«Здаровая планета пачынаецца з мяне» — пад такім дэвізам жыве калектыў дзіцячага сада № 1 Астраўца
15.04.2026У дзіцячым садзе № 1 Астраўца асаблівая ўвага ўдзяляецца фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Па словах загадчыцы дзіцячага сада Кацярыны Ігнатовіч, фізкультурай і спортам у літаральным сэнсе гэтага слова жыве ўвесь калектыў — дзеці, іх бацькі, педагагічныя работнікі. Спецыяльнага адбору малышоў, здольных да заняткаў фізічнай культурай, тут не вядзецца — любоў да спартыўных гульняў, фітнесу і іншай фізічнай актыўнасці прывіваецца ў кожнага дзіцяці. І малым падабаецца такі актыўны і здаровы лад жыцця.

Лізавета Жых са сваімі выхаванцамі
…У гімнастычнай зале дашкольнай установы віруе энергія. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў яркай спартыўнай форме пад куратарствам кіраўніка фізічнага выхавання Лізаветы Жых адточваюць навыкі гульні ў баскетбол. Дарэчы, гэты від спорту ў дзіцячым садзе — адзін з прыярытэтных.
— З 2019 года наша ўстанова — удзельнік сацыяльна-культурнага праекта “Планета баскетбола — аранжавы атам”, — расказвае Кацярына Іванаўна. — З таго ж часу ў нас функцыянуе на бясплатнай аснове аб’яднанне па інтарэсах “Юны баскетбаліст”. У рамках праекта мы цесна супрацоўнічаем з размешчанай побач з нашым дзіцячым садам гімназіяй № 1 Астраўца: арганізуем сумесныя трэніроўкі дашкалят і гамназістаў, а таксама сяброўскія матчы па баскетболе. У нашай установе адукацыі стала традыцыяй у канцы навучальнага года ладзіць спартыўнае мерапрыемства “Баскетбол — аранжавы мяч” — гэта своеасаблівая перадача эстафеты на ўдзел у праекце новым групам дзіцячага сада, якія будуць асвойваць баскетбол.
Бачу ў гімнастычнай зале, акрамя аранжавых баскетбольных мячоў (дарэчы, маленькага памеру, бо разлічаны на дашкольнікаў), яшчэ і футбольныя. Кацярына Ігнатовіч пацвярджае, што футболу ў дзіцячым садзе таксама ўдзяляецца шмат увагі:
— Для таго каб нашы выхаванцы паспяхова авалодалі элементамі футбола, запрашаем на заняткі трэнераў Астравецкай СДЮШАР, якія не толькі працуюць з дзецьмі, але і перадаюць вопыт кіраўнікам фізічнага выхавання дзіцячага сада. Крыху падзялюся нашымі планамі: у наступным навучальным годзе мы пашырым спектр дадатковых паслуг і адкрыем на базе дзіцячага сада аб’яднанне па інтарэсах “Залаты мяч”. Трэнер СДЮШАР Аляксандр Ромаш будзе вучыць нашых малышоў гуляць у футбол.
Дзіцячы сад № 1 горада карыстаецца вялікай папулярнасцю ў бацькоў яшчэ і таму, што з пачатку вясны тут функцыянуе група ранняга ўзросту “Званочкі” для малышоў ад года да двух. Працуюць у групе выхавальніца Яна Гарбар і памочнік выхавальніка Аксана Лобанава, якія ладзяць для дзетак спакойныя гульні, арганізуюць прагулкі на свежым паветры, дзённы сон і, самае галоўнае, дораць клопат, любоў і ўвагу.
Як гаворыць Кацярына Ігнатовіч, у дзіцячым садзе № 1 Астраўца створана шматфункцыянальнае спартыўнае асяроддзе, на 100 працэнтаў аснашчанае неабходным інвентаром і абсталяваннем. У гэта ахвотна верыш, калі назіраеш за малышамі, якія круцяць педалі велатрэнажора і крочаць па бегавой дарожцы — тут адкрыта яшчэ і аб’яднанне па інтарэсах “Дзіцячы фітнес”. Працуе з дзецьмі выхавальніца Ангеліна Вяршыла.

Заняткі ў мультыбары праводзіць выхавальніца Яніна Шнок
Ва ўстанове адукацыі для фізічнай загартоўкі дашкалят функцыянуе басейн. Як падкрэслівае загадчыца, тут дзеці не толькі вучацца плаваць, але і замацоўваюць элементы спартыўных гульняў, напрыклад баскетбола — вучацца трапляць мячом у надзіманае баскетбольнае кальцо.
— Мы працуем у цеснай сувязі з медыцынскім работнікам, каб фізічная нагрузка была адэкватнай для кожнага дзіцяці, асабліва для малых з аслабленым здароўем. У кожнай групе ёсць цэнтр фізічнага развіцця, дзе ў свабодным доступе для дзяцей — мячы розных памераў, абручы, скакалкі, стужкі, нестандартнае абсталяванне (гантэлі з пластыкавых бутэлек, мішэні-ліпучкі і г.д.), — працягвае Кацярына Іванаўна.
А каб яшчэ больш зацікавіць малышоў здаровым ладам жыцця і зрабіць працэс аздараўлення захапляльным, у дзіцячым садзе стварылі мультыбар. Па словах намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці Вольгі Корвель, выкарыстоўваючы дыдактычныя гульні, незвычайны інвентар, выхавальнікі дашкольнай установы вучаць дзяцей быць моцнымі, спрытнымі і здаровымі, як героі іх любімых кніг ці вядомыя спартсмены.
Источник: https://nastgaz.by
