РУС БЕЛ ENG 中文

Фарбы жыцця: як педагогам захаваць псіхалагічнае здароўе

24.06.2026

Работа з дзецьмі патрабуе вялікіх эмацыянальных затрат. Напрыканцы навучальнага года рэсурсаў для самастойнага аднаўлення ўжо амаль не застаецца, таму шансы сутыкнуцца з прафесійным выгараннем максімальна ўзрастаюць. Псіхолаг ліцэя № 1 Ліды Алена Стромская знайшла эфектыўныя метады дапамогі педагогам, якія знаходзяцца на мяжы выгарання. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Алена Аляксандраўна, якія фактары вызначаюць псіхалагічны дабрабыт педагога? Чаму настаўнікі не павінны ігнараваць сваё ментальнае здароўе?

— Ад псіхалагічнага здароўя педагогаў шмат у чым залежыць псіхалагічнае здароўе навучэнцаў. Толькі той настаўнік, які пазітыўна ўспрымае сябе і навакольны свет, крэатыўны, эмацыянальна ўстойлівы, але пры гэтым здольны да натуральнага праяў­лення пачуццяў і эмоцый, можа стварыць спрыяльную псіхалагічную атмасферу вакол сябе, а значыць, здольны паспры­яць развіццю ў вучняў адпаведных якасцей — крэатыўнасці, эмацыянальнага інтэлекту, самапавагі, маральнасці, пазітыўнага сама­адчування і ўспрымання навакольнага свету. Гэтыя ўласцівасці з’яўляюцца галоўнымі паказчыкамі псіхалагічнага здароўя.

Псіхалагічнае здароўе педагога вызначаюць крытэрыі, якія адлюстроўваюць адносіны чалавека да самога сябе: самапавага, прыняцце, адказнасць за свае ўчынкі і перажыванні, пазітыўнае стаўленне да сябе і да свету. Сюды ж можна аднесці перажыванне асэнсаванасці і кантроль над жыццём. Псіхалагічна здаровы педагог упэўнены ў сабе і ставіцца да сябе як да надзейнага чалавека, якому ёсць за што самога сябе пава­жаць, хваліць. Такі педагог прымае сябе такім, які ён ёсць. Пры дапамозе празмернага самакапання і рэфлексіі ён не шукае недахопы, а, наадварот, адчувае здольнасць кіра­ваць уласнымі эмоцыямі і паводзінамі. Ён выбірае быць будаўніком свайго лёсу ў глабальным сэнсе.

Тым не менш самі настаўнікі адзнача­юць высокія патрабаванні, якія прад’яўляюцца да іх не толькі як да спецыялістаў, але і як да асоб. Гэтыя патрабаванні ставяць іх ва ўмовы неабходнасці адпавядаць часам недасягальнаму эталону ў паводзінах, зносінах, прафесійнай дзейнасці. Унутранае напружанне, якое выклікаецца неабходнасцю адпавядаць гэтым патрабаванням, а таксама высокая ступень адказнасці перад навучэнцамі, іх бацькамі і грамадствам часам прыводзяць да парушэнняў у эмацыянальна-асобаснай і матывацыйна-валявой сферах.

Педагог можа стаць незадаволеным перфекцыяністам з завышанай планкай і ўспрымаць нават маленькую няўдачу як асабісты і прафесійны правал. А яшчэ ён можа быць вечным студэнтам, не ўпэўненым у сваіх ведах і ў кампетэнцыі. Несумненна, такі стан педагога негатыўна адаб’ецца як на эфектыўнасці педагагічнага працэсу, так і на характары ўзаемаадносін у сістэме “настаўнік — навучэнец”.

— Пры дапамозе якіх метадаў і псіхалагічных методык педагогі могуць развіць станоўчыя адносіны да саміх сябе? Як выхаваць самапрыняцце і ўпэўненасць у сваіх здольнасцях?

— Эфектыўнымі з’яўляюцца трэнінгавыя заняткі з элементамі крэатыўнай тэрапіі — гульнявой, іза- і казкатэрапіі. Метафарычныя рэсурсы казкі могуць выкарыстоўвацца для актуалізацыі асобасных і эмацыянальных рэсурсаў, умацавання псіхалагічнага падмурка педагогаў. Казкі дапамагаюць вярнуцца ў дзяцінства, выклікаюць здзіўленне, адкрываюць доступ у свет фантазіі і вобразнага мыслення. Выкарыстанне псіхалагічнай гульні як сродку крэатыўнай тэрапіі дае магчымасць ствараць умовы для пераключэння педагогаў з аднаго віду дзейнасці на іншы. Псіхалагічныя гульні дазваляюць адрэагаваць эмоцыі, зняць напружанне, адцягнуць увагу ад руціннай дзейнасці, атрымаць новы вопыт. Гульня разбурае бар’еры паміж членамі педагагічнага калектыву, робіць абстаноўку ненапружанай, фарміруе веру ў свае сілы, дазваляе прадставіць сябе ў розных сацыяльна-псіхалагічных сітуацыях.

Ізатэрапія — эфектыўны і дзейсны метад, які дапамагае справіцца з негатыўнымі эмоцыямі, зняць нервова-псіхічнае напружанне, разгрузіцца, супакоіцца і адчуць задавальненне ад дзейнасці. А яшчэ маляванне спрыяе раскрыццю творчага патэнцыялу і адкрывае новыя магчымасці. Гульня з пяском, як кінетычным, так і звычайным, спрыяе расслабленню, зняццю раздражняльнасці і стрэсу, актывізацыі мыслення і ўяўлення.

Казкі і гульні для педагогаў

— У вашым праекце “Фарбы жыцця” адзін з цікавых складнікаў — модуль для педагогаў “Як не згарэць на рабоце”. У чым яго сутнасць?

 Праект “Фарбы жыцця” накіраваны на захаванне псіхалагічнага здароўя ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ва ўмовах ліцэя. Цыкл трэнінгавых заняткаў “Каб не згарэць на рабоце”, які ўключаны ў праект, — гэта пра ўмацаванне псіхалагічнага падмурка педагогаў, пра развіццё ў іх пазітыўных самаадносін, пра пераключэнне з аднаго віду дзейнасці на іншы.

Цыкл складаецца з 9 заняткаў, аб’яднаных у тры блокі: “Арт-тэрыторыя”, “Казка — хлусня, ды ў ёй намёк” і “Дарослыя дзіцячыя гульні”. Вопыт работы паказаў, што выкарыстанне прыёмаў і тэхнік гульнявой, іза- і казкатэрапіі павышае не толькі ўпэўненасць у сабе, але і ўзровень самакантролю, зніжае ўзровень унутранай канфліктнасці педагогаў і спрыяе іх асобаснаму росту.

Так, працуючы з казкай “Сакрэты сарамлівага булачніка”, педагогі гаварылі пра свае станоўчыя якасці, расказвалі пра добрыя падзеі, якія адбыліся з імі зусім нядаўна ці могуць адбыцца ў будучыні, а таксама дзяліліся тым, што ім дазваляе ганарыцца сабой. Гэта дазволіла актуалізаваць вобразы пазітыўных падзей мінулага і будучыні і такім чынам гарманізаваць уяўленні аб сваім жыцці.

Цыкл псіхалагічных заняткаў “Каб не згарэць на рабоце” з’яўляецца эфектыўным сродкам захавання псіхалагічнага здароўя педагогаў і можа выкарыстоўвацца педагогамі-псіхолагамі ў любой установе адукацыі. Актуалізацыя асобасных і эмацыянальных рэсурсаў, эмацыянальная падтрымка калег дазваляюць настаўнікам заўважаць у сваім жыцці тое, што можа падтрымаць і парадаваць іх. Зносіны ў нестандартных сітуацыях, напрыклад, у межах псіхалагічных гульняў, даюць магчымасць выйсці з прывычнай ролі педагога і паспрабаваць сябе ў розных сацыяльна-псіхалагічных сітуацыях. Выкарыс­танне шматлікіх ізатэхнік дапамагае спра­віцца са стрэсам, зняць эмацыянальнае напружанне, павысіць настрой і зарадзіцца аптымізмам.

— Ці саромеюцца педагогі звяртацца да вас па дапамогу?

— Не, не саромеюцца. Мы ліцэйская каманда, таму педагогі прыходзяць да мяне па дапамогу і падтрымку. Зайсці ў кабінет псіхолага гэтак жа нармальна, як звярнуцца да калег — настаўнікаў-прадметнікаў — з просьбай замяніць урок або параіцца наконт методыкі выкладання. Настаўнікі звяртаюцца па дапамогу, калі адчуваюць, што ў іх назапасіліся стомленасць і раздражненне, стала цяжэй працаваць, калі ў класе няпростая абстаноўка, калі не атрымліваецца знайсці агульную мову з бацькамі і асабістыя перажыванні перашкаджаюць рабоце. Часам педагогі прыходзяць не столькі па прафесійную параду, колькі па магчымасць проста выгаварыцца, скінуць эмацыянальнае напружанне. Яны ведаюць, што атрымаюць дапамогу і падтрымку без ацэнак, асуджэння і што ўсё сказанае ў маім кабінеце застанецца строга паміж намі.

Упэўнена сама і пераконваю педагогаў: прасіць дапамогі не сорамна — гэта мудра. Калі настаўніку добра, то добра і вучням, а гэта самае галоўнае.

— Алена Аляксандраўна, вы стварылі электронны рэсурс “Скрыжаванне”. Што выклікала такую неабходнасць і ў чым яго каштоўнасць?

 Электронны рэсурс “Скрыжаванне” ствараўся як сродак псіхолага-педагагічнай асветы навучэнцаў, іх законных прадстаўнікоў і педагогаў. Мы ўлічылі, што сучаснае пакаленне давярае інтэрнэту як асноўнай крыніцы інфармацыі і часта да яго звяртаецца, шукаючы адказы на многія пытанні. Аднак у сетцы многа няякаснай, неправеранай або лжывай інфармацыі, да якой можна аднесці псіхалагічныя парады псеўдапсіхолагаў — яны могуць нашко­дзіць. Таму мы вырашылі прапанаваць альтэрнатыўную, але такую ж зручную крыніцу, у якой дзеці і дарослыя змогуць хутка знайсці неабходныя матэрыя­лы, не пераходзячы на неправераныя сайты. Наш рэсурс атрымаўся карысным. Да таго ж удзельнікі адукацыйнага працэсу могуць у любы момант успомніць, што прахо­дзілі падчас заняткаў: на рэсурсе размешчаны матэрыя­лы псіхалагічнай студыі для бацькоў “Бацькі і падлеткі: адлюстраванне адно ў адным”, матэрыялы пастаянна дзеючага семінара для педагогаў “Дзіця ў цяжкай сітуацыі” і інш. У “Скрыжаванні” прадугледжана інтэрактыўная сувязь з наведвальнікамі. Яны могуць пакідаць каментарыі, запаўняць форму зваротнай сувязі “Ёсць пытанне”, дзяліцца прапановамі. На нашым партале ёсць віртуальная ананімная кніга водзываў і прапаноў, што дазваляе наведвальнікам задаць пытанне і ўнесці свае ідэі, дае магчымасць дыстанцыйнага кансультавання навучэнцаў, педагогаў і баць­коў. Таксама настаўнікі могуць карыстацца тэарэтычнымі матэрыяламі і практычнымі рэкамендацыямі па тэмах, размешчаных на “Скрыжаваніі”.

 

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: