РУС БЕЛ ENG 中文

Сакрэт перамог – у камандзе

01.02.2021

 

Як цікава і з карысцю правесці вольны час, даведацца шмат новага, зрабіць цікавыя адкрыцці і зарабіць рэальныя грошы, ведаюць у Новаяльнянскай школе.

Настаўніцка-вучнёўскі тандэм навучальнай установы стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон 2020” у намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні”.

Інавацыйную працу на конкурсе прэзентаваў дзевяцікласнік Аляксандр Баковіч пры падтрымцы куратара – настаўніка дапрызыўнай падрыхтоўкі Сяргея Сокала.

Летась яны таксама наведвалі “Энергамарафон”, дзе сталі бронзавымі прызёрамі. Заявілі пра сябе і галоўнае – паглядзелі на патрабаванні конкурсу і ўзровень канкурсантаў.

– Па вяртанні з канферэнцыі Сяргей Уладзіміравіч прыйшоў да мяне падзяліцца ўражаннямі, – успамінае дырэктар Новаяльнянскай сярэдняй школы Марына Лашкоўская. – Ён быў вельмі натхнёны конкурсам і галоўнай узнагародай. Запэўніў: мы пастараемся, каб у наступным годзе грашовы прыз быў наш. І спраўдзіў сваё абяцанне.

Шлях да энергетычнага адкрыцця ў Новаяльнянскай школе пачаўся з іншага, біялагічнага праекта. Новае для Беларусі вынаходніцтва – помпа, якая перакачвае ваду, выкарыстоўваючы яе ж уласную энергію, – плён больш чым пяцігадовай працы школьнага калектыву даследчыкаў. Агрэгат не стваралі спецыяльна для “Энергамарафона”, помпа спатрэбілася для іншага навуковага праекта. З 2015 года выпускнік школы Ягор Сокал пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Алены Баковіч, пры тэхнічнай дапамозе педагога Сяргея Сокала грунтоўна даследваў жыццядзейнасць рыбаў, у чым дасягнуў вялікіх поспехаў. Усе практычныя работы праводзіліся на арандаваным возеры ў Карыцы, што на Дзятлаўшчыне. На чарговым этапе даследаванняў стаў патрэбен дадатковы штучны вадаём, які неабходна было запоўніць вадой. Так з’явілася задумка помпы, а затым і яе рэалізацыя. Такім чынам, дзякуючы крэатыўнасці і ідэям новаяльнянскіх школьнікаў і педагогаў, з біялагічнага праекта нарадзілася абсалютна новая работа па энергазберажэнні. Па імені самадзеючай энерганезалежнай помпы праект атрымаў назву “Вадзяное сэрца”.

– Вада качае ваду, – коратка вызначыў прынцып работы прылады адзін з яе распрацоўшчыкаў, навучэнец Новаяльнянскай школы Аляксандр Баковіч. – Нават дэманстрацыйны варыянт, “малыш” з напорнай трубой 19 міліметраў здольны перакачваць да 30 тон вады за суткі.

У сваіх даследаваннях эксперыментатары выкарыстоўвалі помпы з трубамі розных дыяметраў. Такая прылада можа паспяхова працаваць у любой прыроднай (і не толькі) лакацыі, дзе ёсць перапад узроўню вады. А гэта любая, нават невялікая рэчка ці ручэй. Помпа цікавая тым, што яна максімальна простая ў канструкцыі і выкарыстанні: стварыць яе ў школе змаглі самі навучэнцы разам з настаўнікам з падручных матэрыялаў у кабінеце абслугоўваючай працы. Агрэгат бясплатны ў сваёй рабоце: ён працуе на энергіі вады, не выкарыстоўваючы дадатковыя энергетычныя крыніцы і, у той жа час, не наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю. Такая помпа можа падняць ваду на вышыню некалькіх дзесяткаў метраў і перадаць на адлегласць больш за 5 кіламетраў. На працягу двух гадоў помпа паказала надзейнае стабільнае функцыянаванне, палегчыла правядзенне школьных эксперыментаў. Распрацоўшчыкі запэўніваюць, што такой помпе зносу няма, яна можа эфектыўна працаваць дзесяцігоддзямі.

Прэзентуючы сваё вынаходніцтва на “Энергамарафоне”, новаяльнянскія самадзейныя навукоўцы абгрунтавалі яго практычнае прымяненне ў прысядзібнай гаспадарцы – ад стварэння штучных вадаёмаў – да паліву агароду і назапашвання вады. Як адзначае навуковы кіраўнік працы Сяргей Сокал, сёлетняя работа – толькі першая прыступка ў вялікай даследчай працы. Далей – атрыманне электрычнай энергіі з дапамогай вады, з прымяненнем “Вадзянога сэрца”.

Станоўчы эфект ад яркай перамогі Новаяльнянская школа атрымае ўжо сёлета. За першае месца ў абласным этапе “Энергамарафона” навучальная ўстанова атрымае 20 тысяч рублёў, якія павінны быць абавязкова патрачаны на энергазберажэнне. Дырэктар адзначае, што гэтыя сродкі могуць быць выкарыстаны на замену вокнаў у школьным будынку або абнаўленне электрыфікацыі.

– Адзін з вядучых напрамкаў работы ў нашай школе – удзел у навукова-практычных канферэнцыях. Вынікі гэтай дзейнасці важкія: з навуковымі працамі нашы навучэнцы паспяхова прадстаўлялі школу на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях, – заўважае Марына Лашкоўская. – Калі дзякуючы конкурснай дзейнасці можна прыцягнуць фінансавыя сродкі на карысць школы, гэта з’яўляецца дадатковым стымулам для нашых педагогаў і вучняў.

Пераможцаў абласнога тура “Энергамарафона” чакае рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя. У Мінску ў каманду куратараў конкурсу да экспертаў ад навукі далучацца прадстаўнікі беларускага эканамічнага сектару. А значыць, ёсць шанец, што новаяльнянскае вынаходніцтва атрымае новае жыццё ў прамысловым маштабе.

 

источник: редакции газеты «Перамога»

поделиться в: