Вольга Шпак: каб натхняць вучняў на рост, настаўнік сам павінен жыць па прынцыпе «шукаць, спрабаваць і развівацца»
13.08.2026Падтрымка калег ратуе ад выгарання і матывуе рухацца наперад — менавіта гэта дапамагло настаўніцы іспанскай мовы гімназіі № 2 Ваўкавыска Вользе Шпак стаць фіналісткай конкурсу “Настаўнік года”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Натхняльны калектыў
Калектыў названай навучальнай установы заўсёды на перадавых пазіцыях. Міжнародныя праекты, інавацыі, конкурсы, фестывалі педмайстэрства — усё гэта прысутнічае ў штодзённай дзейнасці педагогаў гімназіі, бо яны на чале з дырэктарам Аляксандрам Лічыкам не баяцца ставіць перад сабой амбіцыйныя, але дасягальныя мэты. Заканамерна, што не змаглі прайсці і міма конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Тым больш што ў 2017-м конкурсны алімп змагла пакарыць таксама настаўніца іспанскай мовы Юлія Касталомава, якая ў фінале стала лепшай у сваёй намінацыі. Канечне, Юлія Уладзіміраўна дзялілася сваім вопытам і натхніла калег — акрамя Вольгі Шпак, гімназію № 2 Ваўкавыска на рэспубліканскім этапе прадстаўляе і настаўніца матэматыкі Вольга Антропава.
Сёння ж у цэнтры ўвагі — Вольга Шпак, якая, дарэчы, і сама вучылася ў гэтай гімназіі, таму дакладна ведае, што педагогі тут заўсёды падтрымаюць калегу. Вольга Сяргееўна ўвесь час у руху і развіцці. Дзеля прафесійнага росту яна ўдзельнічае ў пасяджэннях метадычных аб’яднанняў, конкурсах, праводзіць майстар-класы, вучыцца ў вопытных калег. Сярод перспектыўных адукацыйных трэндаў настаўніца вылучае адаптыўнае навучанне з элементамі штучнага інтэлекту для персаналізацыі заданняў і гейміфікацыю для зніжэння моўнага бар’ера. Гэтыя інструменты дапамагаюць рабіць урок крыніцай новых магчымасцей для вучняў.
Вольга Сяргееўна лічыць, што сучасны настаўнік павінен быць мабільным, каб хутка адаптавацца да змяненняў і новых тэхналогій, і абавязкова эмпатычным.
— Настаўніку трэба стварыць такую атмасферу на ўроку, у якой вучань не баіцца памыляцца, бо заўсёды атрымае падтрымку. Яшчэ важна быць лічбава адукаваным і развіваць крытычнае мысленне. Як, зрэшты, і імкненне да самаадукацыі, бо, каб натхняць вучняў на рост, настаўнік сам павінен жыць па прынцыпе “тварыць, спрабаваць, шукаць і развівацца”, — адзначыла фіналістка конкурсу.
Лінгвістычныя і камунікатыўныя кампетэнцыі
Менавіта па гэтай прычыне ў яе арсенале з’явілася методыка CLIL.
— Пры выкарыстанні гэтай методыкі замежная мова перастае быць ізаляваным прадметам і становіцца інструментам пазнання свету: праз замежную мову навучэнцы засвойваюць прыродазнаўчанавуковыя і фінансавыя паняцці, вучацца працаваць з аўтэнтычнай інфармацыяй і прымяняць веды ў рэальных сітуацыях. Такі падыход развівае не толькі моўную, але і функцыянальную адукаванасць, дазваляючы навучэнцам бачыць узаемасувязь вучэбных прадметаў і выкарыстоўваць мову як ключ да разумення сучаснага свету, — патлумачыла педагог.
Прадметна-моўнае інтэграванае навучанне (ад англійскага CLIL — Content and Language Integrated Learning) падразумявае вывучэнне прадмета праз замежную мову. Тэрмін CLIL увёў доктар філасофіі Дэвід Марш у 1994 годзе.
— Выкарыстанне CLIL накіравана на дасягненне дзвюх мэт: засваенне прадметнага зместу вучэбнага прадмета і непасрэдна замежнай мовы. У самым шырокім сэнсе пад CLIL разумеецца дыдактычная методыка, накіраваная на фарміраванне ў навучэнцаў лінгвістычных і камунікатыўных кампетэнцый на няроднай мове ў тым жа вучэбным кантэксце, у якім у іх адбываецца фарміраванне і развіццё агульнавучэбных ведаў і ўменняў на роднай мове. У кантэксце сучаснай беларускай мадэлі адукацыі методыка CLIL не можа быць прыменена ў чыстым выглядзе, бо прадметы прыродазнаўчанавуковага цыкла выкладаюцца на дзяржаўных мовах. Аднак навучанне, пабудаванае на прынцыпах CLIL, дазваляе паспяхова развіваць розныя віды функцыянальнай адукаванасці на ўроку замежнай мовы. Гэтую методыку пачынаю прымяняць з другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, — расказала Вольга Сяргееўна.
Выкарыстоўваючы прадметна-моўнае інтэграванае навучанне на ўроках іспанскай мовы, педагог ставіць канкрэтную мэту — навучыць дзяцей прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Якім чынам? З дапамогай кампанентаў згаданай методыкі.
Кампанент Content (“Змест”) — гэта веды (прадметны змест), паняцці, факты і прынцыпы з вучэбных дысцыплін (геаграфіі, біялогіі, гісторыі, фінансавай адукаванасці і інш.), якія вучні засвойваюць на іспанскай мове. Гэта не ўмоўны ўрок геаграфіі на іспанскай, а вывучэнне геаграфіі праз іспанскую мову як інструмент пазнання. Гэты кампанент з’яўляецца сэнсавай асновай урока і стварае міжпрадметныя сувязі, фарміруючы ў дзяцей цэласную карціну свету замест фрагментарных ведаў па асобных дысцыплінах.
— У 6 класе на ўроку па тэме “У прыроды няма дрэннага надвор’я” (у якасці дамашняга задання дзеці вывучалі лексіку па тэме “Надвор’е”) мы працуем з фатаграфіямі сонечнага Мадрыда і дажджлівага Сант’яга. Навучэнцы ў парах фармулююць парады турысту, апісваючы пагодныя ўмовы і складаючы спіс неабходных рэчаў, што развівае ўменне выкарыстоўваць розныя крыніцы ў вучэбна-пазнавальных мэтах, працаваць з тэкставай і графічнай інфармацыяй, вылучаць галоўнае (гэта задачы вучэбнай праграмы па замежнай мове) і стымулюе развіццё эмацыянальна-вобразнага мыслення, творчых здольнасцей, якія дапамагаюць вырашаць задачы па вучэбным прадмеце “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”, — прывяла прыклад педагог.
Кампанент Communication (“Камунікацыя”) рэалізоўваецца праз сучасныя формы навучання, якія характарызуюцца высокай камунікатыўнай скіраванасцю і актыўным уключэннем школьнікаў у вучэбную дзейнасць.
— Гэты кампанент падразумявае выкарыстанне інтэрактыўных форм работы, арганізацыю даследчай і праектнай дзейнасці. Быў распрацаваны шэраг міні-праектаў, якія могуць прымяняцца на этапе кантролю ведаў або на ўроках удасканалення навыкаў маналагічнага маўлення. Напрыклад, у 8 класе падчас вывучэння раздзела “Грошы” вучні выконваюць праект Mi negocio (“Мой бізнес”). Яны прыдумваюць ідэю малога бізнесу (кафэ, магазін, анлайн-сэрвіс), апісваюць выдаткі (gastos) і даходы (ingresos), рыхтуюць прэзентацыю. У 9 класе пры вывучэнні раздзела “Прырода і клімат” навучэнцы ствараюць праект Reciclaje en mi escuela (“Перапрацоўка ў маёй школе”). Яны складаюць план сартавання адходаў у школе, малююць плакаты на іспанскай мове, — падзялілася Вольга Сяргееўна.
Падчас работы з кампанентам Cognition (“Пазнанне”) навучэнцы атрымліваюць магчымасць прымянення прыродазнаўчанавуковых і фінансавых ведаў, уменняў і навыкаў у рэальных жыццёвых сітуацыях.
— На сваіх уроках я выкарыстоўваю заданні і практыкаванні, якія вучаць дзяцей самастойнаму пошуку, аналізу і сінтэзу інфармацыі, дапамагаюць фарміраваць уласнае меркаванне, якое абапіраецца на пэўныя факты. Напрыклад, у 7 класе падчас вывучэння раздзела “Пакупкі” прапаную навучэнцам прааналізаваць рэкламныя аб’явы — іспанскія рэкламныя тэксты з акцыямі і скідкамі. Трэба растлумачыць, што канкрэтна прапануецца ў аб’явах, і выбраць найбольш выгадную ідэю. У 8 класе пры правядзенні ўрокаў у межах вывучэння раздзела “Падлеткі” арганізоўваю круглы стол па тэме “Інвестыцыі ў адукацыю”. Навучэнцы абмяркоўваюць, чаму важна ўкладаць грошы ў навучанне, і выконваюць заданне: скласці аргументы за і супраць на іспанскай мове.
Падчас вывучэння кампанента Culture (“Культура”) будую на ўроках дыялог культур, у цэнтры якога — родная Беларусь. Работа заснавана на параўнанні геаграфічных аб’ектаў, традыцый, звычаяў. Вучні выконваюць заданні, дзе прадстаўляюць сваю краіну іспанамоўнаму суразмоўніку: “Мая Беларусь”, “Мой родны горад”, “Нацыянальныя святы Беларусі”. Такі падыход не толькі развівае моўныя навыкі, але і фарміруе ў навучэнцаў пачуццё ўласнай годнасці, патрыятызму і павагі да культурнай разнастайнасці свету — праз усведамленне каштоўнасці сваёй ідэнтычнасці. Акрамя таго, я стварыла сайт “Раскажы па-іспанску пра родную Беларусь”, які працягвае напаўняцца матэрыяламі, — падсумавала настаўніца.
***
— Конкурс — гэта рост, сталенне ці натхненне?
— Напэўна, усё адразу. Конкурс стаў не проста спаборніцтвам, а магутным імпульсам да глыбокай рэфлексіі, пераасэнсавання свайго вопыту і пошуку новых форм педагагічнай дзейнасці. Падрыхтоўка да яго прымусіла структураваць усё лепшае, што было назапашана за гады практыкі, а ўдзел у ім адкрыў магчымасці для дыялогу з лепшымі педагогамі краіны, абмену ідэямі і метадычнымі знаходкамі.
— Магутны матыватар для вас — гэта…
— Мае вучні, іх шчырая цікавасць, калі яны з бляскам у вачах прамаўляюць фразы на іспанскай і іх смеласць не баяцца памылак. Кожны іх поспех, нават маленькі, упэўнівае ў правільнасці майго прафесійнага выбару. Бачыць, як яны растуць, вучацца новаму, спраўляюцца з цяжкасцямі, — самы магутны штодзённы матыватар.
— Што можаце параіць маладым спецыялістам, якія прыйдуць у школы 1 верасня?
— Па-першае, не баяцца памылак — ні сваіх, ні вучняў, бо менавіта праз іх адбываецца сапраўдны рост і фарміруецца давер у класе. Па-другое, слухаць вучняў: іх інтарэсы, пытанні і энергія — лепшы арыенцір для пабудовы жывога ўрока. Па-трэцяе, раю знайсці тую прафесійную супольнасць, дзе можна дзяліцца цяжкасцямі і поспехамі. Падтрымка калег ратуе ад выгарання і матывуе рухацца толькі наперад.
Источник: https://nastgaz.by
