«Наша мова – гэта наша гісторыя». Супрацоўнікі аблвыканкама далучыліся да маштабнай беларускамоўнай дыктоўкі ў Міжнародны дзень роднай мовы (+відэа)
23.02.2022
Удзел у дыктоўцы прынялі супрацоўнікі аблвыканкама, усяго каля 50 чалавек.
Па добрай традыцыі ў Міжнародны дзень роднай мовы жыхары рэгіёна далучыліся да маштабнай беларускамоўнай акцыі і сталі ўдзельнікамі абласнога дыктанта. Як і звычайна, удзел у дыктоўцы прынялі супрацоўнікі аблвыканкама, усяго каля 50 чалавек.
Дыктант у аблвыканкаме прайшоў па ўсіх правілах сапраўднага экзамена і нагадаў удзельнікам школьны час: сапраўдны настаўнік, фірмовыя бланкі, ніякіх падказак і, канешне, лёгкае хваляванне. Тэкст, які прапанавалі для напісання, быў прысвечаны Году гістарычнай памяці і 140-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка Янкі Купалы.
– Мне здаецца, гэта вельма важная і неабходная акцыя. Усіх нас аб'ядноўвае наша родная Беларусь, дзе мы нарадзіліся, дзе мы выраслі самі і выхоўваем сваіх дзяцей, і няма ніякіх сумненняў, што мы павінны берагчы і шанаваць сваю родную мову, – падзялілася начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкама Кацярына Федасенка. – Зразумела, што сёння не кожны з нас размаўляе ў паўсядзённым жыцці па-беларуску, але галоўнае, што мы ведаем, беларуская мова – неад'емная частка нашай Радзімы.
Кацярына Федасенка адзначыла, што ўдзел у дыктоўцы – гэта заўсёды доўгачаканая і прыемная акцыя, у якой і яна, і яе калегі ўдзел прымаюць з вялікім задавальненнем. Дарэчы, пісаць дыктант не так складана, як здавалася б – вынікі штогод радуюць.
– Наша мова – гэта наша гісторыя, гісторыя нашых бабуль і дзядуль. І тое, як мы адносімся да роднай мовы – эквівалент таго, як мы адносімся да сваіх продкаў і гісторыі, – падзяліўся Андрэй Батура. – Я люблю і шаную родную мову і стараюся перадаць гэтую традыцыю сваім дзецям.
Напісанне беларускамоўнага дыктанта – гэта, як адзначылі ўдзельнікі акцыі, арыгінальны эксперымент, які абавязкова павінен захавацца добрай традыцыяй. Па-першае, таму, што кожны грамадзянін павінен ведаць сваю родную мову, валодаць ёй і выкарыстоўваць у жыцці. Такой пазіцыі прытрымліваецца старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вольга Сядзельнік. Дарэчы, яна прымае ўдзел у дыктоўцы не першы раз, а сёння прадэманстравала свой лепшы вынік – тэкст напісала без ніводнай памылкі.

Источник: https://grodnonews.by