Цікавая і карысная ідэя!
03.09.2021 У педагагічных работнікаў ДУА «Яслі - сад № 1 г. п. Карэлічы!» з'явілася ідэя даць другое жыццё дзіцячым лаўкам. У выніку, развіццёвае прадметна-прасторавае асяроддзе ўстановы папоўнілася выдатнымі дыдактычных паверхнямі з гульнямі, якія можна выкарыстоўваць з выхаванцамі ў вольны ад спецыяльна арганізаванай дзейнасці час, як у групах, так і ў час прагулкі.
Самым упадабаным для дзяцей апынуўся бізіборд - драўляная лаўка з рознымі элементамі для развіцця дробнай маторыкі рук і мыслення. Вялікая колькасць бытавых прадметаў і разнастайнасць гульнявых дзеянняў з дзверцамі, шпінгалетамі, званкамі, шнуроўкамі, выключальнікамі і кнопкамі прыцягвае ўвагу дзяцей. Акрамя таго, дапамагае засвоіць прынцып алгарытму дзеянняў: націснуў кнопку - ліхтарык загарэўся, паднёс да магніта металічную цацку- яна пацягнулася за ім, павярнуў ключык - дзверцы
адчыніліся і інш. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем праводзяць час у займальным пазнанні новага, здзяйсняюць самастойныя дзеянні з прапанаванымі прадметамі, пазнаюць свет.
Развіццю сэнсарных эталонаў, фарміраванню ўмення абследаваць прадметы рознай формы, велічыні і колеру спрыяе дыдактычная гульня «Пасадзі матылька на кветку». Дзеці актыўна імкнуцца дапамагчы матылю адшукаць кветку патрэбнага яму колеру. А вось гульня «Вусень», у якую выхаванцы старшай групы гуляюць на тэматычнай альтанцы, дазваляе ў ненадакучлівай і цікавай форме замацаваць атрыманыя на занятках па адукацыйнай вобласці «Элементарныя матэматычныя ўяўленні» веды аб колькасці прадметаў, уменні называць лічбы, выкладаць іх ў пэўнай паслядоўнасці. Вырабленыя ўмелымі рукамі творчых педагагічных работнікаў гульні дазваляюць запаліць у выхаванцаў агеньчык дапытлівасці, выклікаюць глыбокае задавальненне і палягчаюць працэс засваення ведаў.
Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Яслі -сад № 1 г. п. Карэлічы”
Наталія Скок