РУС БЕЛ ENG 中文

Як будуць праводзіцца вучэбна­-палявыя зборы, расказалі ў Мінадукацыі

23.04.2026

 

Як сёлета будуць праводзіцца вучэбна­-палявыя зборы, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала Ірына Каржова, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галіновага міністэрства.

— Вучэбна-палявыя зборы праводзяцца для юнакоў 10 класа, каб удасканальваць прадметныя кампетэнцыі па вучэбным прадмеце “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка”, адпрацоўваць практычныя навыкі па дапрызыўнай падрыхтоўцы. У адпаведнасці з вучэбным планам агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі ад 23.04.2025 № 75, вучэбна-палявыя зборы право­дзяцца ў аб’ёме 60 гадзін на працягу 10 дзён. Міністэрства адукацыі ва ўзаемадзеянні з галоўнымі ўпраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў, камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама для правядзення вучэбна-палявых збораў ва ўмовах найбольш набліжаных да ўмоў вайсковай часці праводзіць работу па арганізацыі іх правядзення ў фармаце кругласутачнага знаходжання навучэнцаў (палатачныя стацыянарныя, палатачныя перасовачныя, аздараўленчыя лагеры і інш.) з 26 мая па 5 чэрвеня.

Пры немагчымасці арганізаваць правядзенне вучэбна-палявых збораў у фармаце кругласутачнага знаходжання навучэнцаў вучэбна-палявыя зборы арганізоўваюцца ў тыя ж тэрміны на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Для павышэння якасці і эфектыўнага выкарыстання існуючых матэрыяльна-тэхнічных магчымасцей устаноў адукацыі, стварэння здаровай канкурэнцыі сярод юнакоў пры правядзенні вучэбных заняткаў, конкурсаў, спаборніцтваў і выкананні нарматываў вучэбна-палявыя зборы рэкамендавана праводзіць у складзе некалькіх або ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

З мэтай прафарыентацыі на атрыманне ваенных спецыяльнасцей, фарміравання маральна-псіхалагічнай гатоўнасці да ваеннай службы, удасканалення ўменняў і навыкаў, сфарміраваных на вучэбных занятках па дапрызыўнай падрыхтоўцы, пры правядзенні вучэбна-палявых збораў як у фармаце кругласутачнага знаходжання, так і на базе школы (гімназіі) рэкамендавана арганізоўваць узаемадзеянне з вайсковымі часцямі (ваеннымі кафедрамі, факультэтамі, ваеннымі навучальнымі ўстановамі) па пытаннях выдзялення асабовага складу і неабходнай ваеннай маёмасці, вучэбнага абсталявання і сродкаў навучання.

Вызваленне навучэнцаў ад вучэбна-палявых збораў ажыццяўляецца толькі па медыцынскіх паказаннях. Пералік захворванняў, якія з’яўляюцца медыцынскай падставай для вызвалення навучэнцаў ад вывучэння асобных вучэбных прадметаў, зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 26.07.2022 № 76.

У адпаведнасці з пунктам 25 Правіл правядзення атэстацыі навучэнцаў пры засваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаных пастановай Міністэрства адукацыі ад 11.07.2022 № 184, рашэнне аб пераводзе навучэнцаў у 11 клас прымаецца педагагічным саветам пасля завяршэння вучэбна-палявых збораў і пасля выстаўлення гадавой адзнакі па вучэбным прадмеце “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка” за перыяд навучання ў 10 класе.

Для дзяўчат прадугледжана правядзенне практычных заняткаў па медыцынскай падрыхтоўцы (таксама ў аб’ёме 60 гадзін). Яны арганізоўваюцца, як правіла, з выкарыстаннем базы ўстаноў аховы здароўя, рэгіянальных падраз­дзяленняў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа або рэгіянальных падраздзяленняў МНС. Пры адсутнасці такой магчымасці заняткі могуць праводзіцца непасрэдна ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Для эфектыўнага навучання рэкамендуецца прыцягваць медыцынскіх работнікаў і выкарыстоўваць сімуляцыйныя метады.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: