РУС БЕЛ ENG 中文

Навучэнцы Навагрудскага каледжа тэхналогій і бяспекі: «Мы любім родную мову – прыгожую і меладычную мову сінявокай Беларусі»

21.02.2023

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца дзень роднай мовы, мэтай якога з’яўляецца абарона моўнай і культурнай разнастайнасці. Матчына мова, родная мова. Менавіта так, шаноўна і ласкава, мы называем гэты бясцэнны духоўны набытак. Пра прыгажосць і багацце роднага слова, пра яго вялікае значэнне ў жыцці чалавека гаварылі навучэнцы Навагрудскага дзяржаўнага каледжа тэхналогій і бяспекі на мерапрыемстве, якое прымеркавана Дню роднай мовы.

Абудзіць у навучэнцаў каледжа цікавасць да беларускай мовы, магчыма дасціпна паказаць яе хараство і пявучасць, шматфарбнасць і дасканаласць імкнуцца выкладчыкі роднай мовы і латаратуры каледжа.

– Мова – гэта тое, без чаго не можа жыць ніводны чалавек. Ёсць людзі, якія вельмі любяць, шануюць сваю родную мову, выступаюць у яе абарону. Любяць за тое, што яна прыгожая і мілагучная. За тое, што яна самая найлепшая за ўсе мовы ў свеце… І з гэтым нельга не пагадзіцца, – адзначылі падчас мерапрыемства навучэнцы Анастасія Гладкая і Уладзіслаў Богдан. – Мы павінны берагчы нашу мову – нашу спадчыну. У кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. І вельмі дрэнна, калі чалавек забываецца пра сваю мову, не шануе яе. Родная мова – душа народа, найвялікшы нацыянальны скарб. Нам нельга забывацца пра тое, што беларуская мова – гэта мова нашых продкаў, яе павінны ведаць як дарослыя, так і дзеці, ніхто не павінен забываць родную мову.

Вядучыя разам са сваімі аднакурснікамі здзейснілі цудоўнае падарожжа па беларускіх кнігах пад агульнай назвай «Асалода чытання» і паўдзельнічалі ў моўным марафоне «Размаўляй са мной па-беларуску».

Беларускія пісьменнікі сказалі шмат шчырых слоў пра сваю родную мову, яе багацце і прыгажосць. Іх творы прасякнуты любоўю да мовы, заклапочанасцю пра яе лёс. Наш знакаміты зямляк Адам Міцкевіч называў беларускую мову самай мілагучнай і гарманічнай мовай свету, з усіх славянскіх моў найменш змененай. Так, паэт меў рацыю, беларуская мова цудоўная і вельмі прыгожая, дзякуючы мове людзі вучацца, дасягаюць пастаўленых мэт.

Навучэнцы каледжа чыталі творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, у якіх услаўляецца родная мова, а радкі напоўнены патрыятычнымі пачуццямі. Вялікі ўклад ва ўсталяванне і развіццё беларускай літаратурнай мовы, ва ўзвышэнне яе грамадскай і эстэтычнай годнасці ўнеслі Янка Купала і Якуб Колас, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч і многія іншыя пісьменнікі Беларусі.

Напрыканцы мерапыемства навучэнцы каледжа тэхналогій і бяспекі зрабілі вывад, што нам у спадчыну засталася ўнікальная мова. Мілагучная, багатая, жывая… Яна заслугоўвае таго, каб людзі яе любілі, на ёй гаварылі і пісалі.

 

Источник: https://novgazeta.by/

поделиться в: