РУС БЕЛ ENG 中文

Настаўніца школы № 7 Смаргоні Валянціна Лукошка: «Абавязкова ўключаю мясцовы кампанент у свае ўрокі»

22.05.2023

Сумяшчаць у сэрцы любоў да роднай мовы і літаратуры з любоўю да мастацтва выдатна атрымліваецца ў лаўрэата абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” Валянціны Лукошка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Валянціна Мечыславаўна — настаўніца мастацтва, беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні Гродзенскай вобласці. 

— Гадоў 7 назад я пісала матэрыял у школьную газету і аналізавала свой працоўны шлях, — пачынае аповед пра шлях у прафесію Валянціна Лукошка. — Адзначыла тады, што нарадзілася я ў мінулым стагоддзі ў Воранаўскім раёне, пачынала працаваць у школе, якой ужо не існуе, і здаецца, што жыву ўжо вельмі доўга. (Смяецца.)

Пасля заканчэння васьмігодкі будучая настаўніца паступіла ў Лідскае педагагічнае вучылішча, атрымала адукацыю выхавальніка дзіцячага сада і накіравалася ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт беларускай літаратуры, мовы і культуры. Пачынала настаўнічаць у Суцькаўскай школе Смаргонскага раёна, затым працавала ў Смаргонскай школе-інтэрнаце, а з 2006 года — у сярэдняй школе № 7 Смаргоні.

Валянціна Мечыславаўна прызнаецца, што заўсёды вельмі любіла родную мову і літаратуру, але адначасова цікавілася культурай і краязнаўствам. Таму мастацкая адукацыя аказалася дарэчы. Калі скончыла ўніверсітэт, хацела выкладаць беларускую мову і літаратуру. Аднак акалічнасці склаліся па-іншаму. Адчуванне роднай мовы, цяга да яе ніколі не пакідалі настаўніцу. І ўжо зараз у педагагічнай прафесіі мастацтва ідзе побач з роднай мовай, пераплятаецца з ёй.

Быў час, калі прадмет “Мастацтва” ў беларускіх школах не выкладаўся. Валянціна Мечыславаўна шчыра прызнаецца, што шкадуе аб гэтым. Калі ж прадмет вярнуўся ў школьную праграму, яна зноў атрымала гэтае шчасце — выкладаць любімую дысцыпліну, але па-ранейшаму не пакідала беларускую мову. І гэта дало выдатны плён: некалькі гадоў назад у клас да Валянціны Мечыславаўны прыйшла вучаніца Настасся Ванеева, якая сёлета, ужо адзінаццацікласніцай, атрымала дыплом ІІІ ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

— Што для вас зараз на першым месцы: беларуская мова і літаратура ці мастацтва? — асцярожна пытаюся ў Валянціны Лукошка.

Настаўніца на момант задумваецца і цвёрда выбірае — мастацтва. І пачынае разважаць:

— Гэта важны прадмет у школьнай праграме. А яшчэ важна, каб самі дзеці зразумелі, што ён ім патрэбны. Культура зносін і ўвогуле культура — гэта аснова ўсяго, аснова чалавека, якая прадстаўляе чалавека як асобу неардынарную, з якім прыемна пагутарыць, які шмат ведае і які ў любую хвіліну па любым пытанні здольны выка­заць сваё меркаванне.

Пра свой удзел як настаўніцы мастацтва ў конкурсе “Настаўнік года” Валянціна Мечыславаўна расказвае на адным дыханні. Калі гаварыць коратка, было цікава, нягледзячы на псіхалагічную нагрузку, і адказна. Кожны этап конкурсу — вялікі вопыт, унікальная магчымасць адарвацца ад штодзённай работы і паглядзець на тое, што адбываецца навокал.

— Я разумела, што настаўнікі — творчыя людзі, але была здзіўлена, наколькі шмат у нас таленавітых, цікавых педагогаў. Штодзённасць трымае нас на сваім месцы. А кожнае мерапрыемства такога высокага ўзроўню дае глыток свежага паветра, каб працаваць далей. І гэта дае сілы перажыць тое, што не атрымліваецца ў рабоце. Прыязджаеш дадому — і хочацца тварыць, — гаворыць Валянціна Лукошка.

Цікаўлюся, які алгарытм прывіцця любові да мастацтва і культуры сучасным дзецям практыкуе настаўніца.

— Няма ніякага алгарытму, — прызнаецца Валянціна Лукошка. — Ты слухаеш дзяцей і падстройваешся пад іх. Мы з імі ладзім гульні, часам паказваем карціну ў ролях і г.д. Мяняюцца метады і прыёмы выкладання прадмета — аснова застаецца. Галоўнае, каб дзецям было цікава, каб у іх заставалася эмацыянальнае перажыванне. Мастацтва — гэта прадмет, які аб’ядноўвае ўсё і ўсіх. Я класны кіраўнік 11 класа, і мы заўсёды шмат падарожнічалі з дзецьмі. Гэтай вясной, нарэшце, з’ездзілі ў Нацыянальны мастацкі музей, дзе раней ніколі не былі. Гляджу на сваіх дарослых дзяцей — ім так цікава ў музеі. Думаю, што мы, настаўнікі і дзеці з невялічкіх пасёлкаў, гарадкоў, крыху абдзелены культурным жыццём. Задача настаўніка — давезці дзяцей у любы цікавы музей.

На мой погляд, вучыцца разу­мець і любіць мастацтва варта пачынаць з вывучэння мясцовага матэрыялу — творчага набытку землякоў. Валянціна Мечыславаўна пага­джаецца са мной і гаво­рыць, што абавязкова ўключае мясцовы кампанент у свае ўрокі. Смаргоншчына багатая на помнікі гісторыі і культуры, таму дзеці з настаўніцай наведваюць вядомы далёка за межамі Беларусі Крэўскі замак, Кушляны — радзіму Францішка Багушэвіча, маёнтак кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. Родную зямлю яны аб’ездзілі па некалькі разоў, і кожны раз, па словах педагога, успрыманне знакамітых мясцін у іх рознае, бо ў дзяцей з узростам мяняюцца погляды. Мясцовы смаргонскі музей прапануе экскурсію “Крэўскі шлях”, якая расказвае не толькі пра слынны замак у Крэве, але і пра цэрквы, якія існуюць ці існавалі ў гэтай мясцовасці. У мінулым годзе Валянціна Лукошка і яе навучэнцы праяз­джалі па Крэўскім шляху, заяз­джалі ў вёску Наваспаск, каб пагля­дзець разбураны падчас Першай сусветнай вайны велічны храм, у манастыр у Багушах і г.д.

— Таксама арганізоўваем экскурсіі па горадзе і знаёмімся з вуліцамі, якія но­сяць імёны знакамітых людзей, — працягвае настаўніца. — Напрыклад, з Насцяй Ванеевай мы працавалі над тэмай “Страчаная спадчына Смаргоні”: даследавалі праваслаўныя храмы, якія перасталі існаваць на тэрыторыі раёна. Ладзіліся ў нас і сустрэчы з мясцовым скульптарам членам Беларускага саюза мастакоў Уладзімірам Церабуном. Наша, роднае, вывучаем у першую чаргу.

А якія вышыні ў прафесійным жыцці марыць пакарыць настаўніца мастацтва? Валянціна Лукошка адказвае так:

— Я мару, каб усім маім вучням хацелася прыходзіць на мае ўрокі. Хачу правесці ўрок так, каб застацца да апошняга слоўца задаволенай сабой. І мець шмат часу, каб падрыхтавацца і правесці такі ўрок. Я не думаю пра вышыні. Самае галоўнае — гэта працаваць.

 

Источник: https://nastgaz.by/