Начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Марына Лашкоўская — пра дасягненні раёна ў педагагічнай галіне
06.04.2026Ужо некалькі гадоў запар Дзятлаўшчына ўваходзіць у тройку лідараў па арганізацыі працы ў сферы адукацыі ў Гродзенскай вобласці. Размова карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з начальнікам аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Марынай Лашкоўскай — пра дасягненні раёна ў педагагічнай галіне.

— Марына Яўгеньеўна, амаль усё жыццё вы на кіраўніцкіх пасадах, доўгі час узначальвалі школу. Што, на ваш погляд, спрыяе выніковасці работы?
— Добры вынік будзе толькі тады, калі ёсць неабыякавыя людзі, якія гараць сваёй справай. У нашым выпадку гэта кіраўніцтва ўстаноў, педагагічныя работнікі, а таксама ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу. Дзякуючы іх добрасумленнай працы, ужо другі год наш аддзел перамагае на абласным конкурсе на лепшую арганізацыю працы структурных падраздзяленняў раённых выканаўчых камітэтаў — мы ўваходзім у тройку лідараў.
Дзятлаўшчыне наогул шчасціць з педагагічнымі кадрамі. У мінулым годзе да нас прыбылі восем маладых спецыялістаў, а ў гэтым чакаем ужо 15. Сярод іх і нашы маладыя дзятлаўчане.
Напрыклад, па мэтавым накіраванні да нас прыбудзе кіраўнік фізічнай культуры і здароўя. Усіх маладых педагогаў абавязкова забяспечваем жыллём. Так, у мінулым годзе шэсць маладых настаўнікаў атрымалі арэнднае жыллё.
— Што яшчэ робіце, каб выпускнікі школ вярталіся працаваць у родны раён?
— Стараемся арыентаваць старшакласнікаў на паступленне ў нашу рэгіянальную УВА — гэтая практыка добра зарэкамендавала сябе. Так, сёлета нашы адзінаццацікласнікі прымалі ўдзел у алімпіядзе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы — чатыры з іх перамаглі і маюць права паступіць туды без экзаменаў. Спадзяёмся, яны вернуцца працаваць у свой раён. Вялікую ўвагу ўдзяляем і перападрыхтоўцы педагогаў. Якраз цяпер адзін з іх праходзіць перападрыхтоўку на настаўніка матэматыкі, а другі — інфарматыкі.
— Дзятлаўшчына традыцыйна рыхтуе моцных алімпіяднікаў…
— Ганарымся нашымі пераможцамі. Нядаўна на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах нашы школьнікі атрымалі восем дыпломаў і тры граматы — гэта больш, чым у мінулым годзе. Да таго ж раней у нас былі ў асноўным трэція месцы, а зараз ёсць першыя і другія. Чатыры нашы пераможцы абласнога этапу алімпіяды (два — па хіміі, па адным — па геаграфіі і інфарматыцы) увайшлі ў склад зборнай вобласці для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Я ўпэўнена, што вучні добра прадставяць наш раён. Дзеці шмат для гэтага робяць: займаюцца па індывідуальных планах, прымаюць удзел у трэніровачных зборах.
Нядаўна нашы дзеці прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў па вучэбных прадметах, а Лізавета Дварчанін з сярэдняй школы № 3 Дзятлава імя І.Ю.Філідовіча атрымала дыплом ІІІ ступені па геаграфіі. Яе работа “Асаблівасці развіцця лячэбна-аздараўленчага турызму ў Дзятлаўскім раёне” была высока ацэнена журы (кіраўнік — настаўніца Вольга Роўба).
Школьнікі, якія займаюцца тэхнічнай творчасцю па праграме дадатковай адукацыі, таксама дэманструюць поспехі і заваёўваюць дыпломы на раённых і абласных турнірах па кіберспорце, робататэхніцы. Два пераможцы ў нас былі ў мінулым годзе на XIV Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”.
— Трэба згадаць і таленавітых педагогаў раёна…
— Два педагогі прадстаўлялі Дзятлаўшчыну на абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Гэта настаўніца хіміі сярэдняй школы № 1 Дзятлава імя А.М.Чурыла Алена Рынгель і настаўніца англійскай мовы Гезгалаўскай сярэдняй школы імя Н.І.Нядзеліна Наталля Ліцкевіч.
— Вясна прабяжыць хутка, час падумаць і пра летні адпачынак.
— У гэтым сезоне плануем аздаравіць у нашых кругласутачных, палатачных лагерах, а таксама лагерах працы і адпачынку каля 1050 дзяцей. Кожны год нашы школьнікі выязджаюць на аздараўленне і за межы раёна, напрыклад, у профільны аздараўленчы лагер “Навука”. А на вясновых канікулах лагеры з дзённым знаходжаннем будуць працаваць на базе ўсіх устаноў адукацыі. Акцэнт зробім на мерапрыемствах па папулярызацыі здаровага ладу жыцця і экскурсійнай дзейнасці.
— Што вас натхняе ў рабоце?
— Любоў да дзяцей. Я вельмі радуюся іх поспехам. Усё маё жыццё звязана з адукацыяй — да цяперашняй пасады 18 гадоў я была дырэктарам школы. І тады, і зараз разумею сваю адказнасць за тое, каб было зроблена ўсё магчымае для будучыні маленькіх беларусаў.
За апошнія два гады мы правялі вялікую работу па рамонце школ і дзіцячых садоў раёна, у тым ліку выканалі капітальны рамонт дахаў. Адна з галоўных задач сёння — добраўпарадкаванне тэрыторый устаноў адукацыі, устаноўка на іх малых архітэктурных форм, азеляненне, укладка пліткі. Вялікую ўвагу ўдзяляем і будаўніцтву спартыўных аб’ектаў, варкаўт-пляцовак — у найбіжэйшы час запланавана стварыць дзве такія пляцоўкі, а таксама адрамантаваць два стадыёны. Дзеці павінны вучыцца ў камфортных умовах, бачыць вакол сябе прыгажосць. Усё гэта ў тым ліку спрыяе павышэнню іх паспяховасці.
Источник: https://nastgaz.by
