РУС БЕЛ ENG 中文

“Цягнік Памяці” ў Шчучыне: у Палацы творчасці дзяцей і моладзі адкрылася фотавыстава

22.09.2022

15 верасня ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі адбылося ўрачыстае адкрыццё фотавыставы, прысвечанай міжнароднаму моладзеваму праекту “Цягнік Памяці”.

“Цягнік Памяці” – сумесны беларуска-расійскі праект, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне і Году гістарычнай памяці ў Беларусі. Акцыя праходзіла з 21 чэрвеня па 3 ліпеня. Цягам двух тыдняў 200 вучняў 10-х класаў з Беларусі і Расіі на цягніку наведалі 15 гарадоў абедзвюх краін і 12 векапомных месцаў вайсковай славы. Маршрут пачынаўся ў Брэсце і праходзіў праз Гродна, Віцебск, Смаленск, Ржэў, Вязьму, Маскву... Завяршыўся праект у Мінску акурат на Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

   

У акцыі ўдзельнічалі 15 чалавек з Гродзенскай вобласці, сярод якіх былі і прадстаўнікі нашага раёна – навучэнцы шчучынскай гімназіі Глеб Шыман і Юлія Цынгалёва. Яны прысутнічалі на адкрыцці выставы і з радасцю расказалі пра “Цягнік Памяці”, а таксама адказалі на пытанні самых цікаўных.

Выстава “Цягнік Памяці” складаецца з яскравых фотаздымкаў, якія прысвечаны знакавым этапам праекта, розным гарадам і мерапрыемствам чыгуначнага маршрута. Самыя важныя фатаграфіі пракаментавалі Глеб і Юля, іх расказы ўважліва слухалі прысутныя.

На адкрыцці фотавыставы прысутнічала шмат дзяцей, школьнікаў і выхаванцаў Шчучынскага ПТДіМ. Былі і ганаровыя госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк і намеснік начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Жанна Мецько.

Адкрыццё выставы суправаджалася музыкальным выступленнем і вершамі. Прысутныя мелі магчымасць паглядзець спецыяльны відэаролік, які паказаў самыя цікавыя моманты праекта.

 

– Гэты праект важны тым, што дапамагае моладзі захоўваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, – расказала Юлія Цынгалёва – Падчас падарожжа мы наведвалі мемарыялы, ускладалі кветкі і ўдзельнічалі ў памятных мітынгах. Вялікае ўражанне на мяне зрабіла наведванне музейнага комплексу “Дарога памяці. 1418 крокаў да Перамогі”, які сімвалізуе колькасць дзён Вялікай Айчыннай вайны. Памяць павінна жыць, таму добра, што дзякуючы фотавыставе шчучынцы таксама змогуць дакрануцца да гэтай гісторыі.

Моладзевы праект аб’яднаў хлопцаў і дзяўчат з Беларусі і Расіі, так кажа Глеб Шыман:

– Атмасфера ў цягніку была добрая, вясёлая. Я займеў шмат новых сяброў як з Беларусі, так і Расіі. Кантакт з імі не губляю, мы пастаянна перапісваемся. Я ўдзячны праекту за гэтыя новыя знаёмствы.  

 

Фотавыстава “Цягнік Памяці” ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі працягнецца да 1 кастрычніка, таму ў кожнага, хто жадае, будзе магчымасць пазнаёміцца з ёй бліжэй.

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник: https://dzyannica.by