Напярэдадні вялікага свята - Дня Перамогі ў яслях-садзе г.п.Мір прайшла акцыя – “Белы голуб – птушка міра”
12.05.2021
"Дзень Перамогі – вельмі важнае і ўрачыстае свята, але таксама і сумнае, бо нагадвае нам пра доўгую і кровапралітную вайну. Добра, что сучасныя дзеці ведаюць пра жахі і страшныя падзеі ваеннага часу толькі праз кінастужкі, малюнкі, аповеды. Але забыцца пра тое, якою цаной дасталася перамога і мірнае жыццё, будучыя пакалення не маюць права.
Таму напярэдадні свята Перамогі выхавальнікі дашкольнай адукацыі расказваюць дзецям пра падзеі веннага часу: пра подзвігі салдатаў, якія абаранялі сваю Радзіму, пра цяжкую працу медсясцёр, якія выносілі параненых з палёў бітваў, пра подзвігі мірных людзей, што працавалі ў тыле, ствараючы ўзбраенне і неабходныя для фронту рэчы, прадукты харчавання. Нельга забываць і тых людзей, нашых продкаў, якія аднаўлялі краіну і наш пасёлак Мір з руін пасля вайны. Калі б не ўсе гэтыя людзі, не было б нас і нашага спакойнага, мірнага жыцця.
Сваімі малюнкамі, прысвечанымі Дню Перамогі, хлопчыкі і дзяўчынкі сярэдніх і старшых груп адлюстравалі павагу і пашану да ўрачыстага свята.
А яшчэ выхаванцы кожнай групы, нават самыя маленькія, зрабілі святочныя падарункі - талісманы-абярэгі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і сваіх сем’яў – вырабы белых галубоў, сімвалаў міру і спакою.
Яшчэ ў старажытнасці голуб лічыўся сімвалам урадлівасці, а пасля і міру. Менавіта белы голуб, згодна Бібліі, прынёс Ною аліўкавую галінку, якая распавядала аб прымірэнні стыхій і заканчэнні патопу. Белы голуб стаў эмблемай Першага Сусветнага кангрэса прыхільнікаў міра, які праходзіў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў Парыжы і Празе.
Таму выява гэтай птушкі вельмі сімвалічная. Няхай белыя галубы прынясуць мір і спакой у кожны дом, няхай яны аберагаюць нашу любімую краіну ад бяды і няшчасця!"
Святлана Петрыман,намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Яслі-сад г.п.Мір” Карэліцкага р-на