Дзень Незалежнасці ў дзіцячым садзе г.п.Мір
03.07.2021Дзень Незалежнасці
Дзень Незалежнасці – галоўнае свята краіны, свята ўсіх, каму дарагія нашы агульныя каштоўнасці: мір і спакой, любоў да Радзімы, жаданне працаваць для яе росквіту, добрыя адносіны да блізкіх і родных людзей. Гэтыя каштоўнасці павінны засвойвацца з маленства. Таму Дзень Незалежнасці ў дзіцячым садзе г.п.Мір адзначаецца шэрагам мерапрыемстваў.
Праз гутарку-прэзентацыю выхаванцы сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту пазнаёміліся з гісторыяй свята, даведаліся, чаму менавіта 3 ліпеня адзначаецца галоўны дзень краіны.
Затым у сярэдняй групе адбылося спартыўнае свята “Патрыётамі расцём – мір у краіне зберажом”. Юныя патрыёты каманд "Беларусачка" і "Беларусік" спаборнічалі ў шпаркасці, спрыце, вынослівасці, трапнасці, кемлівасці – якасцях, неабходных сапраўдным грамадзянам і абаронцам сваёй краіны. Спартыўныя конкурсы і эстафеты перамяжаліся прыгожымі вершамі і песнямі пра Радзіму Беларусь.
Выхаванцы старшай групы тым часам накіраваліся на цэнтральную плошчу г.п.Мір да помніка воінам-вызваліцелям, якія загінулі пры вызваленні Міра і пахаваныя ў брацкай магіле. Дзеці паклалі кветкі да помніка і ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.
Святочныя мерапрыемствы для старэйшых дашкольнікаў працягнуліся наведваннем Мірскай гарпасялковай бібліятэкі. Бібліятэкар С.В.Нечай падрыхтаваля для дзяцей забаву-віктарыну "Гартаючы старонкі гісторыі роднай краіны". Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна спаборнічалі за ганаровае званне “Сапраўдны беларус” - адказвалі на пытанні віктарыны, адгадвалі загадкі, выконвалі заданні. З цікавасцю дзеці знаёміліся з кніжнымі выставамі, размешчанымі ў бібліятэцы.
Асабліва прыцягнула ўвагу дзяцей выстава "Рэха вайны". І вядома, магчымасць прымерыць сапраўдную салдацкую каску, патрымаць у руках пляшку, кружку ...
А мультфільм 1976 года "Легенда пра стары маяк" пра ваенны час хлопчыкі і дзяўчынкі паглядзелі ў абсалютнай цішыні, так захапіў дзяцей гераічны сюжэт…
Святлана Петрыман,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Яслі-сад г.п.Мір”
Карэліцкага р-на, Гродзенскай вобл.