РУС БЕЛ ENG 中文

Творчасць не мае бар’ераў

25.01.2023

У Дзятлаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі выдалася прыемная нагода.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці навучэнцаў, педагогаў і адміністрацыі ўстановы падарункі і дыплом РГА “Беларускі дзіцячы фонд” за І месца ў рэспубліканскім конкурсе выяўленчага мастацтва “Свет маімі вачамі” ад старшыні Дзятлаўскага раённага аддзялення фонду Алены Чайкоўскай атрымала Анастасія Цяцерына. Падзякай РГА “Беларускі дзіцячы фонд” адзначана яе педагог – Таццяна Малаед.

Не засталіся без прыемнага прыза ад грамадскага аб’яднання і сябры Анастасіі па ўстанове. Для сумесных гульняў ім быў уручаны мяч.

Да віншавання пераможцы далучылася і дырэктар цэнтра Марына Гуговіч – перадала юнай мастачцы набор сродкаў гігіены, сабраны ў рамках акцыі “Ёлка здароўя”, якая ладзілася ў цэнтральнай раённай аптэцы № 55 горада Дзятлава.

– Яшчэ ў красавіку 2022 года ў рамках “Тыдня дзяцінства” РГА “Беларускі дзіцячы фонд” запланаваў правядзенне конкурсу і мастацкай выставы “Свет маімі вачамі”, – расказала Алена Чайкоўская. – Удзел у конкурсе прымалі дзеці ва ўзросце 10-18 гадоў, якія засталіся без апекі бацькоў або маюць абмежаваныя фізічныя магчымасці. Конкурс быў прысвечаны Году гістарычнай памяці. Свае малюнкі або мастацкія творы прадстаўлялі юныя аматары выяўленчага мастацтва з усіх рэгіёнаў Беларусі. Наша Анастасія Цяцерына  разам з педагогам Таццянай Малаед прыняла ўдзел у намінацыі “Жывапіс”, дзе і стала пераможцай.

У студзені 2023 года ў сталіцы адбылося падвядзенне вынікаў, на якім Насця, на жаль, пабываць не змагла. Тым не менш, усе прызы былі перададзены ў раён, і мы вырашылі яе ўрачыста ўшанаваць у прысутнасці сяброў і педагогаў.

Жадаю навучэнцам раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і надалей праяўляць сябе ў творчасці, якая, як вядома, не мае бар’ераў, а галоўнае – быць шчаслівымі, адчуваць клопат і ўвагу.

 

Источник: http://diatlovonews.by

поделиться в: