РУС БЕЛ ENG 中文

У школе № 7 Смаргоні працуе музей «Спартыўнае сузор’е Смаргоншчыны». Чым ён унікальны

24.05.2023

У сярэдняй школе № 7 Смаргоні працуе ўнікальны музей “Спартыўнае сузор’е Смаргоншчыны”, які быў адкрыты 28 снежня 2018 года. Памяшканне музея змяшчае 7 экспазіцый, на якіх прадстаўлены такія віды спорту, як дзюдо, самба, гімнастыка, лёгкая і цяжкая атлетыка, а таксама футбол, баскетбол, валейбол. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У калекцыі музея — узнагароды, кубкі, прызы, медалі, граматы, значкі, асабістыя рэчы знакамітых спарт­сменаў, чыё жыццё было непарыўна звязана з гэтымі відамі спорту. Таксама тут захоўваецца невялікая падборка спартыўнага інвентару 60—70-х гадоў ХХ стагоддзя.

На адной з экспазіцый музея прадстаўлена гісторыя развіцця Смаргонскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, адкрытай у 1961 го­дзе. Школа падрыхтавала майстра спорту міжнароднага класа па баскетболе Юлію Рыцікаву-Дурэйка, майстра спорту міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы Аляксандра Малашэвіча, майстра спорту міжнароднага класа па цяжкай атлетыцы Міхаіла Броўку, майстроў спорту па дзюдо і самба Аляксандра Вахавяка і Андрэя Кіпцэвіча. На іншых экспазіцыях — гісторыя Смаргонскай раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў, якая дзейнічае з кастрычніка 2005 года; гісторыя дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па футболе футбольнага клуба “Смаргонь” і самога клуба і г.д.

Аднак самы каштоўны экспанат музея — падарунак загадчыка аддзела спорту і турызму Смаргонскага райвыканкама Аляксандра Рыгоравіча Лобана. Гэта сцяг з аўтографамі чэмпіёнаў і ўдзельнікаў Алімпійскіх гульняў 2014 года ў Сочы: Дар’і Домрачавай, Надзеі Скардзіна, Алы Цупер, Антона Кушніра.

Як упэўнены дырэктар школы Аляксандр Уладзіміравіч Джумкоў (на фота), наведванне музея “Спартыўнае сузор’е Смаргоншчыны” з’яўляецца добрым стымулам для юных спартсменаў. Таму што на канкрэтных прыкладах вялікіх перамог спартсменаў-землякоў кожны з іх можа пераканацца: як вялікая рака пачынаецца з малога вытоку, так і вялікія поспехі пачынаюцца з малой радзімы.

Наталля КАСТЭНКА

 

Источник: https://nastgaz.by/