Настаўнік назаўжды. Галіна Здасевіч: галоўнае на ўроку — не столькі прадмет, колькі чалавек
24.06.2026Галіна Іванаўна Здасевіч даўно не вядзе ўрокаў, але, калі пачынае гаварыць пра школу, яе голас маладзее, вочы загараюцца, а рукі самі цягнуцца да падручніка, які яна шмат гадоў захоўвае на паліцы на самым бачным месцы. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з педагогам.

Галіна Іванаўна сорак гадоў выкладала беларускую мову і літаратуру, з іх чвэрць стагоддзя — у Індурскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна. Абедзве яе дачкі — пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд па “маміным” прадмеце. Дарэчы, у падручніку па беларускай мове за 2002 год у адным з практыкаванняў даецца прыклад тэксту афіцыйнага стылю — справаздача аб выніках рэспубліканскай алімпіяды за 1997 год з указаннем пераможцаў. Сярод іх — дачка суразмоўніцы Ларыса Здасевіч…
— Для мяне гэта не толькі мацярынскі скарб. Гэта тое, што нагадвае пра гады майго педагагічнага шляху, — прызнаецца Галіна Іванаўна.
Мара, якая стала лёсам
Пра настаўніцтва яна марыла з дзяцінства. Бацькі рашэнне падтрымалі і вельмі ганарыліся, калі адно з семярых дзяцей стала педагогам.
У 1965 годзе адразу пасля заканчэння педвучылішча Галіна Іванаўна правяла свой першы ўрок у адной са школ Воранаўскага раёна.
— Усё, што запланавала на цэлы ўрок, расказала на адным дыханні… Гляджу на гадзіннік, а да званка яшчэ 15 мінут. Не памятаю, чым заняла дзяцей. Але, калі прагучаў званок, была шчаслівая, — з усмешкай адзначае суразмоўніца.
Так прайшло некалькі дзён — з хваляваннем і трывогай. А потым дырэктар школы выклікаў да сябе. Маладая настаўніца тады вырашыла, што не справілася і не апраўдала чаканняў калег, але строгі кіраўнік толькі даў некалькі парад і сказаў: “У вас усё атрымаецца ў педагогіцы!”
Завочна набыўшы вышэйшую адукацыю, Галіна Іванаўна працягнула педагагічны шлях у родным Гродзенскім раёне. Там ёй прапанавалі ўзначаліць калектыў васьмігадовай Губінскай школы (рэарганізавана). Педагог успамінае гэты вопыт як вельмі карысны: яна навучылася будаваць дыялог з калегамі і бацькоўскай грамадскасцю. Аднак менавіта работа з дзецьмі заставалася для яе галоўнай крыніцай натхнення і прыносіла радасць.

У 1978-м услед за мужам Галіна Іванаўна прыехала ў Індуру і стала часткай школьнага калектыву:
— Гэта была каманда аднадумцаў, якія аддаваліся сваёй справе без астатку, рыхтаваліся да ўрокаў якасна. Звычайна я раскладвала метадычкі і профільную перыёдыку на падлозе ў кухні і нібы ў даміно гуляла: адну ідэю тут перайму, цікавы прыём — там. Памятаю, сяджу над сваімі канспектамі і сшыткамі, а вочы проста зліпаюцца. Падыходжу да акна і бачу, што ў пачатку дванаццатай ночы ў кабінеце хіміі ўсё яшчэ гарыць святло… Думаю: раз Яўгенія Міхайлаўна яшчэ рыхтуецца, то і мне пакуль рана адпачываць.
Урокі-падарожжы і ўрокі-суды
На занятках Галіна Іванаўна вельмі рэдка займала месца за настаўніцкім сталом. Хадзіла паміж партамі, бачыла кожнага вучня.
— Я заходзіла ў клас і адразу задавала тэмп уроку. Спачатку паўтаралі з вучнямі пройдзены матэрыял у форме экспрэс-апытання. Было важна, каб дзеці не страцілі ўвагу. Я кожны раз выходзіла з класа стомленая, але задаволеная сабой, — дзеліцца педагог.
Яна любіла цікавыя формы заняткаў: урок-падарожжа па гарадах Беларусі, урокі-віктарыны і ўрокі-знаёмствы “У гасцях у слоўнікаў”. Праводзіла нават урокі-суды па літаратуры, калі героя твора ўмоўна судзілі ў класе. Расстаўлялі сталы, як у зале суда, выбіралі следчага, пракурора, адваката. Кожны вучань мог выказацца.
— А яшчэ я вельмі любіла вясной праводзіць урокі на свежым паветры. Калі вывучалі пейзажную лірыку, дзеці выходзілі на школьны стадыён. Садзіліся на лаўкі, любаваліся. Абмяркоўвалі, якімі словамі можна апісаць навакольную прыгажосць, якія параўнанні, метафары можна падабраць да спеваў птушак, зялёных лісцікаў на дрэвах… Для школьнікаў гэта было сапраўднае адкрыццё: аказваецца, літаратура — вось яна, вакол нас,— успамінае Галіна Здасевіч.
Самыя кранальныя моманты на ўроках Галіны Іванаўны не былі прапісаны ў канспектах:
— Калі праходзілі тэму маці ў вершах беларускіх паэтаў, то, дачакаўшыся ў пачатку ўрока ідэальнай цішыні ў класе, пасля невялікага ўступлення прапаноўвала ўявіць, што кожны вершаваны радок — менавіта іх, дзяцей, зварот да самага дарагога чалавека ва ўсім белым свеце… Вучні так чыталі, што цяжка было стрымаць слёзы, а потым пісалі вельмі шчырыя сачыненні.
Цікавыя падыходы і арыгінальныя рашэнні педагог старалася знайсці ў кожным раздзеле вучэбнай праграмы:
— П’есы заўсёды былі для вучняў каменем спатыкнення. Каб гэтая старонка знаёмства з літаратурай для іх не заставалася белым лістом, арганізавала работу драматычнага гуртка. Удзельнічаў у ім практычна ўвесь клас. Ставілі адну-дзве невялікія сцэнкі, але, каб зразумець характар героя, поўны тэкст п’есы дзеці чыталі, як кажуць, на ўра. А мне такі вопыт дапамагаў па-новаму паглядзець на многіх вучняў.
Вынік сваёй творчасці вучні Галіны Іванаўны дэманстравалі не толькі на школьнай сцэне, але і ў клубе. А таму і рыхтаваліся вельмі адказна, і нават дубліравалі склад выступаючых — адну ролю вучылі некалькі чалавек.
Школа каля дома
Школа і сёння значная частка жыцця Галіны Іванаўны. Яна не прапускае ніводнага свята першага і апошняга званка. Здавалася б, і з акна дома ўсё відаць як на далоні, але суразмоўніца абавязкова прыходзіць да школы, каб адчуць атмасферу, а калі трэба, то і нешта параіць, пажадаць маладым педагогам і выпускнікам.
— Азіраючыся назад, разумею, што з вучнямі часам была вельмі строгай і патрабавальнай. Але заўсёды кіравалася адным жаданнем: даць кожнаму максімум ведаў. Памятаю гісторыю, калі адзін з вучняў пасля здачы ўступных іспытаў падбег і літаральна прыўзняў мяне на руках ад радасці: “Галіна Іванаўна, я вашу мову на чатыры здаў!” Ён тады стаў студэнтам універсітэта і, хочацца верыць, засвоіў галоўны ўрок жыцця: намаганні прадвызначаюць узнагароду, — дадае суразмоўніца.
У класе яна ніколі не вылучала любімчыкаў. І ўсё ж да некаторых вучняў ставілася з асаблівай цеплынёй.
— Заўсёды, калі глядзела ў вочы дзіцяці з цяжкай сям’і, думала пра адно: а ці ўсё добра ў яго дома, ці былі ўмовы для якаснай падрыхтоўкі? Такім дзеткам не магла паставіць дрэнную адзнаку. Не падумайце, што малявала. Але давала магчымасць наблізіцца да ўпэўненага “добра”, — дзеліцца Галіна Іванаўна.
Яна заўсёды прытрымлівалася прынцыпу “галоўнае на ўроку — не столькі прадмет, колькі чалавек”:
— Літаратура вучыць жыццю, дапамагае папярэдзіць памылкі, якія могуць здарыцца. Любіла разам са школьнікамі разбіраць сітуацыі літаратурных герояў: на чыім вы баку і чаму? Старалася, каб кожны вынес з урока нешта карыснае для сябе і зразумеў, што вучыцца ён не для мамы, не для настаўніка, а менавіта для сябе. Таму важна, каб на кожным уроку часцей за іншыя гучала пытанне “а чаму?”. Тады вучань думае больш глыбока, робіць уласныя адкрыцці.
Пра школьнікаў і звязаныя з імі гісторыі Галіна Іванаўна можа гаварыць гадзінамі. Сёння не кожнага свайго выпускніка яна адразу пазнае на вуліцы, але варта толькі назваць прозвішча, як размова адразу ператвараецца ў захапляльны дыялог з успамінамі пра мінулае.
Галоўныя ўзнагароды

Як настаўніца рыхтавала сваіх дачок да алімпіяд? Старэйшая, Святлана, у 9 класе самастойна шукала дадатковую літаратуру, імкнучыся паглыбіць свае веды па ўсіх раздзелах курса беларускай мовы. Ужо тады яе здольнасці і настойлівасць прынеслі першы значны поспех: на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды яна была адзначана як лепшая сярод вучняў сельскіх школ. Праз год удзел у фінальным этапе прынёс ёй дыплом ІІІ ступені, а ў 11 класе Святлана паднялася яшчэ на адну прыступку вышэй, заваяваўшы дыплом ІІ ступені.
Як прызёр рэспубліканскай алімпіяды яна магла без экзаменаў паступіць на выбраную спецыяльнасць у эканамічны ўніверсітэт сталіцы, але не скарысталася льготай і пайшла здаваць экзамен. Каб даказаць самой сабе: і тут зраблю на выдатна! І зрабіла.
Сярод настаўніцкіх скарбаў побач з кнігамі — залатыя медалі самых дарагіх яе сэрцу вучняў — дачок Ларысы і Святланы. Яны нагадваюць пра іх выдатную вучобу ў школе і пра абсалютную перамогу малодшай Ларысы на Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.
— У 1997 годзе пераможцам алімпіяды ўручалі медалі, — прыгадвае суразмоўніца. — А колькі працы за гэтай узнагародай…
Галіна Іванаўна дагэтуль захоўвае спісаныя дачкамі канспекты па падрыхтоўцы да алімпіяды. Асобныя старонкі ў іх прысвечаны падборкам цікавых выказванняў і прыказак з прымаўкамі па розных тэматычных блоках.
— Памятаю, хтосьці з маіх выпускнікоў рыхтаваўся да ўступнага экзамену — сачынення ва ўніверсітэце — і гэты сістэматызаваны матэрыял літаральна завучваў на памяць, — падкрэслівае важнасць сямейнага скарбу мама-педагог.
У канцы нашай размовы задаю адно з самых важных пытанняў: “Што, на ваш погляд, галоўнае для сучаснага педагога?” І адказ на яго Галіна Іванаўна дае без роздумаў:
— Настаўнік — гэта не проста прафесія, а вялікая адказнасць. І пачынаецца яна не з метадычак і планаў, а з простай рэчы — любові да дзяцей. Важна ў вучню бачыць асобу, разумець, што ўсе дзеці розныя, але ў кожным ёсць штосьці добрае і светлае. Менавіта на гэтым трэба будаваць работу. Часам дзіця варта пахваліць нават тады, калі вынік яшчэ не ідэальны. Гэтая вера дапаможа яму раскрыць здольнасці, паверыць у сябе і прадэманстраваць свае лепшыя якасці.
Источник: https://nastgaz.by
