РУС БЕЛ ENG 中文

У госці завітаў Ласосік

25.07.2022

    У межах тэматычнага тыдня “Флора і фаўна вакол нас” дашкольнікі ДУА “НПК Варнянскі яслі-сад – сярэдняя школа” Астравецкага раена знаёміліся з цікавымі фактамі пра жывёльны і раслінны свет Беларусі. На працягу некалькіх дзён юныя даследчыкі пазнавалі прыроднае багацце Радзімы падчас пешых прагулак, гульняў на свежым паветры, забаў і святаў.

         Цікавай і вельмі пазнавальнай для маленькіх дапытлівых выхаванцаў стала экскурсія ў Ласасёвы цэнтр, які размяшчаецца на базе ўстановы адукацыі. У цікавай гульнявой форме кіраўнік цэнтра Навасельская А.Ч. растлумачыла дзецям пра рыб сямейства ласосевых і пра тое, як яны звязаны з нашай мясцовасцю. Дзеці актыўна адказвалі на пытанні, адгадвалі загадкі, удзельнічалі ў інтэрактыўнай гульні. Напрыканцы кожны выхаванец атрымаў на памяць інфармацыйны буклет і дамашняе заданне: расказаць бацькам, дзе яны былі, што бачылі і што новага даведаліся.

        

 

 

    А на наступны дзень радасці выхаванцаў не было канца, бо да іх у госці завітаў Ласосік, той самы, пра якога напярэдадні яны шмат даведаліся. Ласосік прапанаваў ім цікавую гульню “Ці ведаеш ты?”, падчас якой дзеці, падзяліўшыся на каманды, выконвалі разнастайныя заданні. Выхаванцы паказалі, што ўсе яны вялікія малайцы і заслугоўваюць быць лепшымі. А Ласосік, задаволены дасягненнямі дзетак, ніяк не хацеў пакідаць дзіцячы сад і прапанаваў ім разам выйсці на прагулку, дзе яны прадоўжылі весяліцца на свежым паветры. На развітанне Ласосік падзякаваў дзеткам за добра праведзены час і паабяцаў, што абавязкова завітае яшчэ да іх у госці. А дашкольнікі свайму дарагому госцю падрыхтавалі падзяку:

                            Дарагі наш госць Ласосік,

                            Дзякуй за цікавы час.

                            Запрашаем мы ў госці,

                            ты прыходзь яшчэ да нас!!!