РУС БЕЛ ENG 中文

Міхаіл Сямёнчык: у нашых установах адукацыі вялікая ўвага ўдзяляецца прафарыентацыйнай рабоце

18.05.2023

Адукацыйная прастора Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці дынамічна развіваецца, улічваючы сучасныя тэндэнцыі. Кожны зацікаўлены кіраўнік установы адукацыі, настаўнік, навучэнец можа знайсці актуальны для сябе напрамак дзейнасці, раскрыць свой патэнцыял і самарэалізавацца. Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік упраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сямёнчык.

— Міхаіл Баляслававіч, якія асаблівасці мае арганізацыя профільнага навучання ў раёне?

— Ва ўстановах адукацыі ў красавіку — маі праводзіцца вывучэнне запытаў вучняў і іх законных прадстаўнікоў па выбары прадметаў для вывучэння на павышаным узроўні на III ступені навучання. На аснове атрыманай інфармацыі, аналізу матэрыяльна-тэхнічнай базы, кадравага патэнцыялу ўстаноў адукацыі штогод у чэрвені складаецца раённая плануемая мадэль профільнага навучання на наступны навучальны год і накіроўваецца ва ўстановы адукацыі для інфармавання навучэнцаў і іх бацькоў. Ранняе планаванне мадэлі дазваляе задаволіць запыты вучняў на вывучэнне прадметаў на павышаным і базавым узроўні. У жніўні пры неабходнасці праводзіцца яе карэкціроўка.

У 17 установах адукацыі раёна 530 навучэнцаў (68,1% ад колькасці навучэнцаў 10—11 класаў) вывучаюць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні.

Вялікая ўвага ўдзяляецца прафарыентацыйнай рабоце. Праз такія формы, як дзелавыя гульні, квесты, гульні-пагружэнні, гульні-падарожжы, фарміруецца ўсведамленне навучэнцамі сваіх інтарэсаў, здольнасцей, закладваецца ўяўленне аб прафесійных навыках. Навучэнцам прадастаўлена магчымасць уключыцца ў дапрофільную падрыхтоўку. У 7 установах адукацыі яны вывучаюць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні. Задавальняюцца запыты навучэнцаў у выбары факультатыўных заняткаў, аб’яднанняў па інтарэсах. У 2022 годзе ў сярэдняй школе № 4 Ваўкавыска арганізавана работа групы эканамічнай накіраванасці праз адкрыццё факультатыўных заняткаў “Асновы фінансавай дасведчанасці” і рэалізацыю планаў выхаваўчай работы, у сярэдняй школе № 5 Ваўкавыска — работа класа прававой накіраванасці праз рэалізацыю плана сумеснай работы з Ваўкавыскім аддзелам Дэпартамента аховы МУС. Арганізавана работа 10 профільных груп педагагічнай, 9 — аграрнай, 4 — ваенна-патрыятычнай, 3 — спартыўна-педагагічнай накіраванасці.

Для 240 навучэнцаў 10—11 класаў, якія не вывучаюць прадметы на павышаным узроўні, у межах працоўнага навучання рэалізуецца праграма прафесійнай пад­рыхтоўкі па 8 прафесіях: швачка, памочнік выхавальніка, сталяр, слесар па рамонце аўтамабіляў, тынкоўшчык, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, садоўнік, з бягучага навучальнага года арганізавана навучанне па прафесіі дэманстратар адзення.

— Як прайшоў цэнтралізаваны экзамен? Як у цэлым ацэньваеце ўвядзенне новай формы атэстацыі навучэнцаў?

— Цэнтралізаваны экзамен прайшоў арганізавана і зладжана. Навучэнцы адчувалі сябе ўпэўнена, былі псіхалагічна падрыхтаванымі да яго. Дзеці, у тым ліку і гарадскіх устаноў адукацыі, падвозіліся школьнымі аўтобусамі да месца правядзення ЦЭ. У раёне штогод на базе Ваўкавыскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы, які з’яўляецца пунктам правядзення ЦЭ, праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне. Таму пэўны вопыт маем. Спа­дзяёмся, што вучні пацвердзяць і нават павысяць свае гадавыя адзнакі.

Новая форма выніковай атэстацыі дазволіць паменшыць нагрузку на выпускнікоў. Адпадае неабходнасць здаваць два разы экзамен па адным і тым жа вучэбным прадмеце ў рознай форме. Незалежная ацэнка ведаў выпускнікоў (ЦЭ) таксама матывуе педагогаў на павышэнне якасці адукацыі, павышае адказнасць за выніковую адзнаку па вучэбным прадмеце.

— Міхаіл Баляслававіч, у кожнага настаўніка ёсць любімыя вучні. А ці ёсць любімчыкі сярод устаноў адукацыі ў вас?

— Да ўсіх устаноў адукацыі імкнуся ставіцца аднолькава. Хаця, шчыра прызнаюся, асабліва неабыякавы да тых школ, у якіх працаваў сам. Неяк больш прымаеш да сэрца іх поспехі, няўдачы, хочацца прыйсці на дапамогу, падтрымаць, даць параду. Так, Майсеевіцкая школа, у якой я пачынаў працаваць, зараз называецца сярэдняй школай аграгарадка Юбілейны. Тут захаваны традыцыі працоўнага выхавання школьнікаў. Установа цесна супрацоўнічае з мясцовай гаспадаркай і лясніцтвам, летам арганізоўваюцца працоўныя брыгады школьнікаў. Школа вылучаецца і моцнай падрыхтоўкай вучняў па нямецкай мове. Пад кіраўніцтвам Марыі Рагацэвіч яны становяцца прызёрамі трэцяга і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове.

Трапяткія адносіны склаліся і да сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска. Сёлета адразу дзве яе настаўніцы — Аксана Свістунова і Ксенія Арцюх — сталі пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2023” і будуць прадстаў­ляць Гродзеншчыну на заключным этапе. Ва ўстанове ў межах профільнага навучання функцыянуе група прафесійнай накіраванасці для арыентацыі на атрыманне педагагічных спецыяльнасцей. Працягам работы па фарміраванні ў вучняў станоўчай матывацыі да педагагічнай дзейнасці з’яўляецца дзейнасць аздараўленчага профільнага лагера з кругласутачным знаходжаннем “Настаўнік NEXT” на базе ГрДУ імя Янкі Купалы.

— Што сёння асабліва хвалюе вас як кіраўніка? Якія пытанні хацелася б вырашыць у найбліжэйшы час?

— Вельмі важна, каб вучні вызначыліся са сваім прафесійным шляхам і паспяхова справіліся з ЦЭ. На сёння актуальнымі таксама застаюцца пытанні паляпшэння матэрыяльнай базы, аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі раёна. Мару пра тое, каб настаў час, калі на сяле павялічыцца колькасць дзяцей і не трэба будзе закрываць школы. Няхай жыве і школа, і вёска! Хочацца выбудаваць эфектыўную сістэму прафарыентацыі, каб вучні маглі рабіць правільны выбар, самавызначацца. У маленькай школе кожнае дзіця на вачах і знаходзіцца пад гіпер­апекай педагогаў, у вялікай жа ўстанове, як правіла, мы бачым адораных вучняў і з пытаннямі ў паводзінах, а вось залатая сярэ­дзіна часам застаецца па-за ўвагай. Важна, каб па-за ўвагай не засталося ніводнае дзіця! Хацелася б, каб у школу прыхо­дзілі не выпадковыя людзі, а тыя, якія зрабілі выбар прафесіі ўсвядомлена. Менавіта ім працаваць з дзецьмі і ствараць нашу будучыню.

***

Міхаіл Сямёнчык родам з Ваўкавышчыны. Скончыў Ясенавіцкую базавую школу, затым — сярэднюю школу № 2 Ваўкавыска. Выбар педагагічнай прафесіі, здаецца, быў прадвызначаны лёсам. Перад вачыма хлопчыка быў прыклад маці — настаўніцы беларускай і замежнай моў, якая сваё жыццё прысвяціла дзецям. А вось цікавасць да гісторыі, да працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве, да работы з архівамі, дакументамі, картамі прывіў юнаку настаўнік гісторыі Р.Ф.Патапёнак. Паступіўшы на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Міхаіл Баляслававіч актыўна ўключыўся ў навуковую дзейнасць. Першае працоўнае месца маладога настаўніка — школа вёскі Майсеевічы. Потым ён скончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю. М.Б.Сямёнчык мае больш за 30 публікацый, выдаў манаграфію “Рабочы рух у Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд”. У 2004 годзе стаў дырэктарам Майсеевіцкай школы, а праз паўтара года — сярэдняй школы № 7, самай вялікай у раёне. У паслужным спісе педагога пасада дырэктара Ваўкавыскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы. Хутка споўніцца пяць гадоў, як Міхаіл Баляслававіч узначальвае сістэму адукацыі раёна. І як прызнаецца кіраўнік, усе ступені прафесійнага росту вельмі дапамагаюць у рабоце.

 

Источник: https://nastgaz.by/