РУС БЕЛ ENG 中文

Разам мы зробім усё магчымае, каб нашы выхаванцы ганарыліся сваёй роднай беларускай мовай, умелі і жадалі на ёй размаўляць!

14.09.2021


Мова- душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова- жыве народ, жыве памяць продкаў. Метавіта таму абавязак усіх нас- шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту.

Хочацца нагадаць вялікую ісціну: нічога не здзяйсняецца само па сабе, без намаганняў, энтузіазму, творчасці. Гэта добра разумеюць педагагічныя работнікі ДУА “Яслі-сад № 1 г. п. Карэлічы”, працуючы над фарміраваннем у дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю. З гэтай мэтай традыцыйна па пятніцах праходзіць беларускамоўны дзець, калі кожны працаўнік установы, выхаванец і яго бацькі размаўляюць на беларускай мове. Прыемна чуць
ласкавае прывітанне “Добрай раніцы”, ветлівае звяртанне “Калі ласка”, пажаданне “Смачна есці” і г.д.

Давялося папрысутнічаць на занятку па адукацыйнай галіне “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, якое правяла выхавальнік дашкольнай адукацыі Шэўка В.В. з выхаванцамі старшай групы ў форме вандравання да бабулі Васіліны. Хлопчыкі і дзяўчынкі ахвотна расказвалі іншаземнаму госцю, якога сустрэлі па дарозе, пра нашу Рэспубліку Беларусь праз гульні “Якая ты, Беларусь”, “Жывёлы і расліны Беларусі”, “Наш герб, наш сцяг, наш гімн”. Разумець беларускую мову дапамагла госцю слоўнікавая гульня “Перакладчык”, якая вельмі падабаецца дзецям. А бабуля Васіліна расказала ўсім аб тым, як і ў якіх умовах жылі раней беларусы, якімі прыладамі працы карысталіся, якое адзенне насілі, як праводзілі народныя святы. Вельмі спадабалася дзецям выказваць свае думкі наконт сэнсу беларускіх народных прыказак і прымавак на тэму “Мой родны край” : “Кожнаму свой куток мілы”, “Няма смачнейшай вадзіцы, як з роднае крыніцы! і інш.

Педагагічныя работнікі самі добра валодаюць беларускай мовай,любяць размаўляць па- беларуску і імкнуцца прывіць гэту любоў сваім выхаванцам. Музычны кіраўнік Даніловіч Г.П. у беларускамоўны дзень агранізавала для выхаванцаў музычную гульню “Птушкі і коцік“, павадзілі “Карагод”. Падабаюцца дзецям абрадавыя песні, народныя танцы, граць на дзіцячых музычных інструментах. А вось з кіраўніком фізічнага выхавання Шавейка А.В. весела праходзяць рухавыя народныя гульні “Гэй ты, конік”, “Гарлачык” і інш. Настаўнік- дэфектолаг Сазановіч В.А. падрыхтавала для дзяцей беларускамоўнай групы, якія наведваюць пункт карэкцыйна- педагагічнай дапамогі, развіваючы дапаможнік “Гуляем і развіваемся”. Гуляючы, выхаванцы старанна выконваюць заданні па напаўненню кошыка падарункамі з агарода, падбору садавіны і агародніны на зададзены гук, пры гэтым кожнаму гульцу патрэбна правільна вымавіць гук у слове. Дадзены дапаможнік актыўна выкарыстоўваюць выхавальнікі дашкольнай адукацыі ў спецыяльна арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці з дзецьмі 5-6 гадоў,з мэтай развіцця звязнага і граматычнага маўлення .

Праца над фарміраваннем у дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасці да беларускай мовы праходзіць ў цесным узаемадзеянні з бацькамі выхаванцаў. Яны- нашы аднадумцы, актыўныя удзельнікі сумесных мерапрыемстваў. Разам мы зробім усё магчымае, каб нашы выхаванцы ганарыліся сваёй роднай беларускай мовай, умелі і жадалі на ёй размаўляць! Спадзяемся, што ў далейшым наша Радзіма папоўніцца сапраўднымі патрыётамі!

Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Яслі- сад № 1 г. п. Карэлічы” Наталія СКОК

Фотогалерея:

поделиться в: