РУС БЕЛ ENG 中文

Дапытлівую малечу сабраў конкурс “Любазнайка”

25.05.2023

Май – час падводзіць вынікі навучальнага года, а таму ў дзіцячым садзе № 1 горада Дзятлава па добрай традыцыі ў чарговы раз сустрэліся самыя кемлівыя маленькія жыхары Дзятлаўшчыны.

Іх сабраў раённы інтэлектуальны конкурс для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту “Любазнайка”, дзе спаборнічалі выхаванцы 10 розных установаў адукацыі.

Урачыстасць стартавала з вынасу сімвалічнай эмблемы конкурсу, кароткага інтэрв’ю з тымі, хто прыехаў праходзіць іспыты, музычнага падарунка ад гаспадароў пляцоўкі і ўрачыстай клятвы-абяцання юных інтэлектуалаў.

– Вы ўсе ўжо пераможцы, бо ў сваіх установах вызначаны як самыя кемлівыя, – адзначыла метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, якая курыруе пытанні дашкольнай адукацыі, Кацярына Гайдук. – Спадзяюся, што, і калі пойдзеце ў школу, вашы дарогі, поспехі і перамогі будуць лёгкімі. Пакуль жа праявіце старанне, будзьце ўважлівымі на іспытах, і няхай вам спрыяе ўдача.

Першы этап конкурсу паклікаў удзельнікаў за сталы выконваць пісьмовыя заданні на картках. Неабходна было знайсці лішняе; намаляваць фігуры па кропках; расставіць знакі “больш”, “менш”, “роўна”; падлічыць суму лічбаў; колькасць складоў у словах; вызначыць паслядоўнасць у вытворчым цыкле; вылучыць асобна элементы расліннага ўзору і геаметрычныя формы. Каб малеча не стамлялася ад заданняў, з ёю ладзіліся кароткія фізкультхвілінкі.

На другім конкурсным этапе дзеці цягнулі білецікі і без папярэдняй падрыхтоўкі адказвалі на пытанні індывідуальнага задання па ўсіх галінах адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі. Паралельна ў актавай зале ладзіўся творчы іспыт “Прачытай верш выразна”. Пры выступленні ацэньваліся не толькі адсутнасць памылак і веданне твора, але і інтанацыя, артыстызм, уменне трымацца на публіцы.

 

Безумоўна, самым прыемным момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне. Усе без выключэння ўдзельнікі атрымалі дыпломы і яркія пазнавальныя кнігі ад спонсара мерапрыемства – раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”. Пераможцамі конкурсу “Любазнайка” з найбольшай колькасцю балаў сталі Кацярына Лазута з Казлоўшчынскага і Аляксей Сямашка з Дварэцкага дзіцячых садоў, іх педагогі Вольга Ступкава і Наталля Сідорчык адзначаны дыпломамі за падрыхтоўку дзяцей. Другое месца падзялілі Евангеліна Нічыпар з Гезгалаўскага дзіцячага сада і Валерыя Царык з дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава, дыпломы атрымалі і іх выхавальнікі Марына Басай і Алена Капковіч. На трэцяй пазіцыі аказаліся Максім Сударыкаў з дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава і Алеся Клімец з Новаяльнянскага дзіцячага сада, дыпломамі за падрыхтоўку канкурсантаў адзначаны педагогі Ганна Мікуліна, Таццяна Маркава і Валянціна Апановіч. За самае артыстычнае выступленне дыплом пераможцы творчага задання “Прачытай верш выразна” быў уручаны выхаванцы Гезгалаўскага дзіцячага сада Евангеліне Нічыпар (падрыхтавала дзяўчынку педагог Алена Лукіянец).

 

 

Выхаванцы Ілья Лішык з Вензавецкай, Таццяна Лашкоўская з Круцілавіцкай, Іларыя Сцепановіч з Хвінявіцкай сярэдніх школ і Дамініка Памбухчан з Жукоўшчынскай базавай школы адзначаны дыпломамі ўдзельнікаў конкурсу.

На развітанне, каб сустрэча пакінула найлепшыя ўспаміны і запомнілася надоўга, выхаванцы і педагогі дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава прыпаднеслі сваім гасцям невялікае танцавальнае выступленне.

Ірына СТЫРНІК

 

Источник: http://diatlovonews.by/

поделиться в: