Вясёлая забава- добрая справа
06.04.2021
2 красавіка у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці г.п.Карэлічы выхаванцы сярэдняй беларускамоўнай групы сабраліся у памяшканні міні-музея “Спадчына” для забавы “Наша хата цудамі багата”.
Звычайна ў музеі праводзяцца заняткі альбо экскурсіі. Выхаванцы групы ўжо добра ведаюць гістарычныя аспекты і традыцыйныя асаблівасці экспанатаў на паліцах: гліняных, саламяных, драўляных , ільняных цацак і лялек- мотанак. Пра гэтыя праўдзівыя сведкі культурнай спадчыны народа дзеці даведаліся раней. Але адна справа- ведаць пра цацку, і зусім іншая- пагуляць з ёй.
Таму ў час забавы хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі расказалі вершы пра знаёмыя цацкі , але і пагулялі з саламяным пеўнікам, гліняным коцікам, ільняным конікам. Гэта дало дзецям магчымасць адчуць гульнявыя вобразы і выразіць свае ўяўленні з дапамогай дзеянняў, напоўніла мерапрыемства станоўчымі эмоцыямі і даставіла радасць.
Радасць была б не поўнай без музыкі. Для ўздыму эмацыянальнага настрою музычным кіраўніком Жукоўскай А.І. былі падабраны гульні-забавы “ Іголка”, “Хустачкі”, “ Гарлачык”, камунікатыўны танец “ Ты не стой у баку”, песні “ Весяліначка-вясна” , “Ветлівыя словы”.
Упэўнены, што забава “Наша хата цудамі багата” дапамагла нашым выхаванцам не толькі толькі весяла правясці разам час, але і ўзбудзіла цікавасць да традыцый свайго народу , гісторыі яго жыцця. Усё гэта фарміруе першыя ўяўленні пра навакольны свет, закладвае духоўны скарб, які спатрэбіцца ім у дарослым жыцці.
Таму можна сказаць, што забава- гэта добрая справа.