РУС БЕЛ ENG 中文

Александр Бахаев из Ольховской СШ дошёл до суперфинала популярного телепроекта «Я знаю!»

14.04.2026
 

Дзесяцікласнік Альхоўскай СШ Аляксандр Бахаеў дайшоў да суперфінала папулярнай інтэлектуальнай віктарыны “Я ведаю!”, якая выходзіць на тэлеканале “Беларусь-1”. Нагадаем, трапіць “у тэлевізар” няпроста: школьнікі праходзяць сур’ёзны адбор сярод равеснікаў і на гульню едуць толькі 2 прэтэндэнты з вобласці. Такім чынам, паміж сабой спаборнічаюць 12 школьнікаў.

Нашага старшакласніка падтрымлівала на праекце яго педагог, настаўнік фізікі і матэматыкі Таццяна Ждановіч.

Галоўная мэта тэлепраекта –пошук разумніц і разумнікаў розных узростаў. Каб стаць лепшым сярод равеснікаў у гэтым інтэлектуальным турніры, мала вучыцца на “выдатна” і ледзь не на зубок ведаць матэрыял падручніка, трэба быць яшчэ эрудзіраваным, знаходлівым і ініцыятыўным. Гэтыя якасці і прадэманстваў Аляксандр Багаеў і, думаецца, даказаў не толькі сабе, але і іншым, што ведае!

 

Слова героям

Аляксандр Бахаеў:


– Я здзівіўся, калі даведаўся, што буду ўдзельнічаць у тэлегульні “Я ведаю!”.

Віктарына праходзіць у фармаце чатырох тураў у неверагодна добразычлівай атмасферы, гэта тычыцца і ўдзельнікаў, і арганізатараў, і вядучых.


У фінале было не так хвалююча, як на суперфінале, хутчэй цікава. Зазначу, што некаторыя пытанні падаліся не складанымі, памылкі дапускаў у большай ступені з-за недахопу часу. У трэцім туры дамінавала не мая тэматыка – было складана. Змог адказаць толькі на пытанне з сярпом. Самымі крыўднымі былі пытанні па табліцах (першы тур) і пра шклянку (трэці).

Прызнацца, не чакаў, што траплю ў суперфінал. Пытанні першага тура па складанасці не асабліва адрозніваліся ад фінала. А вось другі этап выдаўся няпростым, хоць на свае тэмы (фізіка, матэматыка, гісторыя) я адказваў без памылак. Самым крыўдным было пытанне пра эклеры, я іх ніколі не гатаваў, таму і не ўяўляў, з якога цеста іх робяць.


Нягледзячы на ўсе нюансы і складанасці, я вельмі ўсцешаны, што змог паўдзельнічаць у суперфінале. Гэты досвед стаў для мяне не толькі цікавым, але і патрэбным.

Хачу выказаць удзячнасць настаўнікам нашай школы за падрыхтоўку, таму што на большасць пытанняў я адказаў дзякуючы іх урокам. Асабліва – Таццяне Мікалаеўне Ждановіч, Людміле Уладзіміраўне Саўко, Ніне Іванаўне Куцько.

Таццяна Мікалаеўна Ждановіч:


– Саша займаецца ў класе фізіка-матэматычнага профілю, дзе я выкладаю. Сёлета ён прайшоў адбор на абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і гісторыі. Удзельнічаў у турніры юных фізікаў. Словам, нашага вучня, мне здаецца, цалкам заслужана запрасілі ў гэты праект.

Калі аб’явілі Альхоўскую школу, мяне перапаўняў гонар.

За гульнёй я і іншыя настаўнікі назіралі ў асобным памяшканні. Пытанні, на якія не адказалі дзеці, “прыляталі” да нас. І мы таксама не на ўсе ведалі адказ. Напрыклад, хто прыдумаў адометр. Я ведала, дзе гэты прыбор знаходзіцца на панэлі аўтамабіля і для чаго ён, а аўтара гэтага вынаходніцтва – не. Аказваецца, яно належыць Герону Александрыйскаму.

Пасля другога тура Саша лідзіраваў. У трэцім, дзе трэба было даць адказ на хуткасць і націснуць кнопку, некаторыя дзеці зрэагавалі хутчэй за яго.

Праз некалькі тыдняў нам патэлефанавалі з Белтэлерадыёкампаніі і запраілі на суперфінал. Хоць Саша і не перамог, але прадэманстраваў выдатныя веды.

 

Источник: https://www.ostrovets.by

поделиться в: