РУС БЕЛ ENG 中文

Электронны рэсурс па асновам бяспекі жыццядзейнасці распрацавалі педагогі школы №5 Ваўкавыска

25.05.2023

Электронны адукацыйны рэсурс “Асновы бяспекі жыццядзейнасці. Абарона ад надзвычайных сітуацый” распрацавалі педагогі сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска Надзея Вітальеўна Пляскач і Ірына Аляксееўна Жаўнерык.

Распрацаваны рэсурс у форме інтэрактыўнай кнігі, створаны на аснове дадатку Genially ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай для вучняў 2—4 класаў. Ён змяшчае анлайн-практыкаванні і дыдактычныя гульні. 

Мэты адукацыйнага рэсурсу — фарміраванне ў вучняў вопыту бяспечных паводзін у надзвычайных сітуацыях, выхаванне адказных адносін да асабістай і грамадскай бяспекі. Выкарыстанне інтэрактыўнай кнігі дазваляе забяспе­чыць актывізацыю пазнавальнай дзейнасці дзяцей, праверыць узровень засваення вучэбнага матэрыялу, зрабіць урок займальным, практыка-арыентаваным, цікавым для навучэнцаў.

Адукацыйны рэсурс адказвае прынцыпам навуковасці, даступнасці, нагляднасці, свядомасці і актыўнасці, сувязі тэорыі з практыкай. Ён бяспечны, эстэтычны. Прадстаўлены матэрыял адпавядае ўзроставым асаблівасцям вучняў, вучэбнай праграме па прадмеце. Прапанаваныя заданні размеркаваны па класах. На старонцы “Змест” кніга мае інтэрактыўную навігацыю, якая дазваляе перайсці да практыкаванняў выбранага класа. Інтэрактыўныя закладкі з правага боку кнігі таксама выконваюць функцыю навігацыі.

Тэматыка інтэрактыў­ных практыкаванняў адпавядае праграме раздзела “Абарона ад надзвычайных сітуацый”. Інтэрактыўныя практыкаванні распрацаваны на аснове сэрвісу LearningApps.org, канструктара інтэрактыўных квіз-тэстаў madtest.ru. Заданні маюць яркае афар­мленне: змяшчаюць разнастайныя карцінкі, відэафайлы. Гэта дазваляе зрабіць пра­цэс авалодання ведамі займальным. Кожнае заданне суправаджаецца пад­рабязнай і зразумелай інструкцыяй. Для зручнасці карыстальнікаў заданні ўтрымліва­юць падказкі, прадугле­джана магчы­масць праверкі правільнасці іх выканання.

З улікам інтарэсаў і ўзроставых асаблівасцей вучняў на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі створаны вучэбныя гульні пры дапамозе канструктараў Wordwall, Umaigra.com, Learnis, Genially. Гульні маюць практычную накіраванасць: яны прысвечаны тэме бяспекі пры карыстанні электрапрыборамі і ў побыце, падчас свят.

На апошняй старонцы кнігі прадстаўлены інтэрактыўны слоўнік, у якім сабраны асноўныя паняцці, якія сустракаюцца ў раздзеле “Абарона ад надзвычайных сітуацый”. Калі навесці курсор на слова, можна ўба­чыць яго азначэнне. На адну са старонак вынесены спасылкі на літаратуру для дзяцей, размешчаную на сайце МНС Рэспублікі Беларусь, па тэме бяспечных паводзін у побыце і пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый.

Матэрыялы інтэрактыўнай кнігі рэкамендуюцца для выкарыстання педагогам I ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў якасці дадатковага вучэбнага матэрыялу, а таксама навучэнцам з мэтай праверкі ведаў па вучэбным прадмеце АБЖ, развіцця пазнавальнай цікавасці, вучэбнай матывацыі ў ходзе самастойнай работы. Універсальнасць электроннага адукацыйнага рэсурсу заключаецца ў тым, што яго можна лёгка інтэграваць у вучэбны працэс, а таксама выкарыстоўваць для самастойнай работы навучэнцаў дома.

Плануецца распрацоўка заданняў у адпаведнасці з праграмай АБЖ для 5 класа.

Марына СЫЧЭЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Ваўкавыска

 

Источник: https://nastgaz.by/

поделиться в: