РУС БЕЛ ENG 中文

Заваёўваць узнагароды і не страчваць пазіцыі лідарства: інтэрв’ю з начальнікам упраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама

06.04.2026

Пра складнікі паспяховай дзейнасці рэгіянальнай сістэмы адукацыі карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыла з начальнікам упраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама Святланай Валько.

— Трэці год Слонімшчына ўвахо­дзіць у тройку лідараў штогадовага конкурсу галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. У чым сакрэт поспеху?

— У нашай формуле поспеху адным з галоўных кампанентаў з’яўляецца падтрымка з боку выканаўчай і заканадаўчай улады. Любую ініцыятыву альбо пачынанне нашага ўпраўлення адукацыі заўсёды ўхваляе старшыня райвыканкама. Дзякуючы гэтаму, а таксама дапамозе на абласным і рэспуб­ліканскім узроўнях, у раёне створана сучасная матэрыяльна-тэхнічная інфраструктура, забяспечана стабільная сацыяльная падтрымка як педагогаў, так і вучняў.

Не менш важнымі кампанентамі згаданай формулы з’яўляецца прафесіяналізм дырэктараў школ і якасць педагагічных кадраў. За апошнія 3 гады ў нас стала больш педагогаў з вышэйшай і першай катэго­рыяй. Сёння гэта амаль 80% настаўнікаў. Чацвёра нашых калег маюць катэгорыю “настаўнік-метадыст”.

Пра пастаяннае імкненне да развіцця сведчаць шматлікія ўзнагароды. У 2025 го­дзе настаўнікі Слонімскага раёна атрымалі падзякі кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта і Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, ганаровыя граматы і граматы Міністэрства адукацыі, галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абл­выканкама. Кожны асобны вынік у такім пераліку — поспех каманды.

— Якіх прынцыпаў прытрымліваецеся ў сваёй кіраўніцкай дзейнасці?

 Калі толькі прыйшла на пасаду, сваю ролю і задачы ўспрымала крыху інакш, чым сёння. На сёмым годзе работы разумею: трэба бачыць і адчуваць людзей. Ведаць, дзе патрабаваць строга, а дзе, наадварот, пахваліць загадзя і матываваць простай фразай: “Лепш за вас ніхто не зробіць”. Менавіта пры такім падыходзе людзі спраўляюцца з пастаўленай задачай нават лепш, чым ты чакаеш.

З калегамі з упраўлення адукацыі, метадычнага кабінета, кіраўнікамі ўстаноў і іх намеснікамі мы робім агульную справу. Заўсёды акцэнтую на гэтым увагу і рада, што мяне чуюць. На нядаўнім пасяджэнні выніковай калегіі пасля майго выступлення з дакладам старшыня райвыканкама задаў пытанне: “Вы не назвалі ніводнай установы з дрэннага боку. Навошта сабралі залу? Добрая?”

Зала заапладзіравала. (Усміхаецца.) Гэтыя авацыі былі не мне. Яны — важная характарыстыка нашай каманды, дзе кожны дырэктар разумее, што агульны поспех залежыць ад яго ўмення мабілізаваць сілы калектыву, дакладна размеркаваць задачы і стварыць умовы для іх выканання.

— Як матывуеце дырэктараў на вынік?

— У нас добрая практыка правядзення штогадовага конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстаноў адукацыі. І мы бачым, як педагагічныя калектывы зацікаўлены найлепшым чынам прадставіць свой вопыт, дасягненні.

Увогуле, сёння кіраўніку трэба асэнса­вана глядзець у будучыню, ставіць перад сабой і калектывам дакладныя, дасягальныя мэты. А любы вопыт — як станоўчы, так і адмоўны — важна аналізаваць, каб не спыняцца ў развіцці.

Імкнуся ствараць умовы для развіцця лідарскіх якасцей і кіраўніцкіх кампетэнцый дырэктараў устаноў адукацыі, заахвоч­ваць іх да каманднага ўзаемадзеяння, прыцягваючы патэнцыял спецыялістаў упраўлення адукацыі і метадыстаў раённага вучэбна-метадычнага кабінета.

— Што наконт маладых спецыя­лістаў?

 Сёлета ў раёне пачалі працаваць 33 маладыя спецыялісты: 26 — у школах, 5 — у дзіцячых садах, 2 — у раённым цэнт­ры творчасці. Удзяляем вялікую ўвагу іх метадычнаму суправаджэнню. Дзейнічае раённая школа маладога педагога, дзе ёсць секцыі для філолагаў, настаўнікаў замежнай мовы, настаўнікаў пачатковых класаў. Асобная школа арганізавана для педагогаў дашкольнай адукацыі.

Сярод традыцый — штогадовая раённая дэкада “Педагагічны дэбют” з дэманст­рацыяй дасягненняў першых двух гадоў работы. Яшчэ адна цікавая ініцыятыва — дэкада “Разам да вяршынь майстэрства”. У межах апошняй метадысты наведва­юць урокі маладых спецыялістаў і даюць парады, аналізуюць моцныя і не зусім удалыя моманты асобна ўзятых заняткаў.

Сістэма эфектыўнага настаўніцтва, далучэнне да метадычных аб’яднанняў, стымуляванне творчай ініцыятывы — усё гэта дапамагае расці нашым маладым калегам. Яны паспяхова заяўляюць пра сябе на аблас­ным і рэспубліканскім узроўнях. Сёлета Карына Геваркян з сярэдняй школы № 9 імя І.М.Сухамліна перамагла ў “SuperПРОФІ”. Раней нашы настаўнікі двойчы былі фіна­лістамі гэтага рэспубліканскага конкурсу. Трэці год запар каманда маладых педагогаў становіцца лепшай на міжнародным фестывалі “Прызванне — педагог”.

— Важны паказчык работы з моладдзю ў прафесіі — працэнт замацавання пасля адпрацоўкі.

— У 2025 годзе ў сістэме адукацыі раёна ён склаў больш за 77%. А ва ўстановах дашкольнай адукацыі другі год запар трымаецца на ўзроўні 100%.

Што спрыяе гэтаму? Не толькі ўжо згаданая работа. Значна павышае працэнт замацавання маладых спецыялістаў прадастаў­ленне арэнднага жылля, а таксама выдача мэтавых накіраванняў выпускнікам школ. На сённяшні дзень арэнднае жыллё ў нас атрымалі 39 маладых педагогаў. У 2025 го­дзе заключана 14 мэтавых дагавораў на навучанне па педагагічных спецыяльнасцях.

— А якія вынікі дае профільнае навучанне?

— Сёння галоўны стратэгічны вектар — падрыхтоўка вучняў да свядомага выбару прафесіі. Лічу, што залогам паспяховай работы профільных класаў прафесійнай накіраванасці з’яўляецца мадэль дапрофільнай падрыхтоўкі. Менавіта з гэтай мэтай мы пашырылі пералік прадметаў, якія на павышаным узроўні вывучаюцца ў 8—9 класах, павялічылі сетку факультатыўных заняткаў па прыярытэтных напрамках. У гэтым навучальным годзе адкрылі групы медыцынскай накіраванасці.

Да таго ж актыўна будуем партнёрскія ўзаемаадносіны паміж установамі адукацыі і заказчыкамі кадраў. На сённяшні дзень падпісана 14 праграм супрацоўніцтва з прадпрыемствамі раёна і ўстановамі вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Вынікі мінулага навучальнага года запэўніваюць, што выбраная мадэль профільнага навучання сябе апраўдвае. 39 выпускнікоў педагагічных класаў паступілі на адпаведныя спецыяльнасці (54,2%). На ваенныя спецыяльнасці — кожны другі выпускнік ваенна-патрыятычных класаў. Радуюць і вынікі першага выпуску інжынерных класаў: амаль 74% паступілі па профілі.

— Якую з падзей мінулага года па­мяць выдае першай?

— Да 80-годдзя Перамогі для ўсіх выпускнікоў 11 класаў сумесна са Слонімскім благачыннем арганізавалі патрыятычны велапрабег (непасрэдны ўдзел у ім прыняла ў тым ліку Святлана Віктараўна. — Заўвага аўтара.). Сёлета працягнем гэтае пачынанне. Пры падтрымцы кіраўніцтва раёна да таго ж арганізуем свята з запрошанымі артыстамі для ўсіх выпускнікоў.

Асобна падкрэслю, што ўвага да моладзі Слонімшчыны — адзін з прыярытэтаў работы старшыні нашага райвыканкама. Агульнымі намаганнямі мы фарміруем імідж раёна, у які хочацца вяртацца пасля вучобы ў каледжы ці ўніверсітэце.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне шэрага школ і дзіцячых садоў на вельмі высокім узроўні. І, зразумела, на ўжо зробленым спыняцца не плануем. Забягаючы наперад, адзначу, што сёння распрацоўваем дакументацыю па мадэрнізацыі да­школьнага цэнтра развіцця дзіцяці. Плануем абнавіць дах і веранды, знешняе асвятленне, уцяпліць фасады… На тэрыторыі дашкольнай установы з’явіцца нават сучасны стадыёнчык з малымі архітэктурнымі формамі.

Поўным ходам ідзе будаўніцтва харчаблока ў Жыровіцкай сярэдняй школе. Распрацоўваецца дакументацыя па мадэрнізацыі будынка Жыровіцкага дзіцячага сада. Ужо ўяўляем, якім прыгожым стане яго фасад і агульная карцінка ўспрымання ўстановы. У планах — значнае абнаўленне 5-й школы райцэнтра.

— Няхай усе планы будуць рэалізаваны. Што б вы пажадалі калегам?

— Не баяцца новых пачынанняў. Ну і, зразумела, заўсёды памятаць: лепш за вас ніхто не зробіць!

Исочник: https://nastgaz.by

поделиться в: