РУС БЕЛ ENG 中文

Як Ганна Рыбачок з Гродна спалучае любоў да спорту з жывапісам і вучыць дзяцей верыць у сябе

25.08.2026

Ганна Рыбачок з Гродна — суаўтар вучэбна-­метадычнага комплексу для студэнтаў і стваральніца школьнага фітнес­-руху для педагогаў. Яе ўрокі немагчыма ўявіць без народных гульняў, а крыніцай новых прафесійных ідэй стала ўласная творчасць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 39 імя І.Д.Лебедзева пра дзяцей і ўрокі гаво­рыць амаль без паўз. А гэтага верасня чакае асабліва: напера­дзе фінал рэс­публіканскага конкурсу “Настаўнік года”. Дыстанцыя выйшла няпростай, але, па словах суразмоў­ніцы, менавіта яна дапамагла пераасэнсаваць уласны вопыт, пазнаёмі­ла з цікавымі людзьмі і зарадзіла на няспынны рост у прафесіі.

Працуе Ганна Пятроўна ў адной з самых вялікіх школ абласнога цэнт­ра — сюды кожны дзень спяшаюцца каля дзвюх тысяч вучняў. І прызнаецца, што такі рытм цалкам адпавядае яе тэмпераменту:

— Нават летам я штодзень пера­адольваю больш за 20 тысяч крокаў і не прапускаю спартыўных падзей для педагогаў. Два гады запар станаві­лася пераможцай у дартсе на гарадской спартакіядзе педагогаў, а таксама атрымала дыплом I ступені ў лёгкаатлетычным кросе. Але для мяне галоўнае — зусім не ўзнагароды. Хутчэй магчымасць шчыра сказаць дзе­цям: “Я ведаю, як гэта — выкладвацца на ўсе сто”. Менавіта асабісты прыклад дапамагае стаць для вучняў аўтарытэтам, а не проста чалавекам са свістком.

Больш за 20 гадоў назад педагогіку яна выбрала з-за любові да спорту. Без цяжкасцей паступіла ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Пасля размеркавання ў родны Ваўкавыск першы прафе­сійны вопыт сумяшчала з далейшай вучобай: атрымала юрыдычную аду­кацыю, скончыла магістратуру і аспі­рантуру, нейкі час далучала да спорту і здаровых звычак студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта. Але сваім другім домам называе ўсё ж 39-ю школу Гродна, а вучняў 5, 6 і 7 класаў — вялікай вучнёўскай сям’ёй:

— У гэтых дзяцей вяду ўрокі з 1 класа. Здаецца, зусім нядаўна вучыла іх скакаць праз скакалку ў пачатковай школе, а цяпер тыя маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі ўпэўнена даганяюць мяне ў росце. Яны даўно не баяцца спытаць: “Ганна Пятроўна, а які ў вас сёння колер настрою?” А я на такое пытанне заўсёды адказваю: “Сёння мой колер — радасць”. І яны гэта счытваюць.

На яе ўроках няма загаднага тону — ёсць давер і права выбару. Падчас размінкі вучні часта вырашаюць самі, скакаць сёння праз скакалку ці пераадольваць паласу перашкод.

Ганна Рыбачок пераканана: прымушаць займацца фізкультурай — значыць страціць палову эфекту. Працуе толькі асабісты прыклад і захопленасць.

Калі настаўнік лёгка выконвае практыкаванне сам і заўсёды прапануе некалькі відаў спартыўнай актыўнасці на выбар, у дзіцяці не застаецца аргументаў для ляноты.

— Мне здаецца, галоўны навык, які важна выхаваць на маіх уроках, — гэта пастаяннае імкненне да поспеху. Поспеху ў здачы нарматыву, у каманднай гульні, на спаборніцтвах. Са спартыўнай плоскасці такая ўстаноўка даволі хутка пераносіцца на ўсе астатнія сферы, — упэўнена педагог.

Адчуць гэты поспех на яе ўроках можа нават самае неспартыўнае дзіця. Невысокі вынік Ганна Пятроўна заўсёды параўноўвае з ранейшымі дасягненнямі таго ж вучня. Галоўнае — убачыць рух наперад і зразумець, куды ісці далей.

— Пытанне, як зрабіць звычайнае цікавым, задаю сабе вельмі часта. З папраўкай на кліпавае мысленне сучасных дзяцей стараюся на кожных занятках арганізаваць хуткую змену відаў дзейнасці, — гаворыць настаўніца. — Дапамагаюць, напрыклад, арганізаваныя па прынцыпе кругавой трэніроўкі практыкаванні ці тэматычныя квесты з пошукам наступнага спартыўнага задання. У планах — пабудаваць дынамічны ўрок ці асобны яго элемент на сюжэце добра знаёмай маім шасцікласнікам камп’ютарнай гульні “Марыа”. Думаю, такі падыход выкліча цікавасць нават у самых лянівых маіх спартсменаў. (Усміхаецца.)

За 20 гадоў у прафесіі яна зразумела галоўнае: настаўнік не проста вучыць бегаць і скакаць. Ён вучыць быць шчаслівым у руху.

Аднак дзецям гатовых рашэнняў Ганна Пятроўна не дае. Ёй важна, каб вучні самі адчулі, што фізкультура дадае сіл і ўпэўненасці ў сабе.

Што да эксперыментаў, то іх нас­таўніца з 39-й школы Гродна не баіцца. Два гады назад уключылася ў інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў праз інтэграцыю вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці. Разам з калегамі стварыла картатэку беларускіх народных гульняў і адаптавала іх для розных этапаў заняткаў.

— Гэта тое, што насычае ўрок, робіць яго яркім, — адзначае сураз­моўніца. — У народных гульнях няма строгіх правіл, але яны прымушаюць думаць і пашыраюць кругагляд. А галоўнае — у эпоху татальнай глабалізацыі і гаджэтаў паказваюць дзецям, што наша культура жывая і праяўляецца нават у руху.

На абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства галоўным акцэнтам урока ў незнаёмым класе настаўніца зрабіла дасягненне вядомага спартсмена, які нарадзіўся на Гродзеншчыне. Паводле праграмы, трэба было азнаёміць вучняў з тэхнікай пера­дачы мяча ў баскетболе — і асаб­лівасці гэтага гульнявога віду спорту ў Ганны Пятроўны пераплялiся з гісторыяй легендарнага Івана Ядэшкі. Дзеці не проста вучыліся перадаваць мяч — яны дакрануліся да легенды і разам са спартыўным навыкам засвоілі цікавую гісторыю залатога паса Івана Іванавіча.

— Мне неверагодна пашанцавала: з самапрэзентацыяй на абласным этапе я выступала ў родных сценах — у ваўкавыскай гімназіі № 1, дзе калісьці вучылася сама. Гэта адразу зняло лішняе хваляванне. Але сапраўдныя эмоцыі ахапілі, калі ў зале ўбачыла Марыну Іванаўну Рынду, майго класнага кіраўніка. На вачах выступілі слёзы… Столькі гадоў прайшло, мы абедзве змяніліся, але адчуць такую падтрымку ад роднай зямлі — гэта было проста неверагодна, — успамінае Ганна Пятроўна.

Да фіналу конкурсу яна ішла ра­зам з цэлай камандай калег і аднадумцаў. У гэтым пераліку асаб­ліва вылучае намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Ганну Антонаўну Богдан. Была за кожным выступленнем і надзейная сямейная падтрымка. Даведаўшыся пра конкурс, муж адразу сказаў: “Пагаджайся, гэта будзе цікава”.

— І ён праходзіць гэты марафон разам са мной, — дзеліцца Ганна Пятроўна. — Адчуваў усе перажыванні, не прапусціў ніводнага выступлення, падтрымліваў парадамі. А на фінале абласнога этапу з’явіўся ў зале з букетам, які я ледзь абхапіла рукамі.

Вельмі цёплай аказалася і зварот­ная сувязь ад вучняў і іх бацькоў. Адна мама падзялілася фразай, якая стала для педагога яшчэ адным якарам у прафесіі: “Мой сын можа за­быць сшытак, але са спартыўнай формай так ніколі не зробіць. Калі вы зноў паедзеце на конкурс, дома мы чарговы раз стомімся ад пастаяннага пытання, калі ж вы вернецеся”.

Уменне захапіць дзяцей сваім прадметам — не адзіны талент Ганны Пятроўны. Яна з’яўляецца суаўтарам электроннага вучэбна-метадычнага комплексу для студэнтаў спецыяль­насці “Фізічная культура”. Карысным ён можа быць і для педагогаў.

— Дзякуючы гэтаму дапаможні­ку педагогі могуць убачыць дзіцячую эталонную тэхніку ў адпаведнасці з узростам, — тлумачыць яна. — Звычайна ў метадычнай літаратуры аўтары арыентуюцца на адточаную да дробязей тэхніку дарослых спартсменаў. Але дзіцяці паўтарыць такія элементы практычна немагчыма. Мы пайшлі іншым шляхам: зафіксавалі, як правільна бяжыць, скача і рухаецца вучань кожнага канкрэтнага ўзросту — з 1 па 11 клас, з улікам усіх фізіялагічных нюансаў.

Галоўная перавага вучэбна-метадычнага комплексу — багаты відэакантэнт, які можна выкарыстоў­ваць адразу на ўроку. Калі ў зале ёсць праектар, відэа выводзіцца на сцяну. Настаўнік у любы момант спыняе кадр, пераводзіць яго ў пакрокавы фармат і дэталёва разбірае рух.

— Дзіця бачыць правільны прыклад і разумее: калі гэта зрабіў яго аднагодак, значыць, і я змагу, — дзеліцца педагог. — Ці параўноўваем тэхніку: “Глядзі, як высока паднята калена на відэа. А цяпер паглядзім, як гэта робіць Міша. У Мішы пакуль крыху ніжэй”. Выдатны спосаб дапамагчы дзецям убачыць свае недахопы.

Спартыўную захопленасць Ганна Пятроўна сумяшчае яшчэ і з творчасцю. Па-сапраўднаму адпачывае, калі піша карціны алеем:

— Маляваць любіла заўсёды, і многія знаёмыя не раз бачылі мяне з блакнотам для скетчынгу ў руках. Малюнкі ў ім былі ў асноўным чорна-белымі, але аднойчы мне захацелася дадаць фарбаў свайму захапленню. Запісалася на курсы, азнаёмілася з тэхнікай алейнага жывапісу. Дома ў мяне цяпер свая карцінная галерэя.

Яе творчы почырк можна ўбачыць і ў школе — Ганна Пятроўна размалявала сцены трэнерскай для настаўнікаў фізічнай культуры.

— Маё жыццё праходзіць у вельмі хуткім рытме, і творчасць — найлепшы спосаб запаволіцца. Хоць рух нікуды не знікае нават з карцін: то дзяўчына ў сукенцы едзе на веласіпе­дзе, то балерына застывае ў складаным элеменце… Невыпадкова ж я часта кажу вучням: паглядзіце ўважліва на гімнаста, баскетбаліста ці бегуна на дыстанцыі. Няўжо гэта не мастацтва? Рухі чалавечага цела — гэта жывая і дынамічная графіка, якую малюе само жыццё, — падсумоўвае размову Ганна Рыбачок.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: