РУС БЕЛ ENG 中文

Дзякуючы рабоце музея Гудагайскай школы, гісторыя канцлагера Шталаг-342 стала добра вядомай жыхарам Астравеччыны

16.04.2026

 

Музейная педагогіка ў сучаснай установе адукацыі становіцца адным з найбольш эфектыўных сродкаў навучання і выхавання. Яскравы праклад гэтага — дзейнасць народнага музея “Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае” ў Гудагайскай сярэдняй школе Астравецкага раёна. Кіруе гісторыка-­краязнаўчым музеем настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Жалток. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Музей — гэта жывая па­мяць народа, — пачынае Ірына Мікалаеўна. — У музейных фондах звыш 1850 прадметаў, якія адлюстроўваюць жыццё, побыт, традыцыі і духоўны свет жыхароў Гудагайшчыны. Экспазіцыя структуравана па раздзелах, што дазваляе будаваць адукацыйныя маршруты лагічна і паслядоўна. На базе музея працуе аб’яднанне па інтарэсах “Юны экскурсавод”, членамі якога з’яўляюцца вучні 5—7 класаў, зацікаўленыя краязнаўствам. Юныя экскурсаводы праводзяць аглядныя і тэматычныя экскурсіі па раздзелах экспазіцый музея на дзяржаўных і англійскай мовах.

На погляд журналістаў “Настаўніцкай газеты”, гэты школьны музей надзвычай багаты на цікавыя экспанаты. Па меркаванні кіраўніка музея Ірыны Жалток, найбольш каштоўнымі з іх з’яўляюцца факсімільнае выданне Канстытуцыі 1791 года, кніга Poezja Heronima Marcinkiewicza, выдадзеная ў 1845 годзе ў Вільні, а таксама калекцыя манет і папяровых купюр Расійскай імперыі, часовых урадаў грамадзянскай вайны. У калекцыі манет ёсць нават баратынка — медны шэлег вартасцю трэць гроша, адчаканеная ў Польшчы ў перыяд з 1659 да 1666 года Тытусам Левіушам Баратыні.

Экспазіцыя музея складаецца з 7 раз­дзелаў. Коратка спынімся на самых цікавых з іх.

Раздзел “З гісторыі зямлі гудагайскай” прысвечаны гісторыі ўзнікнення Гудагая, стварэння і развіцця мясцовага калгаса і прадпрыемстваў на тэрыторыі пасёлка. Вялікая Айчынная вайна паказана ў раздзеле праз прызму лёсаў землякоў. Асаблівае месца ў экспазіцыі адведзена канцэнтрацыйнаму лагеру Шталаг-342 і тым людзям, што там загінулі.

— На працягу апошняга дзесяцігоддзя вядзецца пошукавая работа па ўстанаўленні сувязей з роднымі тых ваеннаслужачых, якія пахаваны ў брацкай магіле ў нашым пасёлку. У 1941—1942 гадах гэтыя людзі трапілі ў нямецкі палон і сталі вязнямі лагера Шталаг-342, які размяшчаўся ў будынку мясцовай сямігодкі. Месца пахавання сваіх родных змаглі наведаць сем’і з Новасібірска, Варонежа, Валгаградскай вобласці, Стаўрапольскага краю Расійскай Федэрацыі, беларускага Мазыра, а таксама з вострава Сахалін. Дзякуючы рабоце школьнага музея, гісторыя гэтага канцлагера стала добра вядомай жыхарам усёй Астравеччыны, — расказвае Ірына Жалток.

У студзені 2023 года музей школы папоўніўся раздзелам “Генацыд — памяць і боль беларускага народа”. Ён уключае ў сябе гісторыю даваеннай Гудагайшчыны, інфармацыю пра наступствы акупацыйнага рэжыму і новага парадку, а таксама расказ­вае пра вынікі пошукавай работы. Асаблівым элементам часовай экспазіцыі з’яўляецца карта гета Астравецкага раёна.

У раздзеле “Знакамітыя людзі зямлі гудагайскай” гаворыцца пра дзейнасць трох прафесараў, ураджэнцаў гэтай зямлі: ­А.Мальдзіса, С.Бразінскага і А.Малафеева. У раздзеле “Мастакі зямлі гудагайскай” можна азнаёміцца з дзейнасцю мастакоў Льва Дабжыньскага, Алега Драбышэўскага і іх работамі.

— Кожны музейны прадмет раздзела “Этнаграфічны збор” — гэта гісторыя жыцця нашых землякоў, — працягвае Ірына Мікалаеўна. — Так, тэматычная экспазіцыя “Што насілі нашы продкі?” дазваляе азнаёміцца з рознымі відамі абутку, які насілі мясцовыя жыхары ў ХІХ—ХХ стагоддзях. Дэманструюцца ў нашым музеі калекцыі абрусоў, дываноў, ручнікоў, сталярных і ганчарных вырабаў. У ансамблевай экспазіцыі захоўваюцца ці ўзнаўляюцца на дакументальнай аснове абставіны, звязаныя з гістарычнымі падзеямі, культурай, побытам народа, дзейнасцю выдатнай асобы. Менавіта гэты метад выкарыстаны пры афармленні экспазіцыі “Ткацкія вырабы і вышыванкі мясцовых майстроў”.

Адметнасць і каштоўнасць народнага гісторыка-краязнаўчага музея Гудагайскай школы ў тым, што гэта музей гісторыі рэгіёна. Экспазіцыя школьнага музея — своеасаблівая справаздача аб пошуку, а таксама база для далейшай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў, арганізацыі іх новых пошукаў і даследаванняў.

Народны музей Гудагайскай сярэдняй школы не толькі адлюстроўвае гісторыю і выступае крыніцай гістарычных звестак, але і фарміруе асабістае стаўленне да фактаў і такім чынам адыгрывае важную ролю ў выхаванні маладога пакалення. Абсалютна лагічна, што ён стаў адной з пляцовак для правядзення нядаўняга абласнога семінара “Адукацыйны турызм як форма навучання і патрыятычнага выхавання навучэнцаў Гродзенскай вобласці”.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: