, ёсць тэматычныя куткі, нават калекцыя лялек у ваеннай форме.

– Пакуль жыве памяць аб мінулым, не будзе новай вайны, – падкрэсліла ў сваім выступленні Кацярына Гайдук. – Расказаць дзіцяці аб страшных падзеях Вялікай Айчыннай вайны вельмі складана, аднак педагогі адшукваюць розныя спосабы і прыёмы, каб данесці гэту інфармацыю і сфарміраваць асобу маленькага патрыёта. Дзеці-дашкольнікі раёна ведаюць шмат вершаў, песень, інсцэніровак, якія паказалі ў час творчых справаздачаў па патрыятычным выхаванні “Свой родны край любі і ведай!”, а дзякуючы маршрутам выхаднога дня маленькія патрыёты ўжо знаёмы з помнікамі і мемарыяламі родных мясцін.

Тэму прадоўжыла загадчыца Казлоўшчынскага дзіцячага сада Лілія Лішык:

– Нашай установай вядзецца планамерная, бесперапынная, сістэматычная работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей. Педагогі прывіваюць ім пачуцці любові і гонару за гераічнае мінулае беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, за тое, што дзякуючы мужнасці продкаў мы сёння жывём у мірнай, камфортнай краіне, ствараем умовы, каб і ў падрастаючага пакалення было шчаслівае дзяцінства.

У творчай форме маленькія артысты, іх выхавальнікі і бацькі правялі завочнае азнаямленне з пасёлкам, расказалі аб помніках і героях гэтых мясцін, патлумачылі паняцце “генацыд” і ўзгадалі асноўныя традыцыі сваёй вялікай Радзімы – Беларусі.

Намеснік пракурора падзякаваў гаспадарам установы за тое, што зберагаюць і перадаюць падрастаючаму пакаленню гістарычную памяць. Ва ўрачыстай абстаноўцы разам з Кацярынай Гайдук Сяргей Аляшкевіч уручыў загадчыцы Ліліі Лішык дыплом ІІ ступені аддзела адукацыі райвыканкама, якім сёлета адзначаны Казлоўшчынскі дзіцячы сад за вынікі творчай справаздачы на лепшую пастаноўку работы па патрыятычнам выхаванні, яшчэ адным дыпломам Лілія Мікалаеўна была ўзнагароджана асабіста за перамогу ў намінацыі “Лепшы кіраўнік – лідар грамадзянскага і патрыятычнага выхавання”.

 

Источник: http://diatlovonews.by/