У садзіку Бераставіцы звычайныя прагулкі малых ператварылі ў гульню, якая непрыметна выхоўвае
13.08.2026Вусень з цэменту і бусел ля цэнтральнага ўвахода — у Вялікабераставіцкім дзіцячым садзе звычайныя прагулкі ператварылі ў гульню, якая непрыметна выхоўвае. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кіраўніцтва ўстановы разам з педкалектывам вырашыла: калі летам прагулка — асноўны від дзейнасці дашкольнікаў, то і тэрыторыя павінна працаваць на выхаванне. Усё лета малых радуюць арыгінальныя пляцоўкі.
— У іх афармленні кожны выхавальнік атрымаў поўную свабоду дзеянняў, — адзначае падчас экскурсіі загадчыца Вольга Эльяшэвіч. — Галоўная ўмова, каб участак рэальна выкарыстоўваўся ў выхаваўчай рабоце з дзецьмі.

Выхавальніца Жанна Мікалаеўна Акудовіч, напрыклад, спляла агароджу з лазы і стварыла сапраўдны этнакуток. Юлія Валер’еўна Краўцова выбрала тэму “Бяспечнае лета”.

Яе пляцоўка атрымалася яркай і пазнавальнай: тут дзеці праз гульню даведваюцца, як паводзіць сябе каля дарогі, вадаёма, у лесе, разважаюць, чаму сонца не толькі сябар.

У Аксаны Валер’еўны Шахназаравай на клумбе пасяліўся вусень. Выхавальніца ўбачыла ў TikTok, як з цэменту заліваюць формы і збіраюць з іх фігуры, і вырашыла паўтарыць ідэю. Разам з бацькамі залілі формы, пафарбавалі — атрымалася малая архітэктурная форма, якая на кожнай прагулцы апынаецца ў цэнтры ўвагі выхавальнікаў. На другім участку старыя вентылятары ператварыліся ў імправізаваныя ветраныя станцыі.
Штуршком для арыгінальных рашэнняў стаў раённы конкурс на лепшае афармленне дашкольных устаноў да лета.
Яго аб’явілі ў канцы мая, а з чэрвеня пляцоўкі ў Вялікабераставіцкім садзе ацэньвае галоўнае журы — дзеці. Вынікі конкурсу падвядуць у пачатку навучальнага года.
Выхаванцы Вялікабераставіцкага сада штодня падчас прагулак пераходзяць з адной тэматычнай зоны ў іншую. Асабліва запатрабавана пляцоўка з нацыянальнымі матывамі. Тут у пастаянным доступе аўтарскія дапаможнікі, зробленыя рукамі выхавальнікаў.

— Гэты яркі ламініраваны дапаможнік знаёміць з лялькамі-абярэгамі, — паказвае кіраўнік установы. — Мы не проста расказваем, напрыклад, пра берагіню, але і гаворым, што яе можна пашыць самастойна, а можна стварыць у сваім сэрцы — добрымі словамі і ўчынкамі ў адносінах да блізкіх і месца, дзе жывеш.
Побач — “Азбука ўзораў”. Малым тлумачаць, што ромб з праменьчыкамі — не проста геаметрыя, а знак сонца. Калі ён сустракаецца на адзенні, гэта значыць, што чалавеку жадаюць святла і радасці.
Дапаможнік інтэрактыўны: маркерам можна дапоўніць узор на намаляванай кашулі, суаднесці элемент з яго значэннем або прыдумаць свой знак, а потым сцерці, каб паспрабаваў іншы выхаванец.
У аналагічным фармаце прадстаўлены матэрыялы пра жанчын Беларусі, тэматычныя гульні на ліпучках, лэпбукі. Усім можна карыстацца падчас прагулак, дзякуючы чаму звычайны выхад на вуліцу ператвараецца ў выхаваўчы момант.

— Са старшай групай мы нават правялі прагулку-фотасесію ў нацыянальных касцюмах. Заўважылі: касцюм, як і школьная форма, мяняе паводзіны дзяцей — яны становяцца больш стрыманымі і разважлівымі, — дадае суразмоўніца.
Як адзначаюць у калектыве, гульні “Знайдзі свой герб”, “Падбяры колер для сцяга”, “Знайдзі выраб з ільну” даўно выкарыстоўваюцца на занятках, але на вуліцы ў іх гуляюць ахвотней.

Пляцоўка з нацыянальнымі матывамі, дзе ў сонечнае надвор’е ганаровае месца займае вялікая мяккая цацка — бусел, прыцягвае ўвагу не толькі дашкалят. Яна размясцілася каля цэнтральнага ўвахода ў сад і глядзіць на парк гарадскога пасёлка.
Так што на яе звяртаюць увагу ўсе прахожыя.
— Патрыятычнае выхаванне — ключавы напрамак дзейнасці ўсіх нашых выхавальнікаў, — працявае Вольга Генадзьеўна. — Дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у раённых святах, прымеркаваных да Дня Перамогі, Дня Дзяржаўнага сцяга, Дня Незалежнасці. Гэта творчыя нумары, невялікія тэатралізаваныя пастаноўкі, якія дазваляюць адчуць гордасць за краіну, павагу да яе гісторыі і традыцый.
Напярэдадні дзяржаўных свят выхаванцы старшых груп разам з педагогамі звычайна ходзяць на экскурсіі ў памятныя месцы Вялікай Бераставіцы. Часам гэта становіцца пачаткам цікавых даследчых праектаў.

Дарэчы, летась установа заняла 1-е месца на раённым конкурсе-канферэнцыі работ даследчага характару “Вялікая Айчынная вайна ў лёсе бераставіцкіх жыхароў”. Да таго ж стала лепшай у аглядзе-конкурсе тэатралізаваных пастановак “Гадуем маленькіх патрыётаў” і ўзяла 2-е месца на конкурсе метадычных распрацовак па патрыятычным выхаванні.
— Гэтыя дасягненні — заслуга маёй папярэдніцы Валянціны Іосіфаўны Болдак, якая шмат гадоў кіравала калектывам. Мая задача — захаваць традыцыі і прымножыць іх, — дадае напрыканцы размовы Вольга Эльяшэвіч, якая ўзначаліла дзіцячы сад гэтым летам.
Источник: https://nastgaz.by



