РУС БЕЛ ENG 中文

У фокусе ўвагі — фінальная стадыя падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі Лідчыны да новага навучальнага года

13.08.2026

Фінальная стадыя падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі Лідчыны да новага навучальнага года і аздараўленне дашкольнікаў былі ў фокусе ўвагі прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” падчас прэс-­туру ў раён.

Начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк звярнула ўвагу: рамонтныя работы ў школах раёна знаходзяцца на фінальнай стадыі, за лета зроблена нямала.

Летнія канікулы — на фінішы. І калі дзятва павінна паспець адпачыць, набрацца станоўчых уражанняў і эмоцый, то перад кіраўніц­твам устаноў адукацыі стаіць сур’ёзная задача — якасна пад­рыхтаваць школы да новага навучальнага года.

— Уся дзейнасць у гэтым напрамку арганізавана ў адпаведнасці з Палажэннем аб парадку падрыхтоўкі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі да пачатку навучальнага года, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 сакавіка 2024 года № 141, — заўважае Вольга Зігмундаўна. — Рашэннем Лідскага раённага выканаўчага камітэта створана камісія для ацэнкі стану гатоўнасці агульнаадукацыйных устаноў да пачатку 2026/2027 навучальнага года. З улікам рэкамендацый і заўваг членаў камісіі — прадстаўнікоў санітарнага нагляду, тэрытарыяльных органаў па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў — былі складзены акты аб стане гатоўнасці ўстаноў, зацверджаны планы арганізацыйных мерапрыемстваў па ўстараненні ўказаных у акце парушэнняў. Арганізавана работа па іх рэалізацыі.

Большая частка мерапрыемстваў, уключаных у план, выконваецца непасрэдна ўстановамі адукацыі, у тым ліку за кошт пазабюджэтных сродкаў.

З раённага бюджэту на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі выдзелена больш за 4,1 млн рублёў.

Найбольш маштабныя работы выконваюцца пры ўдзеле Лідскага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і пад­радных арганізацый.

Да такіх можна аднесці бягучы рамонт аб’екта харчавання сярэдняй школы № 2 Бярозаўкі з заменай тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання, памяшкання буфета сярэдняй школы № 5 Ліды, рамонт спартыўных залаў у дзвюх установах адукацыі. У Тарноўскай сярэдняй школе ў рамках аптымізацыйных мерапрыемстваў завяршаецца бягучы рамонт памяшканняў для размяшчэння дзіцячага сада. Адрамантаваны дах спецыяльнага дзіцячага сада № 16 Ліды. У адпаведнасці з абласным планам па мадэрнізацыі, капітальным рамонце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі на 2024—2026 гады, завяршаецца цеплавая мадэрнізацыя знешніх сцен і даху з добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў сярэдняй школе № 16 імя П.М.Машэрава Ліды.

— Вядзецца работа па выкананні даручэння Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь па забеспячэнні своечасовага абсталявання ўстаноў дашкольнай адукацыі тэхнічнымі сродкамі ахоўнай сігналізацыі і перадачы іх у непрацоўны час пад ахову Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў.

Для паляпшэння якасці перавозкі навучэнцаў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту набыты школьны аўтобус, да 1 верасня чакаем яшчэ два аўтобусы, прафінансаваныя з абласнога бюджэту, — паведаміла начальнік упраўлення адукацыі.

Як і ў папярэднія гады, вялікая ўвага ўдзяляецца добраўпарадкаванню тэрыторый устаноў адукацыі. Прынамсі, хутка будуць падведзены вынікі агляду-конкурсу сярод устаноў адукацыі раёна па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый і дызайн-праекта “Ліда — зялёны горад: ініцыятывы для будучыні”.

Для камфорту і бяспекі

На тэрыторыі сярэдняй школы № 16 імя П.М.Машэрава Ліды людна і гулка. Вакол установы — тэхніка і шмат рабочых.

Нас сустракае кіраўнік школы Вольга Вінічэнка і запрашае прайсціся ўздоўж абноўленых, маляўнічых сцен установы. Па ходзе размовы яна адзначае:

— У нас заканчваецца цеплавая мадэрнізацыя фасада школы, даху, замяняюцца вітражныя вокны, уцяпляецца цокаль і мяняюцца ўсе падвальныя дзверы. Паралельна ідзе добраўпарадкаванне тэрыторыі. Унутры школы, як звычайна, зрабілі касметычны рамонт калідораў і кабінетаў. Усе работы плануецца завяршыць да 19 жніўня.

І трэба адзначыць, працоўная дзейнасць вакол школы кіпіць. Да размовы падключаецца прараб адкрытага акцыянернага таварыства “Будвектар” Яўген Сасноўскі. Ён адзначае, што іх арганізацыя мае багаты вопыт у галіне будаўніцтва і рэканструкцыі, таму работы вядуцца з захаваннем усіх тэхналагічных працэсаў.

Дарэчы, пасля рамонту каля ўвахода ў школу з’явіцца электрычны пад’ёмнік для калясачнікаў. Такі крок дазволіць пашырыць магчымасці безбар’ернага асяроддзя і зробіць навучальную ўстанову даступнай для ўсіх катэгорый вучняў і бацькоў.

— Цяпер на аб’екце амаль 60 рабочых. Кожны працуе з поўнай самааддачай, каб школа была гатова ў патрэбныя тэрміны. Тут бу­дуць вучыцца дзеці, ім павінна быць камфортна і бяспечна, таму робім усё якасна, — заўважае Яўген Сасноўскі.

Тэма бяспекі — адна з галоўных пры арганізацыі вучэбнага працэсу. Напярэдадні новага навучальнага года асаблівую актуальнасць набывае распрацоўка бяспечнага маршруту “дом — школа — дом”.

— У гэтым годзе побач са школай была абсталявана паркоўка для пасадкі/высадкі дзяцей. Акрамя таго, кантралюем усе маршруты нашых вучняў. Прынамсі, ад аўтобуснага прыпынку да школы яны ідуць праз бяспечны пераход (дарогу пераходзіць не трэба), — паведамляе дырэктар школы Вольга Вінічэнка.

— Астраўкі бяспекі ўсталяваны побач з амаль кожнай школай Ліды, — дадае начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама.

1 верасня за парты лідскай сярэдняй школы № 16 імя П.М.Ма­шэрава сядуць больш за 750 вучняў, сярод якіх каля 60 — першакласнікі. Навучальная ўстанова славіцца сістэмнай прафарыентацыйнай работай з навучэнцамі. Тут дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі.

Абноўлены інтэр’ер

У сярэдняй школе № 5 Ліды таксама актыўна вядуцца рамонтныя работы. З пачатку навучальнага года вучні будуць харчавацца ў мадэрнізаваным буфеце і займацца фізічнай культурай у абноўленай спартыўнай зале.

— У нашай школе поўным ходам ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. Адным з важных яе этапаў з’яўляецца рамонт буфета і спартыўнай залы. Праводзіцца абнаўленне інтэр’ера, замена састарэлага абсталявання, у выніку чаго будуць створаны больш камфортныя і бяспечныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, — адзначае кіраўнік навучальнай установы Таццяна Ткачук.

Акрамя таго, у гэтым годзе акцэнт зроблены на замене мэблі ў вучэбных кабінетах. За кошт добраахвотных бацькоўскіх ахвяраванняў і прыцягнення спонсарскіх сродкаў былі закуплены вучнёўскія крэслы і стальніцы.

— У нас выдатныя бацькі, заўсёды прыходзяць на дапамогу. У прыватнасці, прымаюць актыўны ўдзел у афарбоўцы сцен і падлог у кабінетах, ніколі не адмаўляюць у пакосе травы, — заўважае Таццяна Раманаўна.

З 27 ліпеня ў школе пачала работу вытворчая брыгада, у складзе якой 20 чалавек. Юнакі займаюцца зборкай мэблі, а дзяўчаты дапамагаюць прыводзіць памяшканні школы ў парадак. Не менш увагі ў навучальнай установе ўдзяляецца добраўпарадкаванню і азеляненню тэрыторыі: навучэнцы займаюцца праполкай клумбаў, даглядаюць зялёныя зоны.

— Для іх гэта не проста работа, а магчымасць праявіць сябе, навучыцца ўзаемадзейнічаць у камандзе і адчуць, які ўклад яны ўносяць у агульную справу, каб зрабіць школу яшчэ больш камфортнай і прыгожай, — лічыць дырэктар.

Падчас знаёмства з навучальнай установай Таццяна Ткачук паведамляе, што ў цэлым пры падрыхтоўцы да 2026/2027 навучальнага года выкананы касметычны рамонт усіх вучэбных кабінетаў, абноўлены тэматычныя стэнды ў кабінетах гісторыі, біялогіі, рускай і беларускай моў, матэматыкі, англійскай мовы. А работы ў буфеце і спартыўнай зале будуць завершаны ў вызначаны тэрмін.

З матывацыяй на спорт

У сярэдняй школе № 2 Бярозаўкі Лідскага раёна завяршаецца бягучы рамонт аб’екта харчавання і спартыўнай залы.

— У рамках падрыхтоўкі нашай установы адукацыі да новага навучальнага года работа вялася ўжо са снежня 2025 года, калі быў дадзены старт рамонтным работам у спартыўнай зале. Тады мы пачалі прыво­дзіць у парадак столь, сцены, затым выконваліся работы па замене пакрыцця падлогі, рамонт у раздзявалках, санвузлах, інвентарных, кабінеце настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя. Паралельна адбывалася папаўненне і абнаўленне спартыўнай базы: мы набылі спартыўны інвентар, правялі замену баскетбольных шчытоў, кольцаў, мацаванняў сеткі, брусоў. У выніку 1 верасня ў нас будзе новая спартыўная зала з сучасным пакрыццём для інтэнсіўных і бяспечных заняткаў з поўным камплектам неабходнага інвентару. У планах на наступны год — адрамантаваць сцены спартыўнай залы з вуліцы, — дзеліцца кіраўнік навучальнай установы Яўген Пац.

Школьную сталовую пачалі раманта­ваць у чэрвені. Рамонтныя работы, як і ў спартыўнай зале, выконвае будаўнічая арганізацыя з Ліды “Будвектар”. Сталовая разлічана на 120 пасадачных месцаў. Адбываецца поўная замена тэхналагічнага абсталявання.

— У харчаблоку будуць устаноўлены параканвектамат, пасудамыечная машына, агароднінарэзка для сырых і гатовых прадуктаў, мясарубка, воданагравальнік, заменяцца сталы, рукамыйнікі, з’явіцца новае абсталяванне для складскіх памяшканняў — халадзільнікі, халадзільныя камеры для захоўвання агародніны. Плітачнае пакрыццё мяняецца цалкам. Дызайн інтэр’ера распрацоўваў калектыў нашай школы. Падбіралі светлую колеравую гаму (з акцэнтам на зялёным), якая будзе не толькі садзейнічаць добраму апетыту, але і фарміраваць здаровыя харчовыя звычкі, — працягвае знаёміць з асаблівасцямі рамонтнай дзейнасці Яўген Часлававіч.

Сталовая і спартзала — асобныя карпусы школы. Асноўны будынак — чатырохпавярховы, разлічаны на 960 вучняў. Бягучы касметычны рамонт завершаны на другім, трэцім і чацвёртым паверхах. Глабальна адрамантавалі гульнявую для групы прадоўжанага дня і кабінет беларускай мовы і літаратуры.

Дырэктар Яўген Пац упэўнены, што новыя ўмовы значна павысяць матывацыю школьнікаў прытрымлівацца здаровага ладу жыцця і добра вучыцца.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: