РУС БЕЛ ENG 中文

У Астравецкім раёне створана эфектыўная сістэма метадычнай падтрымкі маладых спецыялістаў

23.04.2026

Па выніках абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы структурных падраздзяленняў аддзел адукацыі Астравецкага райвыканкама сёлета прызнаны пераможцам. Пра планы і напрацоўкі сістэмы адукацыі раёна карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела адукацыі Астравецкага райвыканкама Алена Васільчык.

— Гэтая перамога — вынік працы кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу нашага раёна, — упэўнена Алена Пятроўна. — Мы ганарымся, што адзначаны і нашы ўстановы: дзіцячы сад № 5 Астраўца — уладальнік дыплома ІІІ ступені ў Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе, прысвечаным Году добраўпарадкавання, а таксама Варнянская сярэдняя школа — лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі вобласці, размешчаная ў сельскай мясцовасці.

Плануем замацаваць сваю лідарскую пазіцыю. Траекторыя далейшых дзеянняў вызначана на выніковай нарадзе аддзела адукацыі пры ўдзеле намесніка старшыні райвыканкама.

Ужо ёсць пра што раска­заць. Павялічылася колькасць фіналістаў абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, пераможцаў абласнога этапу рэс­публіканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзены два абласныя семінары на базе раё­на, ажыццяўляецца актыўная работа па адкрыцці абласных рэсурсных цэнтраў педагагічных практык на базе Варнянскай сярэдняй школы (“Захаваем атлантычнага ласося”) і сярэдняй школы № 2 Астраўца (“Спецыяльная тэрыторыя развіцця маўлення”).

— Бягучы 2026-ы — год чарговага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў. Якімі прафесійнымі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць сучасны настаўнік года?

— Лічу, што сучасны настаўнік павінен быць прафесіяналам, адданым сваёй справе. Гэта ў ідэале. У першую чаргу я вылучыла б наступныя прафесійныя якасці: уменне і жаданне мець зносіны з дзецьмі, цярпенне, адказ­насць і дысцыпліна, справядлівасць, уменне захоўваць нейтральную пазіцыю пры ацэнцы іншых лю­дзей і імкненне да самаразвіцця, ініцыятыўнасць. Ёсць такія спецыялісты і сярод нашых пе­дагогаў.

У абласны этап конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2026” выйшлі 8 нашых настаўнікаў, а настаўніца беларускай мовы і літаратуры Міхалішкаўскай сярэдняй школы Наталля Валянцінаўна Ярмак і настаўніца замежнай мовы Варнянскай сярэдняй школы Віялета Уладзіміраўна Карчэўская сталі фіналістамі гэтага этапу. Крыху раскажу пра нашых таленавітых настаўніц. Наталля Валянцінаўна — аўтар дапаможнікаў па роднай мове для 5—7 класаў, Віялета Уладзіміраўна ў мінулым годзе была класным кіраўніком педагагічнага класа ўстановы, дзякуючы працы гэтага педагога на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 73% выпускнікоў класа.

— Якімі навучэнцамі вы асаб­ліва ганарыцеся?

— Ганарымся дасягненнямі кожнага дзіцяці. Асаблівая гордасць — за пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, якія атрымалі дыпломы ІІ ступені, Кацярыну Цвірко (руская мова), Дзмітрыя Сарокіна (астраномія), Аляксандра Харлаагійна (працоўнае навучанне), Арсенія Філіпава (фізічная культура і здароўе). Усе яны навучэнцы гарадской гімназіі № 1.

Ганарымся таксама школьнікамі, якія вучыліся ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку і маюць дасягненні ў сферы робататэхнікі і інжынерыі: гэта навучэнцы сярэдняй школы № 3 Астраўца Арцём Арцем’еў, Агата Цімошыніна, Юлія Гайдановіч. Ёсць у раёне і юныя таленавітыя спартсмены — Анжаліка і Арына Еўлашовы з сярэдняй школы № 2 горада, Вера Габалава з сярэдняй школы № 3 Астраўца і Арыядна Парамонава з астравецкай гімназіі № 1.

— Што асаблівага запланавана ў сістэме адукацыі Астравеччыны ў Год беларускай жанчыны? Якія ўмовы створаны ў раёне для маладых сем’яў педагогаў і маладых спецыялістаў?

— У Год беларускай жанчыны ў нас створаны праект “Ты жанчына, ты кніга паміж кніг…”, які прымяркоўвае складанне банка даных жанчын, што ўнеслі значны ўклад у развіццё сістэмы адукацыі, напісанне іх жыццё­вых гісторый “Мой шлях у педагогіку” і тэатралізаваную пастаноўку гэтых гісторый. Ганаровыя госці — самі гераіні.

У раёне створана сістэма метадычнай падтрымкі маладых спецыялістаў. Пачынаючыя педагогі штогод становяцца лаўрэатамі прэміі “Паспяховы старт”.

Хачу адзначыць, што станоўчую ацэнку з боку настаўнікаў першага года работы атрымаў арганізаваны ўпершыню адукацыйны інтэнсіў, які складаўся з практыка-арыентаваных мерапрыемстваў. У іх прынялі ўдзел 87% маладых спецыялістаў устаноў адукацыі раёна. Гэтая практыка будзе прадоўжана.

Арганізавана работа з рэзервам кадраў у адпаведнасці з патрабаваннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 2004 года № 354 “Аб рабоце з кіраўніцкімі кадрамі ў сістэме дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый”. Функцыянуе школа рэзерву кадраў. Новаўвядзенне, якое будзе ўкаранёна ў работу ў бягучым го­дзе, — выкарыстанне метаду кейсаў для эфектыўнай работы з кадравым рэзервам.

 Што да сацыяльнай падтрымкі, то ў нас прадугледжана першачарговае прадастаўленне арэнднага жылля маладым педагогам, прымяненне паніжальнага каэфіцыенту пры разліку аплаты за яго карыстанне, прадастаўленне ў поўным аб’ёме матэрыяльных гарантый маладым педагогам згодна з калектыўнымі дагаворамі ўстаноў адукацыі. Сярод гарантый — надбаўка за работу па кантракце ў памеры 50% на ўвесь тэрмін абавязковай адпрацоўкі; маладым спецыялістам 1—2 года работы штомесяц праводзіцца даплата ў памеры да 30% службовага акладу і г.д. Наша моладзь мае магчымасць рэалізацыі сваіх творчых ініцыятыў, перспектыву кар’ернага росту, уключэння ў перспектыўны кадравы рэзерв педагогаў з ліку маладых спе­цыялістаў.

 Якія планы ў начальніка аддзела адукацыі на канец навучальнага года і летнюю аздараўленчую кампанію?

— Мы рыхтуемся да выніковай атэстацыі, раённага выпускнога і летняй аздараўленчай кампаніі. Выніковая атэстацыя адбудзецца для 289 дзевяцікласнікаў і 205 адзінаццацікласнікаў. Раённы выпускны баль ужо мае сваю канцэпцыю: мітынг ля помніка савецкім воінам і партызанам, шэсце выпускнікоў па галоўнай вуліцы і ўрачыстае мерапрыемства ў цэнтры горада. Усе сюрпрызныя моманты расказаць не можам, але арганізатары абяцаюць зрабіць свята запамінальным як для выпускнікоў, так і для гасцей.

***

Працягваецца падрыхтоўка да летняй аздараўленчай кампаніі. Распрацаваны і часткова рэалізаваны план добраўпарадкавання дзіцячага аздараўленчага лагера “Ластаўка”. На базе лагера адбылася рабочая нарада з удзелам кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна, з кожным з іх вызначана і абмеркавана зона адказнасці пры падрыхтоўцы лагера. У гэтым годзе прыём дзяцей пачнецца значна раней, 26 мая, у сувязі з правя­дзеннем вучэбна-палявых збораў для навучэнцаў 10 класаў.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: