РУС БЕЛ ENG 中文

Загадчык аддзела адукацыі Зэльвенскага райвыканкама Святлана Жабрак — пра дух калектывізму і дзіцячую Дошку гонару

20.05.2026

Гэтыя нататкі — лагічны працяг ранейшых, пра былога намесніка загадчыка аддзела адукацыі Зэльвенскага райвыканкама Мікалая Карозу. Бо Святлана Жабрак, якая цяпер узначальвае аддзел, і стала прамой пераемніцай Мікалая Іванавіча на пасадзе. Яна — з ліку школьных кіраўнікоў раёна, якія раслі пад чуйным кіраўніцтвам, апекай старэйшага калегі.

Пераемнасць

Трапіла яна, відаць, у кадравы рэзерв райаддзела, калі праявіла сябе на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Князеўскай гімназіі: такі статус мела тады вясковая школа. Святлана Жабрак ведала Карозу і да таго: ён бываў на яе ўроках гісторыі з праверкамі, як раней казалі…

— У 2011-м былі кадравыя перамены ў нас, прыйшоў новы начальнік аддзела, і Мікалай Івана­віч вырашыў пайсці ў адстаўку, — згадвае Святлана Анатолеўна. — Для мяне ён мудры настаўнік, вучыў гаварыць з калегамі паважліва і ў той жа час па праўдзе, аргументавана, не прыхоўваючы недахопы. І вось мне прапанавалі яго пасаду… З ім — як эпоха цэлая адышла. Па гэты час у абласным упраўленні адукацыі Мікалая Карозу памятаюць, згадваюць добрым словам. А мне на той час патрэбны былі перамены ў жыцці. Як кажуць, вырасла з пясочніцы, хацела іншага. І калі сам ты гатовы да перамен, то яны, ві­даць, і прыходзяць.

Яе любоў да педагогікі, работы з дзецьмі прарастала паступова. Помніць, як вучылася ў Міжэвіцкай сярэдняй школе Слонімскага раёна, здавала экзамен па гісторыі. Вёў прадмет Мікалай Іванавіч Пазняк, строгі дырэктар школы. Вельмі ўразіла вучаніцу, калі за добры яе адказ дастаў шакаладку з-пад стала, сказаў: “Малайчына! Ідзі…” Нібыта блаславіў ісці яго сцежкай.

А яна пасля 9 класа — на раздарожжы: ці то гісторыю, ці то юрыдычную практыку выбраць:

— І тут сяброўка мне: “У Ваўкавыск страшнавата ехаць адной, можа, ты са мной?” — “Не, — кажу, — гэта не маё…” Там у педкаледжы — пачатковыя класы і абслуговая праца. Дык сяброўка падгаварыла маму, паехалі. Яна не паступіла тады, а я вось тут. Мне падабалася маляваць, рука­мі працаваць, і бабуля Ніна добра вышывала, таму з мамай выбралі абслуговую працу. Усё здала, прыходзіць ліст: залічылі!.. А па-сапраўднаму зразумела, што зрабіла правільны выбар і гэта маё, на практыцы ў школе і на пераддыпломнай — у піянерла­геры.

Кайшоўская закваска

Мары пра гістфак у настаўніцы не адступалі:

— Летам мы, дзеці, жылі ў бабулі з дзядулем па мамінай лініі ў вёсцы Кайшоўцы Карэліцкага раёна. А там жа месца з багатай гісторыяй, ёсць і гарадзішча старажытнае. Мяне тое ўсё цікавіла, і стрыечны дзядзька цікавасць падахвочваў, расказваў пра таямніцы мясцовыя, падземныя хады. Мы на канікулы збіраліся ў родзічаў і ўсюды лазілі. А мясцовасць — у прыгожых ярах, лясах, шмат ягад і грыбоў (дзед прывіў мне любоў да ціхіх паляванняў). І рэчка-невялічка, і лазнякі над ёй, з якіх дзед Анатоль, майстар на ўсе рукі, дудачкі нам рабіў, калі кароў пасвілі. Сядзім, свішчам… Такое дзяцінства было вясёлае — і пазнавальнае.

Гэта мы крыху паглыбіліся ў таямніцы народнай педагогікі, у вялікае мастацтва раскрываць душы-таленты дзетак у штодзённасці. А давала дзяўчынцы здаровы імпульс на цікавасць да гісторыі, жыццё ў актыўнасці ды на карысць людзям і тое, што яе прадзед Ігнат Гладкі ў свой час быў садоўнікам у князёў Радзівілаў, працаваў пры Нясвіжскім замку. Святланку, расказвала ёй маці, паспеў на руках патрымаць, блаславіў і сышоў у 1982-м. Прадзед вялікі сад калгасны заклаў пры Кайшоўцы, і ўдзячныя землякі пазней бюст яго паставілі пры канторы. Калі ў віхурныя 1990-я бюст недзе прапаў, то праўнучцы карцела даведацца: дзе ж ён, каму спатрэбіўся?

Засталіся ў садзе яблыні — добры след чалавека на зямлі. Святлана памятае: прыязджалі ў вёску зімой — ляжалі яблыкі ў скрынях на сене. Розныя, смачныя… Помніцца і сена тое пахкае на вялізных вазах, амаль пад электраправады, увязанае вяроўкамі з рублём, якое дзед Анатоль з унучкамі вазіў. Во дзе школа выхавання! А ў Кайшоўцы ўсе людзі працавітыя былі, трымалі коней па дварах, каму дапамога была патрэбна — талаку ладзілі.

— Той дух калектывізму і сёння ў сабе маю! — прызнаецца Святлана Жабрак. — І ўстановы адукацыі мы нацэльваем на сумесную працу, грамадска карысныя справы: у гэтым ёсць велізарны выхаваўчы патэнцыял. У Кайшоўцы, памятаю, умелі адпачываць без спіртнога. Лаўкі ставілі ў нядзелю пры хатах, гулялі ў даміно: пагутарыць — не выпіць збіраліся. Баба Ніна яшчэ ўспамінала, як яны першыя ў вёсцы тэлевізар купілі, многія прыходзілі глядзець. Яе, дачку садоўніка, паважалі ўсе, і ўвогуле мне здавалася, што там усе бабулі — мае бабулі. Нам з сястрой туды заўсёды хацелася ехаць! А цяпер чую скаргі: не хо­чуць унукі да бабуль…

Усе ведалі, што яна ўнучка Ніны. Святланку на бліны часта запрашалі, на іншы пачастунак і проста пагаварыць. Карацей, вёска жыла як вялікая сям’я. І цяпер гэта, перакідвае Святлана Анатолеўна масток у сучаснасць, яе ідэал сучаснай школы: вялікая сям’я. Не толькі ўрокі, заняткі — розныя цікавыя справы, якія лю­дзей з’ядноўваюць, дапамагаюць талентам раскрывацца.

Заканамерна павёў лёс маю суразмоўніцу на гістфак Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: ужо замужам, гадуючы сына, вучылася завочна. З 2006-га працавала ў Ялуцавіцкай школе, кіламетраў за 20 ад Зэльвы. Падвозіў яе туды сусед, настаўнік гісторыі ў больш блізкім Князеве. І калі атрымала дыплом, той прапанаваў: “Выходзь на маё месца, планую пераязджаць”.

Яе прыход у Князеўскую гімназію — час укаранення інфармацыйных тэхналогій. Святлана Жабрак вывучылася на курсах, асвоіла работу аператара ЭВМ. Устаноўка праграм, настройка тэхнікі, базы даных… За год стала відавочна, што справіцца і з абавязкамі намесніка дырэктара гімназіі. Адтуль — у раённы аддзел адукацыі, праз два гады — ва ўпраўленне справамі райвыканкама. І здзяйсненне яшчэ адной мары — завочная вучоба ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.

З ранейшай пасады вярнулася ўжо начальнікам аддзела адукацыі ў 2020 годзе, якраз 1 верасня. І таму, жартуе, адлік часу яе працы моцна сінхранізаваны з пачаткам вучобы ў школах.

Юныя. Таленавітыя. Паспяховыя

З мноства цікавых спраў, конкурсаў, алімпіяд і спаборніцтваў, якімі жывуць установы адукацыі на Зэльвеншчыне, адзначым адзін адметны праект. Магчыма, некаму з іншых раёнаў краіны ён таксама падасца цікавым.

У вестыбюлі будынка райвыканкама ёсць Дошка гонару, і асобная частка партрэтаў на ёй — школьнай моладзі. Так і называецца: “Юныя. Таленавітыя. Паспяховыя”.

Неяк у раёне падводзілі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця і з’явілася прапанова: стымуляваць асобасны, творчы рост дзяцей. Паказаць, што дарослыя іх таксама бачаць, радуюцца поспехам, адзначаюць дасягненні. Былі ўнесены змяненні ў палажэнне аб раённай Дошцы гонару, каб ушаноўваць юных, якія праявілі сябе ў вучобе, спорце, творчасці.

— Цяпер на Дошцы гонару — 16 партрэтаў дзяцей, — расказвае Святлана Жабрак. — Прапановы паступаюць праз наш аддзел з усіх устаноў адукацыі — а ў нас засталося восем школ, са школы мастацтваў — праз аддзел культуры, са спартыўнай школы — праз сектар спорту. Ёсць пэўныя патрабаванні, формы — запаўняем, як у анкеце. Кандыдатуры потым разглядае конкурсная камісія, працуе пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы. Так што цяпер ёсць і такі стымул навучэнцам актыўна праяўляць сябе. А пра значныя дасягненні я так і кажу: справа на Дошку гонару.

Створана ў аддзеле і база адораных дзяцей раёна: іх цяпер 21. На ўліку тыя, хто паказаў высокі вынік у бягучым навучальным го­дзе. Выдатнікаў звычайна больш, чым паспяховых, у каго — дыпломы за ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах, прадметнай алімпіядзе. З апошняй, па словах Святланы Анатолеўны, поўны абвал сёлета: далей вобласці ніхто не прайшоў. Чаму? Так бывае, як і ў вялікім спорце. Пайшлі ў жыццё тыя, хто заваёўваў дыпломы — хваля талентаў на спадзе. А летась школы Зэльвеншчыны выпусцілі 22 медалісты! Гэта былі залатыя дзеці, з лёгкім жалем адзначае суразмоўніца:

— Моцная хваля ішла! Я хва­ліла іх, яны былі моцнымі ў вучобе, з імі можна было працаваць. А цяпер, у найбліжэйшыя гады два-тры, будзем накачваць мус­кулы, як кажуць, аднаўляць пазіцыі. Падрастаюць новыя таленты, з якімі працуем, але ж ім яшчэ трэба ўмацавацца.

І яшчэ пра Дошку гонару.

Калі адабраны з кандыдатур лепшыя, дзяцей выклікаюць, заказваюць фотамайстра, і ён робіць іх партрэты: вялікі — на Дошку гонару, меншы — у падарунак. Звычайна Дошка гонару абнаўляецца напярэдадні Дня Незалежнасці.

На раённую ўрачыстасць, якая праходзіць на цэнтральнай плош­чы, запрашаюцца прадстаўнікі калектываў. Калі ўносяць партрэты дарослых — і дзяцей таксама ўшаноўваюць, уручаюць ім адпаведныя сертыфікаты. А на наступны дзень дошку абнаўляюць, у раённай газеце пра гэта паведамляюць. Так што быць на Дошцы гонару для школьнікаў — вялікая ўзнагарода. Дзеці, гаворыць Святлана Жабрак, гэта разумеюць і ведаюць: калі ты паспяховы ў конкурсах — гэта пойдзе табе ў скарбонку.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: