РУС БЕЛ ENG 中文

Делегат VI Всебелорусского народного собрания Татьяна Шаплыко: «Необходимо поднять вопрос ответственности родителей за воспитание детей»

10.02.2021

 

Прадстаўляем яшчэ аднаго дэлегата ад Карэліччыны на шосты Усебеларускі народны сход. Знаёмцеся: дырэктар сярэдняй школы г.п. Мір імя Г.I. Сташэўскай Таццяна Шаплыка.

— Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся — гэта пра мяне, — цёпла ўсміхаецца Таццяна Ільінічна пры сустрэчы. І з гэтым не паспрачаешся: нарадзілася ў пасёлку Мір, тут скончыла школу, адсюль пайшла ў дарослае жыццё. — Заўсёды ведала, што стану настаўнікам. Таму накіравалася ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Горкага, атрымала дыплом настаўніка фізікі і інфарматыкі.

Чаму выбрала такую нетыповую для дзяўчат спецыяльнасць, адказвае проста: фізіку любіла, а інфарматыка толькі пачала з’яўляцца ў Беларусі як навука, таму было цікава асвоіць яе і выкладаць. І так амаль 30 гадоў, а здаецца, быццам учора прыйшла ў родную школу зусім юнай і нясмелай. Пачынала настаўнікам, вырасла да намесніка дырэктара, ужо 13 гадоў кіраўнік.

— Сваю работу люблю і ні разу не пашкадавала, што стала настаўнікам, — гаворыць дырэктар. — Нягледзячы на кіраўніцкія абавязкі працягваю выкладаць інфарматыку.

Менавіта на ўроках адпачываю ад адміністрацыйнай работы, зараджаюся энергіяй і зноў адчуваю сябе маладой.

Мірская сярэдняя школа — адна з самых паспяховых не толькі ў раёне, але і вобласці. Яна не раз станавілася пераможцай раённых аглядаў-конкурсаў, з’яўляецца своеасаблівым метадычным цэнтрам, сюды едуць вучыцца педагогі з усёй Гродзеншчыны. Акрамя таго, Мірская школа з’яўляецца членам асацыяцыі Адукацыі для ўстойлівага развіцця. Такой павагі ўдастоены толькі 39 устаноў адукацыі з больш чым трох тысяч беларускіх школ. Але гэта накладае і асаблівую адказнасць: патрэбна даць дзецям якасныя і трывалыя веды.
— За апошнія тры гады нам удалося ажыццявіць тры інавацыйных праекта Міністэрства адукацыі. Дзякуючы нашым музеям — гістарычнай асобы Ігнація Дамейкі і гісторыка-краязнаўчаму — мы змаглі падштурхнуць школьнікаў да пошукавай і даследчай работы. Змаглі сфарміраваць полікультурную адукацыйную прастору: нашы малыя беларусы ведаюць, што яны, як і іншыя народы, унікальныя. І ўсё гэта выхоўваецца на прыкладзе нашага шматнацыянальнага мястэчка, дзе пражывала больш за 10 нацыянальнасцей і дыяспар, — расказвае дырэктар.

Таццяна Шаплыка са сваімі намеснікамі Інэсай Пастуховай і Наталіяй Квач

Зразумела, што ў школе, дзе працуе калектыў аднадумцаў і наватараў, і вучні матываваныя на веды. Амаль 80 працэнтаў выпускнікоў паступаюць у ВНУ, з іх 80 працэнтаў на бюджэт. Добрая традыцыя школы — набор у педагагічныя класы. Ужо адбылося 4 выпускі будучых настаўнікаў. Ды і матэрыяльна-тэхнічная база не кульгае. Па лініі Міністэрства адукацыі поўнасцю абсталявалі сродкамі навучання кабінеты хіміі і фізікі. На ўзбраенні калектыву — мульціборды і інтэрнэт, карацей, вучы і вучыся на здароўе.

Таццяна Ільінічна кажа, што для ўдасканалення межаў няма. Таму перад сабой і калектывам ставіць мэту не здаваць пазіцый, а працаваць яшчэ лепш. Да таго ж трэба ўмацоўваць спартыўную базу, на стадыёне патрэбны новыя валейбольная і баскетбольная пляцоўкі. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на ўцяпленне сцен школы, на якую запланавана выдаткаваць 45 тысяч рублёў.

Таццяна Шаплыка — вопытны дэлегат высокага форуму: яна ўжо ўдзельнічала ў трэцім Усебеларускім народным сходзе.

— Я лічу, што патрэбна ўзнімаць пытанне адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей. Вядома, школа павінна выхоўваць і праводзіць прафілактычную работу, але іншым разам бацькі здымаюць з сябе частку адказнасці. Хаця ў большасці сваёй нашы бацькі — гэта нашы памочнікі і аднадумцы, і сёння я хачу сказаць ім вялікі дзякуй за разуменне і падтрымку.

Важна вучыць дзяцей працаваць у інтэрнэце, развіваць іх крытычнае мысленне, каб яны адрознівалі праўду ад фэйкаў.

Вельмі важна выхоўваць у маладым пакаленні пачуццё патрыятызму і рабіць гэта праз вывучэнне гісторыі свайго пасёлка ці горада. Лічу, што ў нашых дзяцей глыбока развіта пачуццё любові да малой радзімы. Яны добра ведаюць гісторыю і культуру пасёлка, папулярызуюць яе ў віртуальнай прасторы, распрацоўваюць турыстычныя маршруты, прапаноўваюць віртуальныя экскурсіі, ажыццяўляюць валанцёрскую дзейнасць. Як вядома, ад любові да малога пачынаецца любоў да вялікага.

 

источник: газета Полымя

поделиться в: