Вопытам фарміравання чытацкай адукаванасці і выхавання патрыятызму падзяліліся ў сярэдняй школе № 4 Навагрудка
06.04.2026Чытацкая адукаванасць і лагічнае мысленне вызначаюць поспех вучня ў любой галіне ведаў, упэўнена Алена Байрашэўская, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Навагрудка імя Пятра Аляксеевіча Мазуры. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— У сучаснай школе настаўнік пачатковых класаў — гэта не проста педагог, а архітэктар функцыянальнай адукаванасці. За 33 гады работы я зразумела адно: дзяцей нельга проста вучыць, з імі трэба пражываць кожны ўрок. Калі мы разбіраем складаную лагічную задачу або аналізуем тэкст, я бачу, як у іх вачах загараецца іскра разумення. Гэта і ёсць галоўная ўзнагарода, — падзялілася настаўніца пачатковых класаў Алена Байрашэўская.

Яе вопыт па фарміраванні чытацкай адукаванасці стаў падмуркам для рэалізацыі раённага праекта “Укараненне тэхналогіі прадукцыйнага чытання ў сістэму ўрокаў літаратурнага чытання для 2—4 класаў”. Як ключавы спікер праекта яна трансліравала калегам галоўную ідэю: чытанне — гэта не тэхнічны навык, а працэс здабычы сэнсаў.
— На майстар-класах я дэманстравала, як адысці ад рэпрадуктыўных пытанняў “Хто пайшоў?” і “Што зрабіў?” да глыбокага аналізу, навучыць весці дыялог з аўтарам, чытаць паміж радкоў і суперажываць героям. Чытацкая адукаванасць — гэта не пра хуткасць вымаўлення слоў, а пра здольнасць дзіцяці “ўзламаць код” тэксту, знайсці ў ім адказы на жыццёвыя пытанні і сфарміраваць уласную пазіцыю. А таму мая парада педагогам гучыць так: не бойцеся цішыні на ўроку, дайце дзіцяці час “пражыць” тэкст і знайсці ў ім нешта сваё, — падкрэсліла настаўніца.
Дзякуючы праекту, тэхналогія прадукцыйнага чытання ў школах Навагрудскага раёна набыла сістэмны характар. Педагогі — удзельнікі праекта адзначаюць не толькі высокую тэхніку чытання, але і развітое крытычнае мысленне і высокі ўзровень чытацкай адукаванасці навучэнцаў.
— Для мяне кніга ў руках дзіцяці — ключ да пазнання свету. І сваім прыкладам імкнуся давесці: каб вырасціць удумлівага чытача, настаўнік сам павінен быць даследчыкам і творцам, — дадала Алена Байрашэўская.
Яе тэарэтычныя ідэі знайшлі матэрыяльнае ўвасабленне ў аўтарскіх дапаможніках па рускай і беларускай літаратуры “Комплексныя работы з тэкстамі”. Яны сталі для многіх настаўнікаў краіны дарожнай картай па развіцці чытацкай адукаванасці вучняў пачатковай школы. Бо гэтыя дапаможнікі — рабочы стратэгічны рэсурс для настаўніка, які рыхтуе дзяцей да рэальнага жыцця, а не толькі да наступнага ўрока.
У студзені бягучага года выйшаў з друку новы дапаможнік А.П.Байрашэўскай для факультатыўных заняткаў “Элементы логікі” ў 3 класе. Сёння адзначаецца недастатковы ўзровень развіцця лагічнага мыслення ў дзяцей. А, як вядома, без логікі няма ні аналізу, ні вырашэння праблем, ні дакладнай камунікацыі. Таму дапаможнік паспрыяе ліквідацыі разрыву паміж уменнем вырашаць стандартныя задачы і ўменнем спраўляцца з нестандартнымі жыццёвымі задачамі.
— Развіццё лагічнага мыслення ў малодшым школьным узросце — гэта залог паспяховасці ў вывучэнні ўсіх школьных прадметаў. У сваіх дапаможніках я прапаную сістэму заданняў, якія вучаць дзяцей аналізаваць, параўноўваць, класіфікаваць, будаваць выказванні, прыводзіць доказы. Такая работа дапамагае навучэнцам структураваць хаатычны паток інфармацыі і знаходзіць правільныя рашэнні ў нестандартных сітуацыях. Спалучэнне работы над тэкстам і развіцця лагічнага апарату дае моцны сінергетычны эфект: вучні паказваюць не толькі высокую тэхніку чытання, але і сфарміраванае ўменне думаць самастойна, — пераканана педагог. — Чытацкая адукаванасць і лагічнае мысленне вызначаюць поспех вучня ў любой галіне ведаў. Тэкст — гэта лабірынт, а логіка — нітка Арыядны, якая дапаможа не заблудзіцца ў сэнсах.
Дырэктар школы Жанна Іванова звярнула ўвагу на арганізацыю профільнага навучання:
— У старшых класах функцыянуюць інжынерныя групы, а ў сярэдняй школе з верасня 2024 года з’явіліся ваенна-патрыятычныя класы. На сённяшні дзень яны карыстаюцца папулярнасцю. Так, у 5 “Б” класе 22 навучэнцы, а ў 6 “Б” — 16. Для іх абсталяваны асобны вучэбны клас “Доўг. Гонар. Айчына” — прастора, дзе тэорыя сустракаецца з практыкай, гісторыя ажывае, а словы “доўг”, “гонар” і “Радзіма” напаўняюцца канкрэтным сэнсам. Тут праходзяць вучэбныя ўрокі, заняткі аб’яднання па інтарэсах “Абаронца Айчыны” і па вучэбным прадмеце “Дапрызыўная падрыхтоўка”. Гэта наш маленькі гарнізон у сценах школы.

А яшчэ ў гэтым спецыялізаваным кабінеце дэманструецца выстава дакументаў, кніг, артыкулаў, асабістых рэчаў супрацоўнікаў міліцыі савецкай эпохі, грамат і падзячных лістоў, прадастаўленых нам членамі ветэранскай арганізацыі Навагрудскага раённага аддзела ўнутраных спраў. Кожны прадмет — гэта не проста гісторыя службы, а жывая памяць, беражліва перададзеная ветэранамі маладому пакаленню.
Кіраўнік ВПВ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ўстановы Таццяна Сазановіч адказная за падрыхтоўку выхаванцаў раённага ваенна-патрыятычнага клуба “Багіра”. У верасні яна стварыла Тelegram-канал “Я — ПАТРЫЁТ”, а ў кастрычніку распрацавала карту партнёрства школы з вайсковымі часцямі, ваенкаматам, занальным архівам і інш.
— Мы ўзаемадзейнічаем з вайсковымі часцямі 75158, 14103, ваенным камісарыятам Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў, Навагрудскай раённай арганізацыяй “Беларускі саюз афіцэраў”, Навагрудскім раённым аддзелам унутраных спраў, ваеннымі факультэтамі УВА, Навагрудскім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Гэта дапамагае падлеткам у выбары прафесіі, — адзначыла Таццяна Віктараўна.
Так, для вучня 9 класа Данііла Пярко членства ў клубе — не фармальнасць, а першы свядомы крок да галоўнай мэты — паступлення ў Акадэмію МУС і службы ў органах:
— Мой бацька больш за 10 гадоў служыў у аддзеле папярэдняга расследавання, а затым у Следчым камітэце з дня яго ўтварэння да канца 2017 года. Яго жыццёвы і прафесійны шлях для мяне — жывы прыклад гонару, абавязку і самаахвярнага служэння закону, унутраны арыенцір і высокая планка, якой я імкнуся адпавядаць. У клубе атрымліваю моцную аснову — і фізічную, і маральна-валявую, якая, упэўнены, дазволіць з гонарам вытрымаць усе ўступныя іспыты.
У найбліжэйшы час у школе збіраюцца аформіць яшчэ адзін кабінет для ВПВ, а ў верасні адкрыць трэці ваенна-патрыятычны 5 “Б” клас.
Источник: https://nastgaz.by
