У гімназіі № 6 горада Гродна прайшоў тыдзень пачатковай школы, прысвечаны нашай роднай краіне – Беларусі
28.12.2021
Першы дзень меў назву "О край мой мілы!.. Усёй душою хачу злучыцца я з табою!" Малодшыя школьнікі пагаварылі аб сваёй Радзіме, дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь, паразважалі, што можна назваць спадчынай, якая засталася нам ад нашых продкаў. На першым паверсе была аформлена тэматычная фотазона, дзе кожны жадаючы зрабіў фотаздымак. Вучні і работнікі гімназіі прынялі ўдзел у акцыі "У адзінстве – наша сіла". Сярод малодшых школьнікаў адбыўся конкурс чытачоў "Люблю мой край, старонку гэту". У групе падоўжанага дня праведзены майстар-класы "Закладка з сімвалам" і развіваючы занятак "Радзіма пачынаецца з мяне".
Другі дзень тыдня пачатковай школы называўся "Таленты зямлі беларускай". Першакласнікі даведаліся пра Францыска Скарыну, яго ўклад у кнігадрукаванне ў нашай краіне. Вучні чацвёртых класаў сабралі матэрыялы пра лепшых беларускіх вучоных, музыкантаў, мастакоў, пісьменнікаў, спартсменаў, зрабілі выставу "Знакамітыя землякі". Малодшыя школьнікі таксама мелі магчымасць праявіць свае таленты. Вучні другіх класаў прымалі ўдзел у каманднай гульні "Мая Беларусь". Дзеці з задавальненнем спаборнічалі, выконвалі заданні рознай цяжкасці. Выяўлены самыя лепшыя знатакі сярод трэцякласнікаў з дапамогай онлайн-віктарыны "Мой родны кут". Для вучняў чацвёртых класаў былі праведзены алімпіяды па матэматыцы, рускай мове, беларускай мове, прадмету "Чалавек і свет".
У трэці дзень тыдня "Беларуская скарбонка" малодшыя школьнікі дэманстравалі свае сямейныя рэліквіі, расказвалі пра рэчы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, маюць духоўную каштоўнасць. У кожнай такой рэчы ёсць свая гісторыя, у кожнай сям'і – свая памяць аб продках. Была зроблена выстава "Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына". Першакласнікі прадставілі рэцэпты беларускіх нацыянальных страў з агародніны, малака, круп, прысмакаў і напіткаў. Вучні другіх класаў сабралі матэрыял пра народныя святы (Каляды, Гуканне вясны, Купалле, Вялікдзень і Дзяды), а таксама пра рамествы: ткацтва, дрэваапрацоўку, ганчарную і кавальскую справы, саломапляценне. Трэцякласнікі даследвалі фальклор. Дзеці паспрабавалі зрабіць малюнкі да прыказак пра Радзіму, мову, сям'ю, працу, вучобу, сяброўства, каханне, прыроду. Вучні 3 "Г" класа падрыхтавалі інсцэніроўку беларускай народнай казкі "Як Міхалка гусей дзяліў". Маленькія артысты паказалі лялечны спектакль у паралелі трэціх класаў. У групе падоўжанага дня адбыўся час пацехі: дзеці з задавальненнем прынялі ўдзел у беларускіх народных гульнях. Сапраўдным падарункам была літаратурна-музычная кампазіцыя "Песні і казкі роднай зямлі", паказаная вучнямі 4 "Б" класа і іх кіраўніком Верай Быкоўскай.
Чацверты дзень пачатковай школы "Зямля пад белымі крыламі" быў прысвечаны прыродзе Беларусі. Першакласнікі ў гульневай форме разгадвалі загадкі пра жывельны і раслінны свет. Сярод вучняў другіх класаў прайшла віктарына "Беларусь мая сінявокая", дзеці пазнаёміліся з багатым мірам рэк і азер. Спаборніцтва "Перакладчык" выявіла самых лепшых мовазнаўцаў. Трэцякласнікі напісалі матэматычную дыктоўку "Беларусь ў лічбах". Вучні чацвёртых класаў спаборнічалі ў напісанні дыктоўкі "Бусел". Малодшыя школьнікі адлюстравалі беларускую прыроду, паказалі яе непаўторнасць і прыгажосць у конкурсе малюнкаў "Беларускія краявіды". Удзялілі ўвагу і ахове прыроды, пагаварылі аб ролі кожнага чалавека і дзяржавы ў зберажэнні прыродных багаццяў, успомнілі, якія расліны і жывелы занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Апошні дзень тыдня пачатковай школы быў прысвечаны нашай гістарычнай спадчыне. Вучні першых класаў правялі даследванне па тэме "Сем цудаў Беларусі". Трэцякласнікі віртуальна падарожнічалі па храмах Беларусі, наведалі гімназічны музей. Вучні другіх класаў паглядзелі прэзентацыю "Беларусь помніць", дакрануліся да гісторыі нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вучні чацвертых класаў працавалі з картай па тэме "Замкі Беларусі", віртуальна падарожнічалі па Гродна. У кожнага малодшага школьніка была магчымасць расказаць пра сваю малую Радзіму, прынесці фотаздымкі. Падведзены вынікі тыдня пачатковай школы "Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына", самым актыўным уручаны граматы.
Таццяна Галубовіч, кіраўнік МА настаўнікаў пачатковых класаў, выхавальнікаў ГПД і настаўнікаў-дэфектолагаў гімназіі № 6 г. Гродна
Источник: https://rgazeta.by