РУС БЕЛ ENG 中文

Справа агульная

10.12.2021

 

Руслан АБРАМЧЫК, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама:

— “Единица — вздор, единица — ноль, один — даже если очень важный — не поднимет простое пятивершковое бревно, тем более дом пятиэтажный”, — пісаў Маякоўскі сто гадоў назад, падкрэсліваючы важнасць калектыўных дзеянняў у вырашэнні глабальных задач чалавецтва.

А вось яшчэ адна цытата, з ХХІ стагоддзя: “Новы выклік для нас — гэта тое, што сусветныя вытворцы аб’ядноўваюцца з мэтай заваяваць рынак і пакупніка. Змены знешніх умоў і ўзмацненне жорсткасці канкурэнцыі патрабуюць новых арганізацыйных мадэлей узаемадзеяння паміж прадпрыемствамі. Таму, аб’ядноўваючы ініцыятывы прыватнага бізнесу, буйных дзяржкампаній, навукі, створым 13 кластараў у перспектыўных галінах”. Гэта тэзіс з даклада Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Рамана Галоўчанкі на VI Усебеларускім народным сходзе “Аб палітыцы эканамічнага росту”.

Кластарны падыход дазваляе фарміраваць сетку ўзаемаадносін разнастайных арганізацый у рамках пэўнай тэрыторыі для рэалізацыі канкурэнтных пераваг. Інавацыі становяцца больш даступнымі, а інвестыцыі — больш эфектыўнымі.

У сістэме адукацыі перавагі сумесных дзеянняў таксама ацанілі. Канцэнтрацыя высокатэхналагічнага абсталявання, практыка-арыентаваных методык і перадавога вопыту ў рэсурсных цэнтрах сістэмы прафесійнай адукацыі дазволіла арганізаваць сеткавае навучанне для навучэнцаў з усіх рэгіёнаў краіны. У наяўнасці — эканомія сродкаў пры больш высокіх выніках навучання, рост цікавасці прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў і вытворцаў абсталявання да супрацоўніцтва з рэсурснымі цэнтрамі.

Кластар не з’яўляецца юрыдычнай асобай. Яго ўдзельнікі захоўваюць сваю самастойнасць, абвяшчаюць адзінства мэт і ўзаемадзейнічаюць па ўсвядомленай неабходнасці — выдатны прыклад свабоды творчасці.

Кластарны падыход дазваляе фарміраваць сетку ўзаемаадносін разнастайных арганізацый у рамках пэўнай тэрыторыі для рэалізацыі канкурэнтных пераваг. Інавацыі становяцца больш даступнымі, а інвестыцыі — больш эфектыўнымі.

У Гродне дзейнічае адукацыйны кластар. У яго ўваходзяць органы кіравання адукацыяй, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі, школы, дзіцячыя сады і ўстановы дадатковай адукацыі. У рамках кластара працуюць каардынацыйны савет па рабоце з адоранымі і здольнымі навучэнцамі, універсітэцкія прадметныя школы для дзяцей, больш за 30 філіялаў кафедраў універсітэта ва ўстановах адукацыі. Штогадовыя абласныя форумы таленавітай моладзі, дыстанцыйныя алімпіяды, арганізацыя і правядзенне ўсіх этапаў ЦТ, рэспубліканскай алімпіяды па прадметах — справа агульная.

Біялагічныя веды — аб’яднальная тэма яшчэ аднаго кластара, які фарміруецца ў Гродне. Яго задача — дэманстрацыя навучэнцам усяго спектра спецыяльнасцей, прафесій, навуковых напрамкаў, якія патрабуюць паглыбленага вывучэння біялогіі як школьнага прадмета. У горадзе дзейніча­юць Інстытут біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі, медыцынскі ўніверсітэт, аграрны ўніверсітэт, у структуры Купалаўскага ўніверсітэта — факультэт біялогіі і экалогіі. Найноўшы тэхнапарк ГрДУ, лабараторыі, музеі, зносіны з выкладчыкамі, навукоўцамі, сама акадэмічная атмасфера ўстаноў здольны падняць ціка­васць да вывучэння прадмета на новую вышыню. 

Каардынуе работу гэтага кластара абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі. Сярод іншых задач — кіраванне зместам даследчай дзейнасці школьнікаў вобласці па профілях “Біялогія”, “Зялёная хімія”, “Інжынерная экалогія”, “Біятэхналогіі”. Ужо вясной сумеснымі намаганнямі будзе арганізаваны лагер для юннатаў, якія плануюць прайсці адбор у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, а таксама для тых, хто завяршыў навучанне ў дзіцячым тэхнапарку.

Мы бачым, што толькі сумеснымі намаганнямі можна павысіць выніковасць прафарыентацыйнай работы, не ўпусціць перспектыўных выпускнікоў профільных аграрных, ваенна-патрыятычных, педагагічных класаў. Ужо другі год рэалізуецца праект “Эканоміка. Асоба. Будучыня” ў Лідскім раёне. Зацікаўле­насць органаў выканаўчай улады, прадпрыемстваў усіх форм уласнасці і ўстаноў адукацыі дазволіла змяніць уяўленні настаўнікаў і школьнікаў пра характар дзейнасці прадпрыемстваў, змест прафесійнай дзейнасці прадстаўнікоў розных прафесій на сучасных вытворчасцях. А пачалі з малога — паказалі прадпрыемствы настаўнікам і дырэктарам школ, каб яны ў сваю чаргу, як відавочцы, упэўнена і пераканана даносілі інфармацыю вучням.

У выхаваўчай рабоце добрым прыкладам узгодненай агульнай дзейнасці можа служыць узаема­дзеянне з Заходнім аператыўным камандаваннем, абласным ваенным камісарыятам, ветэранскімі арганізацыямі, вайсковымі часцямі рэгіёна па фарміраванні падыходаў да работы кіраўнікоў ваенна-патрыятычнага выхавання ў школах вобласці.

Агульная справа ў лацінскай мове гучыць як “res publicae” — рэспубліка, месца прыкладання грамадскіх намаганняў. Адукацыя сапраўды з’яўляецца агульнай справай, справай, якая ўплывае на ўсё грамадства, на ўсю краіну, на ўсю нашу Рэспубліку Беларусь. Роўнасць магчымасцей, даступ­насць і якасць адукацыі — аснова грамадскай згоды.

Час праходзіць, мяняюцца формы працы, важна, каб за зменамі паспявала заканадаўства. Мы чакаем прыняцця парламентам змяненняў у Кодэкс аб адукацыі, якія замацуюць у тым ліку і формы сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, чакаем і рэферэндуму па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю. Упэўнены, што захаванне і прымнажэнне дасягненняў краіны з’яўляецца нашай галоўнай агульнай справай.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Источник:https://nastgaz.by