Трыццаць тры медалі на абласных спартыўных спаборніцтвах заваявалі сёлета вучні Мікалая Афанасенкі з Жупран
13.08.2026Трыццаць тры медалі на абласных спартыўных спаборніцтвах заваявалі сёлета вучні Мікалая Афанасенкі з Жупран Ашмянскага раёна. Восем юных біятланістаў увайшлі ў лік 24 удзельнікаў зборнай каманды Гродзеншчыны ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Добры трэнер, як правіла, мае ўласныя дасягненні ў спорце. У школьныя гады Мікалай Афанасенка перамагаў на раённых і абласных спаборніцтвах па лыжах. За свой поспех ён удзячны заслужанаму настаўніку БССР Васілю Піліпавічу Кацянкову. У студэнцтве Мікалай Афанасенка даходзіў да рэспубліканскага ўзроўню. Чэмпіёнам краіны не стаў, затое ў далейшым выхаваў спартсменаў, якія атрымалі высокія ўзнагароды. Быў трэнерам па лёгкай атлетыцы ў Ашмянскай ДЮСШ. На працягу 15 гадоў узначальваў аддзел спорту і турызму ў райвыканкаме. З 2016 года Мікалай Мікалаевіч засяродзіўся на рабоце са школьнікамі. Вёў фізкультуру ў Барунскай і Навасёлкаўскай сярэдніх школах, апошнія два гады працуе ў Жупранскай сярэдняй школе імя Ф.К.Багушэвіча.
Мікалай Афанасенка трэніруе аб’яднаную каманду школьнікаў Ашмянскага раёна па лыжных гонках і біятлоне.
— Сёння да мяне прыходзяць займацца дзеці маіх былых вучняў са спартыўнай школы, — гаворыць Мікалай Мікалаевіч. — Напрыклад, пяцікласніцы Алісія Лукша і Ірына Садоўская — чэмпіёнкі вобласці спаборніцтваў па біятлоне “Снежны снайпер” у эстафетнай гонцы. Таты дзяўчынак раней займаліся ў мяне лёгкай атлетыкай і таксама дасягалі поспехаў на раённых і абласных спаборніцтвах.
Калі два гады назад я прыйшоў у Жупранскую школу, калегі з засмучэннем сказалі, што асаблівых спартыўных дасягненняў у мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак няма. Але я быў перакананы: здольнасці ёсць у кожнага, важна іх разгледзець і раскрыць, а карпатлівая штодзённая праца прынясе плён.
З прыходам Мікалая Афанасенкі ў Жупранскую школу праз год установа заняла 3-е месца на раённай круглагадовай спартакіядзе. Гэта стала зыходным пунктам у абнаўленні спартыўнай базы. Пры падтрымцы райвыканкама і бацькоў юных спартсменаў, якія радаваліся іх першым медалям і кубкам, былі закуплены трэнажоры, лыжны інвентар, лыжаролеры. Па выніках 2025/2026 навучальнага года школа заняла ўжо 1-е месца на згаданай спартакіядзе сярод сельскіх устаноў.
— Лыжную трэніроўку нельга параўнаць са звычайнай прагулкай. Гэта сур’ёзны занятак, які выхоўвае будучага спартсмена, — перакананы Мікалай Афанасенка. — Пачынаю з адбору здольных дзяцей. Праводжу серыю матывацыйных мерапрыемстваў, назіраю за вучнямі на спаборніцтвах і ўроках фізкультуры, запрашаю на дадатковыя заняткі па лыжнай падрыхтоўцы.
У дзяцей трэба сфарміраваць спартыўны інтарэс і любоў да лыж. Расказваю ім, як такія заняткі ўмацоўваюць арганізм, пра гісторыю лыжных гонак і поспехі беларускіх лыжнікаў і біятланістаў. Паказваю відэафрагменты спаборніцтваў.
Наглядны прыклад дапамагае зразумець, да чаго варта імкнуцца. Натхняюць і дасягненні землякоў — алімпійскіх чэмпіёнаў родам з Ашмянскага раёна — гандбаліста Андрэя Барбашынскага і футбаліста Сяргея Гарлуковіча.
Навучанне педагог выбудоўвае паэтапна: спачатку хлопчыкі і дзяўчынкі асвойваюць звычайныя ролікавыя канькі, пасля пераходзяць да лыжаролераў і базавых спосабаў перамяшчэння на лыжах. Пры першых спробах выканаць рухі бачны тыповыя памылкі. Задача педагога на гэтым этапе — дапамагчы дзецям атрымаць запас рухальных навыкаў.
— Выкарыстоўваю спартыўныя і рухавыя гульні, развіццёвыя, лёгкаатлетычныя і імітацыйныя практыкаванні без лыж, якія паўтараюць рухі лыжніка. Такім чынам адпрацоўваюцца махі рукамі і штуршкі нагамі, — працягвае педагог. — Мы набылі вяслярны трэнажор, які дапамагае юным лыжнікам умацоўваць рукі.
На занятках даводзіцца вырашаць адразу некалькі задач: не толькі вучыць тэхніцы класічнага і каньковага лыжнага ходу, але і фарміраваць правільную паставу, каардынацыю руху, умацоўваць дыхальную і сардэчна-сасудзістую сістэмы, павышаць агульную вынослівасць і працаздольнасць. Прымяняю ўзаеманавучанне: адны дзеці выконваюць пэўнае дзеянне, іншыя ў гэты момант фіксуюць недакладнасці і паведамляюць пра іх. Кожны навучэнец павінен і сам умець аналізаваць свае рухі.
— Найлепшы вынік атрымліваецца тады, калі, абапіраючыся на поспех вучняў, рухацца далей, — адзначае Мікалай Мікалаевіч. — Падчас удзелу ў спаборніцтвах дзеці становяцца больш моцнымі і хуткімі. У іх з’яўляецца ўпэўненасць ва ўласных сілах, жаданне ўдасканальвацца, перажываць радасць перамог. Разам з тым юныя лыжнікі бачаць свае памылкі, выпрацоўваюць уласную тактыку. Хлопчыкі і дзяўчынкі пачынаюць разумець, наколькі важна падтрымліваць здароўе арганізма, адмовіцца ад шкодных звычак, не быць залежным ад гаджэтаў, умець правільна арганізоўваць вольны час.
На ўсіх спаборніцтвах Гродзенскай вобласці ў зімовым сезоне 2026 года каманда Ашмянскага раёна, якую склалі ў асноўным выхаванцы Мікалая Афанасенкі, заняла прызавыя месцы. Яго вучні ўвайшлі ў склад абласной каманды на ўсіх рэспубліканскіх спаборніцтвах сезона.
Так, сёлета ашмянскія лыжнікі на абласной спартакіядзе школьнікаў занялі 2-е агульнакаманднае месца. Саступілі толькі камандзе, якая складаецца з навучэнцаў спецыялізаваных спартыўных школ Навагрудка. У асабістым заліку сярод юнакоў чэмпіёнам Гродзенскай вобласці стаў Дзмітрый Бернат — васьмікласнік Барунскай школы. У мінулым годзе ў Кубку Беларускай федэрацыі біятлона ён стаў пераможцам у змешанай эстафеце.
— На рэспубліканскія спаборніцтвы па біятлоне “Снежны снайпер” з нашымі вучнямі мы ўпершыню трапілі ў 2021 годзе, — расказаў Мікалай Мікалаевіч. — Тады як прызёры абласных спаборніцтваў выйшлі ў фінал у складзе зборнай каманды Гродзенскай вобласці. Выніковым аказаўся 2024 год, калі было заваявана 19 медалёў на абласным узроўні. Тады пяць маіх выхаванцаў удзельнічалі ў фінале “Снежнага снайпера”. Па выніках выступлення Арцём Шымановіч і Дзмітрый Бернат былі залічаны ў спартыўную школу Навагрудка на аддзяленне біятлона.

Арсеній Васюковіч — пераможца абласных спаборніцтваў “Снежны снайпер” у эстафетнай гонцы
Сёлета восем юных біятланістаў Ашмяншчыны — выхаванцаў Мікалая Афанасенкі — увайшлі ў лік 24 удзельнікаў зборнай каманды Гродзенскай вобласці ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер”:
— З дзевяцікласнікам Мацвеем Паўлоўскім я пазнаёміўся, калі ён вучыўся ў 5 класе Навасёлкаўскай школы. У яго скарбонцы шмат узнагарод раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. У фінал “Снежнага снайпера” Мацвей трапляў два разы запар, а сёлета, на трэці год, у яго атрымалася стаць прызёрам, заняўшы 2-е месца ў мас-старце. Мацвей атрымаў адзіны ў камандзе вобласці сярэбраны медаль. Юнак марыць стаць ратавальнікам. Праз спорт выпрацоўвае неабходныя для гэтага якасці. Біятлонам, дарэчы, захапіўся і малодшы брат Мацвея.
Спаборніцтвы па біятлоне, як і трэніроўкі, праводзяцца і летам. Адсутнасць снегу не перашкода. Мікалай Мікалаевіч прапануе дзецям катацца на ролерах, веласіпедзе, бегаць кросы па перасечанай мясцовасці. Акрамя таго, вучні круглы год выконваюць практыкаванні на сілу, каардынацыю і баланс, займаюцца стралковай падрыхтоўкай. Летась на Другім міжрэгіянальным фестывалі “Летні снайпер” гонар Ашмянскага раёна абараняла каманда ў складзе навучэнцаў Жупранскай і Навасёлкаўскай школ. Вынік — 3-е агульнакаманднае месца.
Гэтымі днямі каманда Ашмянскага раёна пад кіраўніцтвам Мікалая Афанасенкі ў колькасці 20 чалавек рыхтуецца да будучых абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Асноўны касцяк складаюць вучні Жупранскай школы.
Мікалай Афанасенка захапіў дзяцей не толькі спортам, але і педагагічнай прафесіяй:
— У мяне ўжо ёсць пераемнік, вучань 11 класа Уладзіслаў Аўсюкевіч, які кожны дзень пасля ўрокаў спяшаецца ў спартыўную залу. Два гады запар разам са мной ён праводзіць трэніроўкі, плануе пайсці па маіх слядах. Да таго ж мае чэмпіёны вобласці ў “Снежным снайперы” Аляксандра і Арцём па прозвішчы Сяргей таксама выказалі жаданне стаць настаўнікамі фізкультуры.
Источник: https://nastgaz.by
