Што новага плануецца ў выхаваўча-прафілактычнай рабоце ў наступным навучальным годзе
19.05.2023Прававое выхаванне дзяцей і правядзенне прафілактычнай работы сталі тэмай гутаркі з Аленай Сімаковай, намеснікам начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі галіновага міністэрства. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З павагай да закона
— Алена Фёдараўна, наша сістэма адукацыі напрацавала вялікі вопыт у выхаванні падрастаючага пакалення, фарміраванні ў дзяцей высокіх патрыятычных і грамадзянскіх якасцей. А які ўзровень прававога выхавання і прафілактычнай работы ва ўстановах адукацыі?
— Выхаванню як найважнейшаму складніку адукацыйнага працэсу адведзена значнае месца на ўсіх узроўнях адукацыйнай галіны. Вызначаны асноўныя вектары выхаваўчай і ідэалагічнай работы ва ўстановах адукацыі. Галоўнымі з іх з’яўляюцца выхаванне патрыёта, грамадзяніна, які ведае гісторыю сваёй краіны, паважліва ставіцца да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу. Рэалізуюцца Канцэпцыя і Праграма бесперапыннага выхавання, дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка”, у рамках якіх праводзяцца шматлікія рэспубліканскія і рэгіянальныя мерапрыемствы для дзяцей і моладзі.
Што тычыцца непасрэдна прававога выхавання дзяцей, то за мінулы год сістэмай адукацыі было арганізавана амаль 200 тысяч мерапрыемстваў, якія па сваім змесце былі накіраваны на фарміраванне ў маладых людзей павагі да закона, законапаслухмяных паводзін і прававой самасвядомасці, на выхаванне пачуцця адказнасці за свае дзеянні перад грамадствам і дзяржавай. У мерапрыемствах прававой накіраванасці прынялі ўдзел больш за мільён навучэнцаў.
— Ці ўсё так гладка ў прафілактычнай рабоце?
— Не зусім. Даныя статыстыкі за 1 квартал бягучага года, вынікі праверак і маніторынгаў, звесткі, якія паступаюць з органаў унутраных спраў, паказваюць, што гаварыць аб добранадзейнай сітуацыі, якая складваецца ў падлеткавым і маладзёжным асяроддзі, пакуль заўчасна. Негатыўныя з’явы ўсё ж існуюць, утвараючы пагрозу нашаму грамадству, а таму не могуць заставацца без увагі дзяржаўных органаў кіравання і непасрэдна нашага міністэрства. Закон Рэспублікі Беларусь ад 31 мая 2003 г. № 200-З “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх” стаіць у аснове прафілактычнай работы ў сістэме адукацыі па выяўленні і выкараненні прычын і ўмоў, якія выклікаюць здзяйсненне непаўналетнімі супрацьпраўных дзеянняў.
Гэтым пытанням прысвячаюцца пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі, рэспубліканскія семінары, сустрэчы з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, педагогамі, міжведамасныя нарады. Значнасць выхаваўча-прафілактычнай работы сёння ўсе добра разумеюць. Але не заўсёды атрымліваецца так, як задумана. Калі вывучаўся стан спраў па выхаванні і прафілактыцы правапарушэнняў у навучальных установах, то было выяўлена, што гэтая работа не заўсёды сістэмная. Канкрэтныя даты правядзення мерапрыемстваў не адлюстраваны, запланаваныя мерапрыемствы прадубліраваны. Бывае і так, што навучэнцы фармальна залічаны ў аб’яднанні па інтарэсах і спартыўныя секцыі, але іх не наведваюць. Саветы па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, якія адкрыты ва ўсіх установах адукацыі, не ўсюды працуюць эфектыўна, іншым разам існуюць для птушачкі, у іх работу не заўсёды ўключаюць профільных спецыялістаў, у тым ліку інспектараў па справах непаўналетніх. Недабраякасная і неэфектыўная работа з падлеткамі, адсутнасць індывідуальнай работы з кожным дзіцем прывялі да таго, што за 3 месяцы гэтага года колькасць злачынстваў сярод непаўналетніх вырасла.
Клопат пра кожнае дзіця
— Як бацькі задзейнічаны ў прафілактыцы правапарушэнняў?
— Пры правядзенні прафілактычнай работы ўзаемадзеянне з бацькамі павінна стаць дзейсным механізмам кантролю за паводзінамі падлетка, папярэджання ўцягвання яго ў супрацьзаконную дзейнасць. Статыстыка сведчыць, што часта падставай для правядзення індывідуальнай прафілактычнай работы ў дачыненні да непаўналетніх з’яўляюцца заявы бацькоў (апекуноў, папячыцеляў), а не толькі рашэнні судоў і пастановы камісій па справах непаўналетніх. Міністэрствам адукацыі распрацавана дарожная карта развіцця праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, у якой адлюстравана работа з бацькамі непаўналетніх, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа і якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Разам з тым вывучэнне выхаваўча-прафілактычнай работы ва ўстановах адукацыі, аналіз матэрыялаў асабістых спраў падлеткаў, якія накіроўваюцца ў спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы, паказваюць, што бацькі ўхіляюцца ад выхавання дзяцей, а ў шэрагу выпадкаў дзяржаўныя органы змяшчаюць дзяцей у прытулкі для правядзення індывідуальнай прафілактычнай работы, вызваляючы тым самым бацькоў ад адказнасці за выхаванне дзяцей.
— Занепакоенасць выклікаюць факты небяспечнага знаходжання дзяцей у нядобранадзейных сем’ях.
— Так, стала больш выпадкаў супрацьпраўных дзеянняў адносна дзяцей з боку дарослых. Такая негатыўная сітуацыя складваецца па віне сем’яў, з-за абыякавага стаўлення бацькоў, безадказных, няўважлівых адносін некаторых кіраўнікоў устаноў адукацыі да сваіх выхаванцаў.
Галоўнае ў прафілактыцы гвалту — клопат пра кожнае дзіця. Неабыякавы настаўнік, выхавальнік, класны кіраўнік павінны ўважліва ставіцца да кожнага дзіцяці. Па зменлівых, магчыма агрэсіўных паводзінах у зносінах з аднагодкамі і дарослымі, па маўклівасці і замкнёнасці можна здагадацца, што з дзіцем адбываецца нешта нядобрае, што яно апынулася ў негатыўнай сітуацыі і яго нешта турбуе.
Галоўнае — не прайсці міма, а шукаць шляхі, каб дапамагчы. Так, у адной са школ Віцебскай вобласці, дзякуючы пільнасці класнага кіраўніка і аднагодкаў, быў выяўлены факт насілля над адной з вучаніц, што прывяло да аператыўнага расследавання з боку органаў унутраных спраў. У далейшым былі прыняты неабходныя меры па пакаранні аднаго з дарослых за гвалт над дзіцем.
— Як абараніць дзяцей ад гвалту? Ці арганізавана міжведамаснае ўзаемадзеянне?
— Мы выпрацоўваем меры аператыўнага рэагавання і перабудовы работы ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, наладжваем цеснае ўзаемадзеянне з кіруючымі органамі іншых міністэрстваў і ведамстваў. Напрыклад, Міністэрствам адукацыі ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам унутраных спраў яшчэ ў 2017 годзе быў распрацаваны і накіраваны для выканання алгарытм інфармавання педагагічнымі работнікамі бацькоў, апекуноў, папячыцеляў навучэнцаў і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў аб наяўнасці прымет гвалту ў дачыненні да непаўналетніх. Міністэрствам унутраных спраў распрацаваны і даведзены да ўсіх устаноў адукацыі метадычныя рэкамендацыі па своечасовым выяўленні і інфармаванні спецыялістамі ўстаноў адукацыі, якія працуюць з дзецьмі і моладдзю, аб прыметах сексуальнага насілля і эксплуатацыі ў адносінах да непаўналетніх.
Да пачатку 2022/2023 навучальнага года ў Інструктыўна-метадычным пісьме Міністэрства адукацыі быў прадугледжаны цэлы раздзел для педагогаў па распазнаванні дзяцей — ахвяр насілля. Перад планаваннем індывідуальнай прафілактычнай работы Міністэрства адукацыі рэкамендуе праводзіць вывучэнне асаблівасцей сямейнага выхавання падлетка, яго статусу ў класе або ў вучэбнай групе, кола сяброў, існуючых рызык і схільнасці дзіцяці да паўторных супрацьпраўных дзеянняў. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі павінны вельмі ўважліва ставіцца да прафілактычнай работы, пастаянна быць у курсе ўсіх спраў у школе, настройваць на актыўную работу калектыў, знаёміць педагогаў з адпаведнымі дакументамі, сачыць за іх выкананнем.
Заваёўваць давер
— Сёння востра стаіць пытанне аб узмацненні ролі псіхолагаў у школе. Ці ўкамплектаваны гэтымі кадрамі навучальныя ўстановы?
— Нашы ўстановы адукацыі ў большасці сваёй забяспечаны педагогамі-псіхолагамі. Па стане спраў на 1 сакавіка 2023 года, забяспечанасць названымі спецыялістамі складае 89,6%. Стаўкі сацыяльных педагогаў запоўнены на 91,2%. Безумоўна, пры выяўленні ў навучэнцаў праблем псіхалагічнага характару неабходна больш актыўна ўключацца ў справу педагогу-псіхолагу. Ён павінен пільна сачыць за паводзінамі дзяцей, выяўляць прычыны зніжэння цікавасці да вучобы і школьнага жыцця, адсутнасці актыўнасці ў пазавучэбны час. На жаль, сёння некаторыя псіхолагі абмяжоўваюцца толькі рэдкімі сустрэчамі з навучэнцамі ў кабінеце. Псіхолагу трэба заваёўваць давер у навучэнскім асяроддзі, наладжваць больш цесныя кантакты з дзецьмі, праводзіць разнастайныя мерапрыемствы, гутаркі, займацца з кожным дзіцем індывідуальна, каб яно раскрывала свой унутраны стан, а не замыкалася. Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, які функцыянуе з 2019 года, штодзень апрацоўвае дзясяткі зваротаў дзяцей, якія маюць патрэбу ў псіхалагічнай дапамозе. Важна, каб кіраўніцтва навучальных устаноў аператыўна рэагавала на паведамленні спецыялістаў цэнтра, аказвала на месцах своечасовую дапамогу, а не прапускала сігнал, які можа наклікаць бяду.
— Нядаўна быў праведзены рэспубліканскі семінар “Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу”, які яшчэ раз засведчыў, што роля школьнага псіхолага ўвесь час узмацняецца.
— Пра актуальнасць тэматыкі семінара сведчаць яго маштабнасць і прадстаўніцтва. Яго ўдзельнікамі сталі запрошаныя кіраўнікі структурных падраздзяленняў абласных, гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый раёнаў, абласных (Мінскага гарадскога) сацыяльна-педагагічных цэнтраў, прадстаўнікі абласных (Мінскага гарадскога) інстытутаў развіцця адукацыі, раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць дзейнасць педагогаў-псіхолагаў, метадычных аб’яднанняў педагогаў-псіхолагаў. Былі абмеркаваны праблемныя пытанні, шляхі іх вырашэння, далейшыя дзеянні па развіцці прававога выхавання падрастаючага пакалення, узмацненні прафілактычнай работы і ролі ў ёй школьнага псіхолага.
На прафесійнай сустрэчы былі абмеркаваны пытанні неабходнасці стварэння ў школах і каледжах спрыяльнай псіхалагічнай абстаноўкі, прафілактыкі насілля сярод падлеткаў і дзяцей малодшага школьнага ўзросту, фарміравання нецярпімасці да праяў жорсткасці і насілля. Шмат увагі было ўдзелена стану спраў у замяшчальных сем’ях. Рэалізаваная ў краіне дзяржаўная палітыка сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пацвярджае сваю эфектыўнасць. 88% такіх дзяцей выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях. Задача спецыялістаў — не толькі стварыць замяшчальныя сем’і, але і забяспечыць іх пастаяннае псіхалагічнае суправаджэнне, паколькі ўвесь час ёсць рызыка адмены ўсынаўлення, вяртання ў інтэрнаты выхаванцаў замяшчальных сем’яў, перамяшчэння выхаванцаў з адной замяшчальнай сям’і ў іншую, што вельмі балюча для дзяцей, якія аднойчы страцілі родную сям’ю.
Былі таксама абмеркаваны пытанні міжведамаснага ўзаемадзеяння падчас аказання псіхалагічнай дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу. У размове прынялі ўдзел прадстаўнікі Следчага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Міністэрства аховы здароўя.
На завяршэнне сустрэчы былі зроблены высновы аб тым, што, каб не дапусціць трагічных выпадкаў з навучэнцамі, прадухіліць канфлікты ў дзіцячым асяроддзі, правесці прафілактыку гвалту, прафесійнага выгарання, патрэбна сумесная праца. Разам з тым усё гэта магчыма ажыццявіць пры ўмелым падыходзе і актыўным удзеле педагога-псіхолага. Кіраўнікам органаў кіравання адукацыяй, кожнай установе адукацыі неабходна арганізаваць своечасовае накіраванне дзяцей, бацькоў, педагогаў да псіхолага, стварыць сетку псіхалагічнай дапамогі, забяспечыць яе кадравае напаўненне.
Ва ўзаемадзеянні
— Якія меры па выхаваўча-прафілактычнай рабоце запланаваны на новы навучальны год?
— Міністэрства рыхтуе шэраг дадатковых нарматыўна-прававых дакументаў, плануюцца адпаведныя мерапрыемствы, выкананне якіх неабходна будзе няўхільна забяспечыць на месцах. Адказнасць ускладзена на кіраўнікоў устаноў адукацыі. Для папярэджання развіцця негатыўных тэндэнцый Міністэрствам адукацыі ва ўзаемадзеянні з усімі зацікаўленымі ведамствамі будуць укараняцца новая рэдакцыя Метадычных рэкамендацый па правядзенні індывідуальнай прафілактычнай работы і Нацыянальны механізм аказання дапамогі непаўналетнім, якія пацярпелі ад сексуальнага насілля. Плануюцца далейшае нарматыўнае прававое рэгуляванне функцыянавання раённых каардынацыйных саветаў па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях, механізмаў рэагавання на звесткі Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі, удасканаленне норм аб прызнанні сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей, арганізацыя кантролю за забеспячэннем іх мінімальных жыццёвых патрэб. Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі запланавалі правядзенне вучэбных семінараў для спецыялістаў устаноў адукацыі па арганізацыі індывідуальнай прафілактычнай работы.
Работа па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў непаўналетніх, насілля над дзецьмі, па абароне іх правоў і законных інтарэсаў ва ўзаемадзеянні з усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі будзе прадоўжана. Абавязковыя ўмовы дасягнення станоўчага выніку ў гэтай рабоце — добрасумленнае выкананне кожным кіраўніком і педагогам сваіх службовых абавязкаў, неабыякавасць і актыўнасць.
Ала КЛЮЙКО
Источник: https://nastgaz.by/