Падведзены вынікі абласнога конкурсу “Чытаем беларускіх класікаў”
01.04.2021
У сакавіку 2021 года прайшоў абласны конкурс буктрэйлераў “Чытаем беларускіх класікаў”, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, Івана Мележа, 125-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы. Арганізатарамі конкурсу сталі галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі.
На конкурс былі прадстаўлены 72 буктрэйлеры з 19 раёнаў Гродзенскай вобласці, а таксама з 14 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі:
І намінацыя (вучні V-VІІІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі) – 31 работа;
ІІ намінацыя 1 група (вучні ІХ-ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі) – 41 работа;
ІІ намінацыя 2 група (навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі) – 14 работ.
Буктрэйлеры, прадстаўленыя на конкурс, выкананы ў розных жанрах: мультфільм, анімацыя, слайд-шоу, відэафільм, відэапастаноўка, рэкламны ролік. Аўтары звярталіся да розных твораў класікаў беларускай літаратуры, найбольш папулярнымі былі “Злая зорка”, “Сэрца на далоні”, “Гандлярка і паэт” Івана Шамякіна, “Людзі на балоце”, “Мінскі напрамак” Івана Мележа, байкі “Дыпламаваны баран”, “Ганарысты парсюк”, “Дзед і баба” Кандрата Крапівы.
Члены журы адзначылі, што найбольш тэхнічна якасна, змястоўна і арыгінальна выкананы работы вучнямі Смаргонскага, Свіслацкага, Кастрычніцкага г. Гродна, Слонімскага, Зэльвенскага, Ваўкавыскага раёнаў, навучэнцамі ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну”. Дадзены конкурс спрыяў папулярызацыі чытання твораў, кніг беларускіх класікаў сярод моладзі праз выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій.
Лепшыя работы размешчаны на сайце Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Сардэчна віншуем пераможцаў!