РУС БЕЛ ENG 中文

Меркаванне: мнагамернае чытанне дазволіць рэалізаваць інтэлектуальны патэнцыял

14.04.2023

Другі год у гімназіі № 1 Ваўкавыска рэалізуецца інавацыйны праект «Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай дасведчанасці малодшых школьнікаў», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Трэцякласнікі вучацца па спецыяльных падручніках-сшытках, створаных аўтарскім калектывам пад кіраўніцтвам Святланы Гін.

— Асаблівасцю мнагамернага чытання зяўляецца павольнае, удумлівае чытанне па фрагментах, са зместу якіх узнікаюць разнастайныя заданні і пытанні, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Заяц. — На змесце прачытанага ажыццяўляюцца міжпрадметныя сувязі: дзеці атрымліваюць веды і па рускай мове, і па матэматыцы, па курсе «Чалавек і свет», прычым не ў гатовым выглядзе, а самастойна здабываюць іх, аналізуючы фрагменты з кнігі. Работа ў групах і парах садзейнічае развіццю камунікатыўных навыкаў, уменню аналізаваць пачутае, выказваць сваё ўласнае меркаванне, праводзіць самаацэнку. Падручнік-сшытак вельмі цікавы дзецям, прымушае пастаянна задумвацца, праяўляць кемлівасць, па-іншаму глядзець на звычайныя рэчы і падзеі, вучыць вылучаць гіпотэзы, шукаць прычынна-выніковыя сувязі, рабіць высновы. Пачаткоўцы пачынаюць разумець, што ўдумлівае чытанне тоіць у сабе шмат сакрэтаў.

Працуючы ў групах, малодшыя школьнікі мадэлююць схемы акварыумаў для лятучых рыбак, гуляюць у папулярную гульню «Ботл-чэлендж», дзе бутэлька з вадой (мадэль ракеты) павінна ўдала прызямліцца, вырабляюць мадэлі кажаноў на аснове самаробнай круцёлкі, алоўкаў і садавіны. Кожнае дзіця з дапамогай мнагамернага чытання можа рэалізаваць інтэлектуальны, творчы, асобасны патэнцыял.

Мэта інавацыйнага праекта — павышэнне ўзроўню сфарміраванасці функцыянальнай дасведчанасці малодшых школьнікаў шляхам укаранення тэхналогіі мнагамернага чытання. Мяркуецца, што настаўнікі-інаватары ацэняць эфектыўнасць выкарыстання гэтай тэхналогіі, распрацуюць метадычныя рэкамендацыі па эфектыўным ўкараненні яе ў масавую адукацыйную практыку.

Наталля КАЛЯДЗІЧ

 

Источник: https://nastgaz.by/