ТЭМАТЫЧНЫ ТЫДЗЕНЬ "ПАЗНАЙ БЕЛАРУСЬ" У ДЗІЦЯЧЫМ САДЗЕ № 110 г. ГРОДНА
26.11.2022З 21 лістапада па 25 лістапада ў дзяржаўнай установе адукацыі "Дзіцячы сад № 110 г. Гродна" прайшоў тэматычны тыдзень, на працягу якога выхаванцаў знаёмілі з культурай, трыдыцыямі і беларускай народнай творчасцю.
Выхаванне пачуцця патрыятызму ў дзяцей дашкольнага ўзросту – працэс складаны і працяглы. Любоў да блізкіх людзей, да дзіцячага садка, да роднага горада і роднай краіны адыгрываюць вялікую ролю ў станаўленні асобы дзіцяці. У дзяржаўнай установе адукацыі “Дзіцячы сад № 110 г. Гродна” на пастаяннай аснове праходзяць мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне патрыятызму ў маленькіх грамадзян, фарміраванне павагі да роднай мовы, сваёй краіны.
Паказаць прыгажосць і багацце моўнай спадчыны беларускага народа падчас розных відаў творчасці, узнавіць назвы знаёмых з’яў, аб’ектаў і прадметаў на беларускай мове, выхоўваць пачуццё любові і зацікаўленнасці да роднага слова - гэта мэта правядзення тэматычнага тыдня “Пазнаць Беларусь”
У рамках тэматычнага тыдня “Пазнай Беларусь” педагогамі ўстановы дашкольнай адукацыі былі арганізаваны розныя мерапрыемствы, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне дашкольнікаў. Кожны дзень тыдня быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі і меў сваю тэматычную назву: “Мой родны кут, як ты мне мілы…”, “Па старонках беларускіх казак” , “Беларускія народныя гульні” , “Беларускі народны фальклор”...
На тэматычных занятках, якія праходзілі у сярэдніх і старэйшых групах, выхаванцы знаёміліся з беларускай народнай творчасцю.
У дзіцячым садку была арганізавана тэматычная выстава малюнкаў “Па старонках казак”. Хлопчыкі і дзяўчынкі адлюстравалі на паперы свае любімыя беларускія казкі.
Педагогі падрыхтавалі драматызацыі беларускіх народных казак "Кот, ліса і пеўнік", "Пых", “Каток залаты лабок”. Дадзеная форма работы садзейнічае абуджэнню цікавасці выхаванцаў да вуснай народнай творчасці. А менавіта такі від дзейнасці, як драматызацыя, вельмі прыдатны для дзяцей дашкольнага ўзросту.
Музычны кіраўнік запрасіў выхаванцаў старэйшай группы ў падарожжа па краіне Фальклор. Сумесна з педагогам хлапчукі і дзяўчынкі слухалі беларускую народную музыку, гралі на музычных інструментах, выконвалі беларускія народныя песні і танцы, а таксама гулялі у гульню “У госці”.
Самых маленькіх нашых выхаванцаў педагогі пазнаёмілі з беларускім бытам, наведваючы міні-музей беларускага быту.
Дашкольнае дзяцінства - спрыяльны перыяд для далучэння дзяцей да нацыянальнай культуры. Праца педагагічнага калектыву дзяржаўнай установы адукацыі “Дзіцячы сад № 110 г. Гродна” накіравана на выхаванне патрыятызму ў маленькіх грамадзян, фарміраванне павагі да роднай мовы, сваёй краіны.
Источник: https://ddu110grodno.schools.by