РУС БЕЛ ENG 中文

Далучэнне да гісторыі і мовы

12.02.2021

 

Фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы – такая мэта пастаўлена перад установай дашкольнай адукацыі.    Цяжка знайсці больш каштоўны матэрыял па далучэнні дашкольнікаў да беларускай нацыянальнай культуры, чым аб’екты матэрыяльнай спадчыны.

Своеасаблівы музей беларускіх ручнікоў сабрала для сваіх выхаванцаў  выхавацель старшай групы Вялікабераставіцкага яслей-сада Юлія Краўцова. На працягу некалькіх заняткаў па развіццю маўлення выхаванцы вывучалі гісторыю вырабу ручніка і яго прызначэнне. Выхавацель падрабязна знаёміла дзяцей з тым, што ў старажытнасці ручнік ад самага нараджэння ўсюды суправаджаў чалавека. На яго прымалі немаўля, ім выціралі твар, насілі яго як элемент адзення, ім упрыгожвалі хату. На ручнік клалі свежаспечаны хлеб, якім разам з соллю віталі гасцей.

Сваіх выхаванцаў Юлія Валер’еўна таксама павітала хлебам і соллю на ручніку. Усе разам разглядалі асаблівасці вырабу ручнікоў. Выхавацель расказала, што ткалі ручнікі жанчыны самі дома на ткацкім станку, а потым аздаблялі іх рознымі ўзорамі і арнаментам. Дзеці здагадаліся, што найбольш часта пры вышыўцы выкарыстоўваліся чырвоны і белы  колеры. Выхавацель патлумачыла, што колеры мелі сімвалічнае значэнне: чырвоны-колер сонца, агню,цеплыні, белы- свету, вады, чысціні.  

На занятках выяўленчага мастацтва дзеці паспрабавалі самі ўпрыгожыць касцюм лялькі арнаментам і ўзорамі.

А потым рабяты запрасілі да сябе сяброў з іншых старшых груп і расказалі ім пра тое,  што даведаліся самі. А яшчэ прапанавалі пагуляць у беларускую народную гульню “Лапаточкі”.

Як быццам,  сапраўдны музей наведалі і пабылі ў ролі экскурсаводаў.          Уключэнне дзяцей у розныя віды дзейнасці спрыяе больш актыўнаму засваенню беларускамоўных слоў, заахвочвае да самастойных выказванняў на беларускай мове.

 

 

Вольга Беляня,

намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці

Вялікабераставіцкага яслей-сада

поделиться в: