«Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!»: у Яслях-садзе № 43 прайшоў тыдзень беларускай мовы
25.02.2022
«Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!» – менавіта пад такім дэвізам прайшоў тыдзень беларускай мовы, прысвечаны дню народнага адзінства, у маленькіх гродзенцаў у Яслях-садзе № 43.
Амаль усе дні былі насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі. Выхаванцы знаёміліся з творамі беларускіх паэтаў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Маленькія беларусы з вялізарным задавальненнем слухалі вершы, апавяданні, вучылі беларускія песні.
У адной з груп прайшоў гульнявы занятак па выяўленчай дзейнасці «Чырвонае сонейка», дзе дзеці з цікавасцю малявалі элементы беларускага арнаменту на сурвэтках для народнага кутка. Як лічаць выхавальнікі ўстановы, падобныя заняткі не толькі развіваюць дробную маторыку рук, але і дазваляюць далучыцца да культуры роднага краю.
Акрамя таго, дзеці разглядалі прадметы народнай творчасці, саламяныя цацкі, цацкі з гліны і свістулькі... Выхаванцы з цікавасцю ўспрымаюць народнае мастацтва. Яны здольныя адчуць і зразумець яго эстэтычны густ, выразнасць і прыгажосць. Простая, добрая і вясёлая народная цацка, зробленая ў беларускіх традыцыях, выклікае ў дзяцей добрыя пачуцці.
Наведванне «Беларускай хаткі» выклікала асаблівы эмацыйны водгук у дзяцей, бо яны змаглі азнаёміцца з ладам жыцця нашых продкаў.
Скончыўся тыдзень днём лялечнага тэатра «У гасцях у беларускай казкі».
Аксана ВЕКА, выхавальнік дашкольнай адукацыі.
Фота Кацярыны Века
Источник: https://rgazeta.by