РУС БЕЛ ENG 中文

Лілія Серык: пасля рамонту лагер «Блакітная хваля» гатовы прыняць 140 дзяцей у адну змену

26.05.2023

Намеснік начальніка аддзела адукацыі Зэльвенскага райвыканкама Лілія Пятроўна Серык расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” аб арганізацыі летняга аздараўлення школьнікаў і іх занятасці падчас канікул.

— Мы адрамантавалі апошні, дзясяты, корпус у нашым лагеры “Блакітная хваля” і цяпер гатовы прыняць 140 дзяцей у адну змену. Адкрыццё першай адбудзецца ўжо 3 чэрвеня. Усяго ў лагеры “Блакітная хваля” на працягу лета плануецца аздаравіць каля 700 дзяцей. Карпусы абсталяваны ўсім неабходным, у кожным пакоі зручныя дзіцячыя ложкі, тумбачкі, пісьмовы стол, шафа і люстэрка. Адметнасцю кожнага жылога доміка з’яўляецца наяўнасць санітарнага пакоя (сучасная душавая і санвузел). На тэрыторыі лагера шмат аб’ектаў для актыўнага адпачынку — пляцоўка для гульняў, спартыўны гарадок, футбольнае поле. У мінулым годзе купілі два вялікія басейны, каб дзеці мелі магчымасць купацца. Харчаванне пяціразовае, у меню натуральныя сокі, свежая садавіна, выпечка.

— Усе арганізацыйныя пытынні ўжо вырашаны?

— Канечне! Набраны штат выхавальнікаў і важатых. Сярод першых у асноўным настаўнікі нашых устаноў адукацыі. Навучэнцы педагагічных каледжаў з Ваўкавыска і Гродна далучацца да работы лагера ў якасці важатых падчас другой і трэцяй змен, каб прайсці практыку. Ва ўстанове будуць працаваць студэнцкія атрады: педагагічны і сэрвісны. Выхаваўчая праграма на лета спланавана, рыхтуюцца планы мерапрыемстваў для кожнай змены. Прадугледжаны што­дзень віктарыны, конкурсы, патрыятычныя мерапрыемствы, дыскатэкі. Дзецям прапануюць пагуляць у лазертаг, паглядзець фільмы пад адкрытым небам і шмат іншага. Безумоўна, вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням падтрымкі выхаванцаў, якія апынуліся ў цяжкіх жыццё­вых абставінах. Два разы за лета да адпачываючых далучацца хлопчыкі і дзяўчынкі, якія знаходзяцца ў Зэльвенскім сацыяльна-педагагічным цэнтры, выхаванцы дзіцячых дамоў.

Гэтым летам на тэрыторыі раёна будуць дзейнічаць шэсць працоўных брыгад. Іх удзельнікамі стануць каля 100 вучняў. Займацца яны будуць у асноўным сельскагаспадарчымі работамі.

— Ці ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі будуць арганізаваны прышкольныя лагеры?

— У кожнай школе раёна будуць працаваць дзённыя аздараўленчыя лагеры для 295 дзяцей. З іх 1 лагер працы і адпачынку для 10 чалавек. У асноўным яны будуць дзейнічаць у чэрвені, некалькі — у жніўні. На базе Зэльвенскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната адчыняць дзверы адразу два лагеры для дзяцей з Гродзенскай вобласці. Пройдуць дзве змены па 9 дзён. Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Зэльвы арганізуе работу 2 спартыўна-аздараўленчых лагераў для 75 дзяцей. Работа свайго лагера запланавана і ў Зэльвенскім цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

— Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі таксама не застаецца ўбаку? 

— Так. Тут будуць працаваць летняя пляцоўка “Карысныя канікулы” і творчая майстэрня “Калейдаскоп”. Кожны дзень прадугле­джаны розныя мерапрыемствы. Два разы на ты­дзень гульнявыя праграмы збіраемся праводзіць у дварах мікрараёнаў Паўднёвы і Паўночны. Запланаваны паездкі з дзецьмі ў сельскія населеныя пункты. Тыя, хто не мае магчымасці далучыцца непасрэдна да мерапрыемстваў цэнтра, змогуць зрабіць гэта з дапамогай анлайн-пляцоўкі “ДомаНеСумна”. Таксама на базе ўстановы працягне работу кансультацыйны пункт для дырэктараў і педагогаў аздараўленчых лагераў “Акадэмія летніх канікул”. Там тыя, хто займаецца арганізацыяй аздараўлення дзяцей, змогуць атрымаць шмат карыснай і цікавай інфармацыі. Яшчэ ў праграме правядзенне дзён дадатковай адукацыі ў лагеры “Блакітная хваля” і ў пры­школьных аздараўленчых лагерах.

— Прадугледжана ў раёне стварэнне працоўных брыгад для школьнікаў?

— Мы клапоцімся аб гэтым загадзя. Яшчэ падчас навучальнага года даводзім да старшакласнікаў інфармацыю пра тое, якія працоўныя брыгады бу­дуць дзейнічаць у раёне, дзе і калі. Улічваем усіх жадаючых і фарміруем групы. Гэтым летам іх будзе шэсць. Іх удзель­нікамі ста­нуць каля 100 вучняў. Займацца яны будуць у асноўным сельскагаспадарчымі работамі. Напрыклад, збіраць у полі хворыя каласкі. Таксама дзеці працуюць ва ўстановах адукацыі: дапамагаюць прывесці ў парадак пры­школьную тэрыторыю, пафарба­ваць агароджу, адраманта­ваць мэблю. У сярэднім яны ма­юць магчымасць зарабіць каля 150 рублёў. Грошы выдзяляе цэнтр занятасці. У старшакласнікаў ёсць магчымасць далучыцца да студэнцкіх атрадаў. Мы заўсёды клапоцімся, каб летняя кампанія прайшла цікава і бяспечна, прапануючы дзецям занятак па душы.

Марына ЖДАНАВА