Свята паэзіі «Не магу я жыць без Беларусі»
26.05.2023У лекцыйнай зале інстытута выкладчыкі кафедры адукацыйных тэхналогій – кандыдат філалагічных навук, дацэнт Данута Мышко і магістр філалагічных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса Вікторыя Смолка – віталі ўсіх і кожнага на свяце паэзіі «Не магу я жыць без Беларусі». Разынкамі сустрэчы сталі юныя дэкламатары – вучні сярэдняй школы № 39 г. Гродна. Пры непасрэдным удзеле іх настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Скрыпко Галіны дзеці завіталі падтрымаць яшчэ адну сваю творчую апякунку – Вікторыю Валер’еўну, якая больш за тры гады школьнай працы прысвяціла духоўнаму развіццю маленькіх беларусаў, дапамагала ім зразумець, чаму, каб вырасці шчаслівымі, абавязкова трэба «прайсці па шляхах нашай Беларусі, нашай зямлі пад белымі буслінымі крыламі».
Бачыцца невыпадковасцю і тое, што паэтычную гасцёўню наведалі слухачы курсаў па спецыяльнасцях менавіта дашкольнай адукацыі і патрыятычным выхаванні моладзі. Да слёз расчулілі аўдыторыю шчырыя лірычныя радкі, прыказкі, загадкі, простыя словы-звароты пра Радзіму, пра родны горад, пра мову і маму, пра сямейныя і духоўныя каштоўнасці, пра мінулае і будучае, пра Вялікую Перамогу і захаванне міру на белай, святой зямлі, якую трэба любіць «аддана і да канца», бо іншай нам не дадзена, дый непатрэбна…».
У фінале сустрэчы госці доўга не разыходзіліся. Асаблівую цікавасць і самае галоўнае пытанне «дзе набыць?» выклікала новая кніга «Песнярам Айчыны», выдадзеная напрыканцы мінулага 2022 года. Змест зборніка склалі вершы-прысвячэнні, вершы-лісты сучасных гарадзенскіх паэтаў да класікаў – Песняроў беларускага слова. Не менш вабіла гасцей і выстава паэтычных аўтарскіх паштовак «З вершаняткавай дзюбкі». Кожны меў магчымасць атрымаць «сувенір ад бусліка» – прынесці дадому маленькую папяровую часцінку з прыгожым словам. Яркія выступленні і падзякі, салодкія гасцінцы дзецям і не менш салодкія уражанні для ўсіх і кожнага як апазнавальны знак нашага гасціннага, добрага, гордага і таленавітага беларускага народа!
Источник: https://groiro.by/