Ірына Скобля — пра шэраг адметных праектаў, якія рэалізуюцца ў Навагрудскім раёне
08.04.2026Спалучэнне традыцый якаснай адукацыі і сучасных педагагічных тэхналогій, рэалізацыя новых праектаў у школах і дзіцячых садах, дасягненні педагогаў і навучэнцаў — пра гэта ў інтэрв’ю карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з начальнікам упраўлення адукацыі Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Ірынай Скобляй.

— Ірына Міхайлаўна, давайце пачнём нашу размову з асноўных напрамкаў развіцця сістэмы адукацыі Навагрудскага раёна.
— Наша сістэма адукацыі — жывы арганізм, які дынамічна развіваецца і аб’ядноўвае 30 устаноў — ад дзіцячых садоў да гімназій і ўстаноў дадатковай адукацыі. Мы імкнёмся стварыць адзіную адукацыйную прастору, дзе кожнае дзіця, незалежна ад месца жыхарства, мае роўныя магчымасці для развіцця. У аснове нашай работы — захаванне традыцый якаснай адукацыі і ўкараненне сучасных педагагічных тэхналогій. Мы ганарымся тым, што нашы ўстановы не проста даюць веды, а выхоўваюць асобу, гатовую да выклікаў сучаснасці.
Безумоўна, мы разумеем, што сістэма адукацыі павінна быць гнуткай і адпавядаць запытам часу. Пытанні аптымізацыі разглядаюцца вельмі ўзважана, з улікам інтарэсаў дзяцей і жыхароў раёна. Што да кадравага дэфіцыту, то гэта выклік для ўсёй сістэмы адукацыі краіны. Мы актыўна працуем над далучэннем маладых спецыялістаў: даём ім жыллё, забяспечваем эфектыўнасць і якасць настаўніцтва, падтрымліваем прафесійны рост педагогаў. Для нас важна, каб у кожнай установе адукацыі працавалі моцныя, матываваныя і крэатыўныя педагогі.
— Якімі дасягненнямі калег і іх навучэнцаў вы асабліва ганарыцеся?
— Ганаруся кожным настаўнікам, які ўкладвае душу ў сваю работу. Але асабліва тымі, хто рыхтуе нашых пераможцаў і прызёраў алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў. Прыемна, што такіх педагогаў шмат.
Адна з самых прэстыжных узнагарод у сістэме адукацыі Навагрудчыны — штогадовае прысуджэнне звання “Педагог года” з уручэннем вялікай і, несумненна, заслужанай грашовай прэміі кіраўніцтвам раёна. У 2025 годзе такога гонару ўдастоены адразу два педагогі Навагрудка: настаўніца сярэдняй школы № 7 Святлана Дзмітрыеўна Пілюцік і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 4 імя П.А.Мазуры Жанна Іванаўна Клімко. Гэтыя людзі не проста перадаюць веды і вопыт навучэнцам, яны натхняюць педагогаў усяго раёна, застаючыся ўзорам выканання свайго грамадзянскага абавязку, прыкладам шчырага служэння адукацыйнай справе.
Не магу не адзначыць якасную работу настаўнікаў-прадметнікаў, што неаднаразова даказваецца і пацвярджаецца поспехамі іх вучняў, якія штогод дэманструюць бліскучыя вынікі на ЦЭ і ЦТ. Так, летась нашы выпускнікі атрымалі 19 стабальных сертыфікатаў, прычым 4 адзінаццацікласнікі паказалі максімальны вынік адразу па 2 прадметах.
З ліку апошніх дасягненняў — перамога Кірыла Калодкі, навучэнца сярэдняй школы № 5 Навагрудка імя Рыгора Фамічова, у суперфінале тэлепраекта “Я ведаю” сярод 8-х класаў. А днямі прыйшла яшчэ адна добрая вестка: вучаніца сярэдняй школы № 4 Ганна Двілевіч стала лепшым экскурсаводам у намінацыі “Агульнагістарычны профіль” Рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі.
Хочацца ўспомніць і нашу юную спартыўную зорачку Караліну Раманюк, навучэнку гімназіі № 1 Навагрудка, якая ў мінулым годзе заваявала 2 залатыя медалі на рэспубліканскіх спаборніцтвах па біятлоне “Снежны снайпер” і стала лаўрэатам прэміі імя Героя Беларусі Аляксандра Дубко.
Гордасць выклікае педагог пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Навагрудка імя Пятра Аляксеевіча Мазуры Алена Пятроўна Байрашэўская. Яна настаўнік-метадыст, распрацавала 3 вучэбныя дапаможнікі па прадмеце “Літаратурнае чытанне” для 2—4 класаў.
Да таго ж варта адзначыць зладжаную работу педкалектываў устаноў адукацыі. Лепшымі з іх па выніках дзейнасці 2025 года сталі сярэдняя школа № 4 Навагрудка, Пятрэвіцкая сярэдняя школа імя В.Д.Валчэцкага і дзіцячы сад № 12 Навагрудка. І гэта не фармальныя пераможцы, а рэальныя лідары, якія заслужылі быць першымі і зрабілі ўсё, каб стаць самымі лепшымі.
— Як вядзецца работа з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі?
— Работа з адоранымі дзецьмі — адзін з прыярытэтных напрамкаў. У нашым раёне выбудавана сістэма: ад школьных навукова-даследчых таварыстваў да профільных змен і індывідуальных кансультацый з наймацнейшымі настаўнікамі-прадметнікамі. Вынікі на рэспубліканскай алімпіядзе стабільныя: мы ўваходзім у лік лідараў вобласці па колькасці дыпломаў. Сёлета 2 нашы навучэнцы перамаглі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
Сакрэт поспеху просты — гэта сінергія таленту вучня, майстэрства педагога і сістэмнай падтрымкі з боку ўпраўлення адукацыі і кіраўніцтва раёна.
Мною пастаўлена задача перад кіраўніцтвам школ і гімназіі штодзень працаваць над тым, каб нашы навучэнцы маглі дастойна канкурыраваць на ўсіх абласных і рэспубліканскіх алімпіядах і конкурсах, рэгулярна папаўняючы скарбонку перамог і дасягненняў.
— Ва ўстановах адукацыі вашага раёна рэалізуецца шэраг адметных праектаў. Раскажыце, калі ласка, пра іх.
— Педагогі і навучэнцы гімназіі № 1 Навагрудка і Гарадзечненскай сярэдняй школы імя Мікалая Шуляка ўдзельнічаюць у эксперыментальным праекце “Апрабацыя мадэлі канцэнтраванага навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. А ў сярэдняй школе № 7 Навагрудка першы год праводзіцца актуальны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання крэатыўнага мыслення малодшых школьнікаў у кантэксце фарміравання функцыянальнай адукаванасці”, які прадоўжыцца да 2029 года.
У васьмі ўстановах завяршаецца рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі выкарыстання драматызацыі як сродку духоўна-маральнага развіцця навучэнцаў (на прыкладзе традыцый беларускага тэатра батлейка). Гімназія № 1 Навагрудка рыхтуецца распачаць праект “Укараненне мадэлі тэхналагічнай адукаванасці ў вучняў дапрофільных і профільных класаў на аснове стварэння тэхнічных прылад з функцыямі штучнага інтэлекту”. А яшчэ працягваюць функцыянаваць 2 абласныя цэнтры эфектыўных педагагічных практык у навагрудскіх сярэдняй школе № 1 і спецыяльнай школе-інтэрнаце імя Л.Ф.Пашынскага. У іх арганізуюць майстар-класы, семінары-практыкумы для педагогаў Гродзенскай вобласці.
— Не магу не запытацца, ці ўдзельнічаюць педагогі Навагрудчыны ў конкурсе “Настаўнік года”?
— Гэты конкурс — сапраўднае свята педагагічнага майстэрства. Нашы настаўнікі, у тым ліку маладыя, кожны раз прымаюць у ім удзел, і заўсёды пераможцы раённага этапу дастойна прадстаўляюць Навагрудчыну на занальным узроўні. Выхад на рэспубліканскі этап — пакуль для нас складаная задача, але і над яе вырашэннем мы старанна працуем. Пераканана: удзел у гэтым спаборніцтве — моцны стымул для прафесійнага росту і абмену вопытам.
Лічу, што сучасны педагог — гэта не проста носьбіт ведаў, а настаўнік, псіхолаг, даследчык і наватар у адной асобе. Ён павінен быць гнуткім, умець працаваць у камандзе, валодаць лічбавымі тэхналогіямі і, самае галоўнае, шчыра любіць дзяцей і сваю прафесію. Настаўнік сёння — гэта праваднік у свет інфармацыі, які вучыць дзяцей думаць крытычна, тварыць і быць адказнымі грамадзянамі сваёй краіны.
Источник: https://nastgaz.by
