РУС БЕЛ ENG 中文

Людміла Канавалік з Дзятлава паказвае вучням прыгажосць формул і вучыць аналізаваць кожную прапанову ШІ

05.08.2026

У гімназіі № 1 Дзятлава сямікласнікі настаўніцы фізікі Людмілы Канавалік дасылаюць ёй відэа доследаў, а адзінаццацікласнікі вучацца лавіць нейрасетку на памылках. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Прымерка прафесіі

Мінулая вясна для педагога, якая ўмела сумяшчае работу настаўнікам фізікі і абавязкі метадыста раённага вучэбна-метадычнага кабінета, выдалася пераможнай. Яе работа была прызнана адной з лепшых на рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак з прымяненнем тэхналогій штучнага інтэлекту.

Цікавая задумка нара­дзілася ў Людмілы Міхайлаўны задоўга да абвяшчэня конкурсу. Настаўніца выпусціла сваю першую інжынерную групу, і ўсе 6 выпускнікоў паступілі на профільныя інжынерныя спецыяльнасці.

— Цікава працаваць з такімі дзецьмі: яны матываваны на вынік, і задача настаўніка — зрабіць шлях да гэтага выніку цікавым і эфектыўным. Памятаю, у 10 класе ў маіх выпускнікоў яшчэ былі ваганні: ісці на інжынерную спецыяльнасць ці не. Мне хацелася даць ім магчымасць прымераць на сябе гэтую прафесію, — прыгадвае Людміла Канавалік.

На звычайным уроку ў 45 мінут такую прымерку не правядзеш. Вучні інжынернага класа нацэлены на ЦЭ і ЦТ, таму большая частка заняткаў звычайна прысвечана рашэнню задач. Менавіта таму і нарадзілася ідэя пазакласнага мерапрыемства — інтэрактыўнага практыкуму з элементамі прафесійных проб “Інжынер
ХХІ стагоддзя: фізіка і ШІ як старт кар’еры”.

— Яго сутнасць і галоўная задача — сфарміраваць у падлетка ўяўленне аб сучаснай інжынернай прафесіі. Зразумела, не менш важна зрабіць гэта ў займальнай форме, — знаёміць з сутнасцю распрацоўкі Людміла Міхайлаўна.

Заданні па фізіцы падчас такога практыкуму яго ўдзель­нікі рашаюць як інжынерныя задачы ва ўзаемадзеянні са штучным інтэлектам. Але спачатку дзеляцца на групы, кожная з якіх праходзіць свае прафесійныя пробы. Перад групай “інжынераў-даследчыкаў” паўстае задача выву­чыць з дапамогай ШІ фізічную з’яву. “Інжынеры-канструктары” з дапамогай ШІ ствараюць эскіз або 3D-мадэль інжынернага прыстасавання. “Інжынеры-тэхнолагі” прапануюць ШІ спланаваць працэс вырабу прыстасавання і зра­біць разлік кошту гатовага прадукту строга з улікам выкарыстання беларускіх матэрыялаў. А “інжынеры-прэзентатары” зноў жа звяртаюцца да ШІ і рыхтуюць кароткія прэзентацыі праектаў.

У працэсе практыкуму навучэнцы не толькі пражываюць вопыт інжынернай дзейнасці, але і абавязкова аналізуюць прапановы віртуальнага памочніка.

— Напрыклад, заданне для інжынераў-даследчыкаў гучыць так: “Напішыце ­промпт для ШІ, каб ён растлумачыў з,яву электрамагнітнай індукцыі такім чынам, што тэму зразумее васьмікласнік”. Нейрасетка выдае тэкст. А далей пачынаецца самае цікавае. Прапаную вучням прааналізаваць, ці зразумее васьмікласнік тое, што напісаў ШІ, і якіх ведаў яму яшчэ не хапае. Мае інжынеры-канструктары, памятаю, з дапамогай ШІ праектавалі сонечны трэкер, а пасля разважалі, ці выконваюцца ў прапанаванай мадэлі знаёмыя ім законы фізікі, — гаворыць суразмоўніца.

Метадыст і настаўнік

На пытанне, калі Людміла Міхайлаўна  вырашыла ­стаць настаўніцай, яна смяецца: яшчэ ў пялёнках. А потым разважае: задач перад сучасным педагогам стаіць шмат, лёгкай гэтая прафесія ніколі не была.

— Да 3 класа, памятаю, вучылася ў малакамплектнай Лядзінскай пачатковай школе, цяпер яна рэарганізавана. У адным класе з адным педагогам у нас займаліся адразу 1, 2 і 3 класы. Нізкія парты — для 1-га, крыху вышэйшыя — для 2-га і 3-га. Менавіта дзякуючы свайму першаму настаўніку Аляксандру Канстанцінавічу Поцінку я ўсё жыццё ў педагогіцы. Ужо ў 2 класе ён давяраў мне ненадоўга стаць “маленькай настаўніцай” для першакласнікаў, а ў 3-м нават дазволіў з алоўкам у руках правяраць іх пропісі, — успамінае Людміла Міхайлаўна. 

Падчас вучобы ў Раготнаўскай сярэдняй школе яна вырашыла, што бу­дзе настаўніцай матэматыкі і фізікі. І ўжо на першай лекцыі ў ГрДУ імя Янкі Купалы зразумела, што не памылілася:

— Прафесар Іван Паўлавіч Мартынаў падчас тлумачэння любіў паўтараць: “Пагля­дзіце, якая прыгожая тэарэма”. Вось і я імкнуся паказаць вучням менавіта прыга­жосць любой формулы, яе важ­насць. Бо за кожнай з іх ­стаіць глабальны закон, якому падпарадкоўваецца ўсё чалавецтва. Няправільна палічыў — і ўсё разваліцца.

Пра тое, як шмат для яе значыць педагогіка, лепш за любыя словы гавораць факты. Калі родная школа ў Раготне засталася без настаўніка фізікі, Людміла Міхайлаўна выйшла на работу, калі яе дзіцяці быў усяго месяц! У 28 гадоў стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, у 31 — па вучэбнай, а ў 2012-м — дырэктарам
школы, якую сама калісьці скончыла.

Пасля пераезду сям’і ў райцэнтр Людміле Міхайлаўне прапанавалі месца метадыста ў РМК. Больш за 10 гадоў яна курыруе работу матэматыкаў, фізікаў, настаўнікаў працоўнага навучання і інфарматыкі ўсяго раёна. І ўвесь гэты час не перастае весці ўрокі.

— Калі гэта было неабходна, вяла ўрокі ва Ушанаўскай базавай школе за 10 кіламетраў ад райцэнтра, потым — у 1-й, 3-й школах і ўжо чацвёрты год — у гімназіі райцэнтра, — узгадвае яна.

Суд над трэннем

Па прызнанні Людмілы Міхайлаўны, нягледзячы на багаты вопыт, падрыхтоўка да ўрокаў і сёння патрабуе шмат часу. Каб зрабіць сапраўды цікавай кожную тэму, педагог часта звяртаецца на ўроку да інтэрактыўнай дошкі з яе вялікімі магчымасцямі візуалізацыі і нестандартных для фізікі прыёмаў. Напрыклад, праводзіць урок-суд над трэннем, калі адна палова класа — адвакаты, другая — пракуроры, а дзяўчынка, якая збіраецца паступаць на юрыдычны, — суддзя.

Старшакласнікі на яе занятках ніколі не пераказваюць параграфы. У якасці дамашняга задання яны часта атрымліваюць задачу скласці логіка-сэнсавую схему па прачытаным. Ад ключавога паняцця тэмы разыходзяцца стрэлкі: дзе эталон, у якіх адзін­ках вымяраецца велічыня і хто першы гэта прапанаваў, у якіх формулах сустракаецца… Звычайна ў пачатку ўрока адзін з вучняў малюе сваю схему на дошцы, а клас шукае, чаго ў ёй не хапае. З сямікласнікамі, якіх Людміла Міхайлаўна ўзяла ў мінулым навучальным го­дзе, у якасці дамашняга задання практыкавала невялікія даследчыя задачы — для кожнага вучня сваю.

— Хтосьці прыносіў на ўрок самаробны прыбор для перамоткі стужкі, хтосьці пасля разлікаў складаў графік ці праводзіў міні-эксперымент для праверкі закона фізікі. І дзеці часта мяне здзіўлялі: нават манціравалі невялікія відэаролікі пра ход такіх эксперыментаў, — расказвае настаўніца.

Сваіх выхаванцаў Людміла Канавалік вучыць не баяцца новых задач — як вучэбных, так і жыццёвых.

Яна прапануе ім за­явіць пра сябе на абласных турнірах юных фізікаў. Педагог з хваляваннем назірала, як на адным з конкурсных выпрабаванняў яе вучні самастойна будавалі мост з паперы, які павінен быў вытрымаць нагрузку ў 10 ньютанаў. Узялі тады 2-е месца, саступіўшы толькі знаўцам фізікі з Астраўца…

Асобная нагода для гордасці — вынікі экзаменаў у цэнтралізаванай форме. ­Шэсць выпускнікоў групы інжынернай накіраванасці летась здавалі фізіку, і некаторыя былі вельмі блізкія да максімуму — атрымалі 95 і 83 балы. Самы нізкі вынік — 75:

— Да такіх лічбаў ішлі сістэмна. Профільнае навучанне дае чатыры гадзіны на тыдзень замест дзвюх базавых, і гэтага часу дастаткова для выдатнай падрыхтоўкі. На сайце РІКВ я брала тэсты ў адкрытым доступе і сістэматызавала заданні па тэмах. Прайшлі тэму — рашылі ўсё, што па ёй прапануецца. Прычым абавязкова з улікам абмежаванага часу, каб на ЦЭ гэты момант не палохаў. Па той жа прычыне двойчы на тыдзень мае вучні рашалі тэст з абавязковым запаўненнем узору экзаменацыйнага бланка. Як толькі яны спраўляліся са сваёй часткай работы, надыходзіў час маёй — праверыць і прааналізаваць памылкі. Калі хаця б у двух вучняў, напрыклад, у заданні А10 сустракалася недакладнасць, першыя 10 мінут наступнага ўрока прысвячала гэтаму прабелу. Падбірала з дзясятак аналагічных заданняў, і мы выконвалі іх разам.

Настаўніца часта паўтарае сваім вучням: “Любіце тое, што робіце”, а сама ўсё жыццё робіць тое, што сапраўды любіць.

— Ведаеце, калі на сямейным савеце вырашалі, ці выходзіць мне на работу, бо сыну было ўсяго два тыдні, мая бабуля сказала простую рэч: “Люда, пагаджайся, ты ж без школы жыць не можаш!” І гэтая фраза для мяне актуальная дагэтуль, — прызнаецца Людміла Міхайлаўна.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: