РУС БЕЛ ENG 中文

Жыццё – Айчыне, гонар – нікому! У Шчучыне прайшла сустрэча прадстаўнікоў Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча з сямікласнікамі

25.11.2022
Жыццё – Айчыне, гонар – нікому! У Шчучыне прайшла сустрэча прадстаўнікоў Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча з сямікласнікамі

Школьнікам расказалі пра ўмовы жыцця кадэтаў і іх абавязкі.

Менавіта з такім дэвізам да шчучынскіх школьнікаў на гэтым тыдні прыехалі прадстаўнікі Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча. Сустрэчу з сямікласнікамі правёў намеснік дырэктара вучылішча па вучэбнай рабоце Андрэй Аўтух, а таксама кадэты 10 і 11 класа Дзяніс Аксянюк і Арсеній Коршунаў, паведамляе dzyannica.by.

Сустрэча прайшла на базе школы № 2 горада Шчучына. На мерапрыемстве таксама прысутнічалі вучні іншых навучальных устаноў нашага раённага цэнтра.

img_7893_2.jpg

Андрэй Аўтух расказаў пра ўмовы жыцця кадэтаў і іх абавязкі. Вялікую ўвагу ён звярнуў на працэс паступлення ў вучылішча, які складаецца з некалькіх этапаў. Спачатку кандыдатам трэба прайсці псіхалагічны тэст і здаць залікі па фізічнай падрыхтоўцы. Будучыя абаронцы Айчыны павінны быць псіхалагічна і фізічна здаровымі. Затым кандыдаты здаюць уступныя экзамены па матэматыцы і беларускай ці рускай мове на выбар. Пры спрэчных сітуацыях падчас паступлення можа ўлічвацца таксама сярэдні бал школьніка.

img_7888_1.jpg

Набор у кадэцкае вучылішча праводзіцца ў восьмы клас, аднак бываюць гады, калі і ў старэйшыя класы могуць дабіраць вучняў. Стаць кадэтамі могуць як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Аднак для дзяўчынак конкурс на месца пры паступленні будзе большы.

Падчас сустрэчы госці-кадэты расказалі шчучынскім сямікласнікам пра расклад свайго дня, спартыўныя секцыі, гурткі і харчаванне.

Сваімі ўражаннямі пра вучобу ў вучылішчы з намі падзяліўся кадэт 10 класа Дзяніс Аксянюк:
 img_7911_2.jpg

– Асноўная мэта кадэцкага вучылішча – гэта выхаванне рознабакова развітай і таленавітай асобы. Навічкам цяжка ў нас вучыцца толькі першыя адзін ці два месяцы. Працэс адаптацыі праходзіць хутка, бо старэйшыя навучэнцы заўсёды прыйдуць на дапамогу. Кадэцкае братэрства адчуваецца з самага пачатку вучобы, у любой сітуацыі мы гатовыя адзін аднаму дапамагчы.

Пра бонусы для выпускнікоў вучылішча і магчымасць для школьнікаў азнаёміцца з умовамі жыцця кадэтаў нам расказаў Андрэй Аўтух: 

img_7898_5.jpg 
– У мінулым годзе мы праводзілі такія сустрэчы са школьнікамі вясной, а сёлета вырашылі зрабіць гэта раней, для таго, каб як мага большая колькасць школьнікаў ведала пра наша вучылішча. Паступіўшы да нас, можна падрыхтаваць сябе да самастойнага жыцця і ў будучым мець перавагі пры паступленні ва ўстановы адукацыі, якія забяспечваюць нацыянальную бяспеку. Скончыўшы вучылішча з сярэднім балам 7 і вышэй, выпускнік атрымлівае магчымасць паступіць у профільныя ВНУ практычна без экзаменаў. Вясной у нас будуць праводзіцца дні адкрытых дзвярэй, інфармацыя пра іх будзе размяшчацца на сайце ўстановы. Але да нас можна прыехаць і ў любую суботу. Мы з радасцю ўсім жадаючым пакажам умовы жыцця кадэтаў, нашы спартыўныя аб’екты, музей, класы. Для такога наведвання трэба толькі папярэдне нам тэлефанаваць.
 
Источник: https://grodnonews.by