РУС БЕЛ ENG 中文

«Кінастудыя АЛЬФА: перазагрузка», «ДОБРАград», «Сталіца Права» — яркія змены і непаўторныя эмоцыі лагера «Касмадром»

19.08.2026

 

Канікулы ў аздараўленчым лагеры “Касмадром”, што непадалёк ад Шчучына, традыцыйна напоўнены яркімі эмоцыямі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дацягнуцца да зорак

“Касмадром”  адкрыўся яшчэ ў 1969 го­дзе ў вёсцы Ашуркі і больш за палову стагоддзя кожнае лета прымае выхаванцаў. Попыт на пуцёўкі павышаны. У лагер прыязджаюць школьнікі з раёна і розных куткоў Беларусі, у тым ліку з Мінска і Гродна. Многія выхавальнікі і важатыя — былыя выхаванцы праверанага часам летніка. Яны перадаюць традыцыі “касмічнага” адзінс­тва і моцнага сяброўства з пакалення ў пакаленне.

На бетоннай сцяне каля ўвахода ў лагер — велізарная выява касманаўта, які цягнецца да зорак. Пасля таго як Марына Васілеўская пакарыла космас, хлопчыкі і дзяўчынкі зрабілі гэтае месца інстаграмным. Адмысловую атмасферу ствараюць і малыя архітэктурныя формы: казачныя змейка, паравозік, скульптуры мядзве­дзяў пад хвоямі-волатамі, яркі цвецік-сяміцвецік, стыльныя летнія альтанкі… Усё гэта зроблена рукамі вучняў і педагогаў раёна, членамі маладзёжнага парламента ў рамках акцыі “Моладзь у дзеянні: разам уладкуем “Касмадром”, абвешчанай аддзелам адукацыі Шчучынскага райвыканкама. Адным з аб’ектаў, які з’явіўся ў лагеры ў гэтым сезоне, стала новая альтанка — падарунак дзецям ад добрых людзей.

— Сёлета адпачынак у лагеры арганізаваны ў пяць змен для больш як 600 хлопчыкаў і дзяўчынак, — расказвае начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі. — Райвыканкам, аддзел адукацыі, раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў пры ўдзе­ле кіраўніцтва і калектываў устаноў адукацыі — усе разам, талакой, зрабілі ўсё магчымае, каб стварыць неабходныя ўмовы для пражывання і адпачынку дзяцей.

Пяць змен — пяць галактык

“Касмадром” вабіць і сваімі профільнымі зменамі.

— Нашы дні ў лагеры непадобныя адзін на другі, — зазначаюць дзеці. Дзіўна, але тэлефоны і сацсеткі ў лагеры — тэма непапулярная, хоць інтэрнэт тут добры.

— У нас створаны бацькоўскія чаты, дзе таты і мамы бачаць, чым заняты нашы выхаванцы, — тлумачыць дырэктар лагера Алена Нагорава. — Тэлефоны выдаюцца дзецям два разы ў дзень на паўга­дзіны. Такая мадэль узаемадзеяння даўно адпрацавана ў лагеры і ўсіх задавальняе. Дэфіцыту зносін ніхто не адчувае.

Сапраўды, “Касмадром” напоўнены рухам і галасамі дзяцей. Заўважаю, што ў альтанцы хлопчыкі і дзяўчынкі нешта заўзята абмяркоўваюць з выхавальнікам. Тым часам выхаванцы суседняга атрада малююць. Справай заняты і старшы атрад: рэпеціруе творчы нумар. На валейбольнай пляцоўцы кіпяць эмоцыі, на турніках — чарговы этап спаборніцтва. Тут горача не ад сонца, а ад сяброўскай падтрымкі і гучных апладысментаў.

Бацькам не варта хвалявацца і пра харчаванне сваіх дзяцей: кухары радуюць разнастайным меню. Лепшы доказ цудоўнага смаку страў — пустыя талеркі пасля яды. Дарэчы, харчаванне ў лагеры пяціразовае. А значыць, сіл у дзяцей хапае на ўсё.

“Касмадром” прызнаны пераможцам рэспубліканскага конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер 2023 года і ўзнагароджаны Ганаровай граматай Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

Лагер настолькі запатрабаваны, што адно толькі згадванне пра яго выклікае ў дзяцей мноства станоўчых эмоцый. Вядома, за ўсім гэтым — згуртаваная праца калектыву прафесіяналаў.

Выхавальнікі — людзі вопытныя. У іх ліку 23 педагогі мясцовых школ і Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Усе пяць змен у “Касмадроме” выдаліся не проста насычанымі, а па-сапраўднаму спартыўнымі, творчымі, інтэлектуальнымі.

Педагогі ахвотна прыгадваюць чэрвеньскія вучэбна-палявыя зборы ваенна-патрыятычнай змены “Па вайсковым статуце”, на якіх дзесяцікласнікі адчулі смак армейскага жыцця, праверылі сябе на кемлівасць і сяброўства падчас гістарычных квестаў і паходаў. Чаго толькі вартыя экскурсіі на 116-ю гвардзейскую авіябазу ў Лідзе, майстар-класы з пагранічнікамі!

Змена мастацкага профілю мела назву “Кінастудыя АЛЬФА: перазагрузка”. Выхаванцы атрымалі ўнікальную магчымасць стаць акцёрамі і суаўтарамі сцэнарыя ўласнага серыяла.

Яркае жыццё ў “Касмадроме” працягнулася на змене сацыяльна-педагагічнага профілю “ДОБРАград” пад дэвізам “Валанцёрства: дабрыня ў дзеянні”.

Адметнасць змены “Сталіца Права” — яе сацыяльна-эканамічны профіль. Выхаванцы адправіліся ў захапляльнае падарожжа па гульнявым горадзе. Каб перамясціцца з аднаго маршрутнага пункта ў другі, атрады набывалі праязныя білеты праз актыўны ўдзел у мерапрыемствах дня. Дзеці даведаліся шмат новага і цікавага са сферы права. Да таго ж пагутарылі з прадстаўнікамі розных дзяржаўных структур, пашырылі свае ўяўленні пра іх дзейнасць, абмеркавалі пытанні бяспекі, законапаслухмяных паводзін і адказнасці непаўналетніх.

І нарэшце, апошняя змена — турысцка-краязнаўчага профілю “Пазнай краіну”! Выхаванцы набылі шмат ведаў падчас гульняў, гістарычных экскурсій і сустрэч з цікавымі людзьмі.

Сіла прыцяжэння

— У чым сакрэт прывабнасці “Касмадрома”? — развітваючыся, цікаўлюся ў хлопчыкаў і дзяўчынак.

— Нам тут усё падабаецца! Мерапрыемствы настолькі цікавыя, што хочацца паўдзельнічаць у кожным з іх. Сумаваць тут не даводзіцца! — расказвае камандзір першага атрада Парыс Петкевіч.

— Мы кожны дзень у чаканні чагосьці новага і цікавага, — дадаюць атрадаўцы. — Нашы педагогі — самыя лепшыя: не лічацца са сваім часам, у любой справе — разам з намі. Тут усё як у вялікай, дружнай сям’і!

— Галоўны паказчык якасці работы для нас — гэта тое, што дзеці ахвотна вяртаюцца сюды на наступны год, — рэзюмуе Алена Вадзімаўна.

Між іншым, у лагеры склалася яшчэ адна цудоўная традыцыя — разам ства­раць фотаальбомы змен, у якіх адлюстроўваюцца яркія эмоцыі і “касмічная” атмасфера летняга адпачынку дзяцей. Кожны кадр — свая гісторыя ў галактыцы незабыўных успамінаў пра “Касмадром”.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: