РУС БЕЛ ENG 中文

«Асоба. Лёс. Эпоха»: урокі памяці ў гонар Міхаіла Мінкевіча будуць праводзіць у 1­-й школе Ліды, якой прысвоена яго імя

26.03.2026

1­-я лідская школа ўшанавана імем вядомага педагога, партыйнага і дзяржаўнага дзеяча БССР Міхаіла Мінкевіча. У 1965—1968 гадах ён паспяхова кіраваў Лідскім райкамам партыі, пакінуў пасля сябе добры след, цёплыя ўспаміны. А пасля Ліды — адразу ж Мінск: у 1968-­м зацверджаны на пасадзе міністра асветы БССР і вызвалены з яе толькі ў 1985-­м. Той час плённых пошукаў і перамен у беларускай асвеце не без падстаў называюць эпохай Мінкевіча. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Героем быў!

Дакументы, здымкі, успаміны…

Перад тым, як прысвоіць школе слаўнае імя, была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа. Найперш яе вяла разам з выхаванцамі настаўніца Наталля Ліханава, якая кіруе школьным краязнаўчым музеем. Папкі з матэрыяламі нам паказваў дырэктар школы Сяргей Фанасаў, там ёсць і грунтоўныя публікацыі пра Міхаіла Мінкевіча з “Настаўніцкай газеты”. То мы вельмі рады, што ёсць у іх такі станоўчы розгалас!

Зрэшты, па ўсіх падобных ма­тэрыялах можна ўгадваць толькі водбліскі вялікай жыццёвай энергіі Міхаіла Гаўрылавіча, якая праяўлялася і ў яго імклівай, парывістай хадзе. І тое пры саліднай камплекцыі міністра, кажуць відавочцы, стварала ўражанне сілы магутнай, аптымістычнай і непера­адольнай. Харызма! З ім лічыліся, яму ішлі насустрач у смелых планах і задумах Пётр Машэраў, Ціхан Кісялёў (яны ж таксама з педагогаў!), іншыя дзяржаўныя дзея­чы таго часу. З вялікай павагай пра тое, што міністр асветы Міхаіл Мінкевіч заўсёды выступае і гаворыць з людзьмі па-беларуску (ці не адзіны з тагачаснага ўрада!), пісаў Іван Шамякін. Няўзброеным вокам бачны быў духоўны патэнцыял, асоба — і нельга было тое ігнараваць. І якраз дзякуючы такому дару ад Усявышняга сялянскі хлопец з вёскі Гулічы прайшоў праз суровыя выпрабаванні, ад настаўніка, дырэктара пачатковай школы дарос да міністра і шмат карыснага зрабіў на ніве асветы. Прытым быў вопытным стратэгам і палітыкам: без гэтага ў дзяржаўнай дзейнасці не абысціся.

Не будзем удавацца ў дэталі таго, як рухаўся ветэран вайны, педагог па кар’ернай лесвіцы. У папярэдніх публікацыях мы акцэнтавалі ўвагу на такіх важных момантах яго лёсу, як удзел з 11 гадоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў камсамольскай падпольнай бараць­бе, зняволенне за тое ў польскіх турмах, вучоба ў Віленскай беларускай гімназіі, даваенная работа настаўнікам і змаганне за вольную Айчыну ўжо танкістам: з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Не раз ён, як кажуць, глядзеў смерці ў вочы, нават і ў мірны час, калі, напрыклад, голымі рукамі адагнаў хуліганаў ад напалоханай ахвяры. Яго ўнук ад малодшай дачкі Людмілы Алег, цяпер архідыякан Лядненскага Дабравешчанскага манастыра Арэст, расказваў, як дзед падзяліўся з ім хітрасцю падпольшчыкаў:

— Да жанчыны хуліганы прыставалі на вуліцы. Дык дзед у пінжак пад палу тырчком два пальцы сунуў — быццам там дула пісталета — і на іх: “А ну, хуценька прэч, каб мне тут пісталет не даставаць! Прэч адсюль!” Збеглі. Дзед мой быў герой!

Прывітанне айца Арэста гучала ў відэазапісе на ўрачыстасці ў 1-й лідскай школе з нагоды пры­сваення ёй імя Міхаіла Мінкевіча. Ён падзякаваў усім, хто спрычыніўся да падзеі, за ўвагу да памяці яго дзеда. Прытым дадаў: Міхаіл Гаўрылавіч многа добрага зрабіў для Беларусі, развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі. Менш вядома пра тое, што ён шмат дапамагаў простым людзям, якія звярта­ліся да яго.

Разумная асцярожнасць

Мы прыводзілі раней факты пра тое, што Міхаілу Мінкевічу з таварышамі па Гродзенскай турме польскімі ўладамі быў вынесены смяротны прысуд, але ж імклівае наступленне Чырвонай Арміі ў верасні 1939-га ўратавала жыцці вязняў. У вайну ён меў баявыя ўзнагароды, у танку гарэў і пара­нены быў. Аднак не варта думаць, нібыта Мінкевіч быў бяздумны рызыкант. Нядаўна, перад урачыстасцю ў Лідзе, я даведаўся: прадстаўнікам савецкай улады і на Ляхавіччыне ў першыя гады пасля вызвалення Беларусі пагражалі расправамі бандыты. Некаторых і забівалі. Калі Мінкевіч быў загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Ляхавіцкага райкама партыі (з 1945 года), то, натуральна, шмат ездзіў па раёне. Праяўляючы прытым разумную асцярожнасць. Пра тое расказваў будучы міністр старэйшаму за яго Аляксею Ждановічу, калі наведваў сябра дзяцінства ў суседняй з Гулічамі маёй роднай вёсцы Яцкаўшчыне. Праз Аляксея ж, пэўна, Міхаіл і падаўся ў Віленскую гімназію, калі яго выключылі з Клецкай, бо яцкавец ужо там вучыўся.

Віленскі гімназіст МІхаіл МІнкевіч

Набраўшыся ў Вільні духу беларускага, хлопцы стваралі падпольныя суполкі ў Гулічах і Яцкаў­шчыне, разам і за кратамі пазней апынуліся. Тое ведае Надзея Аляксееўна Грамак, 80-гадовая дачка майго аднавяскоўца: яна жыве ў суседніх Жарабковічах, дзе школа з 1988 года носіць імя Міхаіла Мінкевіча. Намаганнямі тагачаснага дырэктара Вольгі Бурак школе ўдалося атрымаць адпаведны дакумент з Нацыянальнага архіва Беларусі — копію пастановы Саў­міна БССР ад 11 студзеня 1988 года “Аб увекавечанні памяці былога міністра асветы БССР заслужанага настаўніка БССР М.Г.Мінкевіча”. У тым дакуменце адзін з пунктаў — з адрасам Жарабковіцкай школы.

У Гулічы, Яцкаўшчыну, Жарабковічы ў пачатку лета плануецца настаўніцка-вучнёўская экспедыцыя з Лідскай сярэдняй школы № 1 імя М.Г.Мінкевіча. Заглянуць даследчыкі, пэўна ж, і ў Ляхавічы. Паводле апошніх звестак, будынак Гуліцкай пачатковай школы (і я там вучыўся напрыканцы 1960-х, фотаздымак яго музею лідскай школы падарыў) узвялі пасля вайны як дзіцячы дом № 1 для сірот. І тады ж адкрылі міжраённы аўтобусны маршрут Баранавічы — Ляхавічы — Гулічы. Нумар 1 (у Ляхавічах быў і дзетдом № 2) сведчыць: узводзіўся ён першым у раёне. А ці не таму, што ў 1945-м аддзел прапаганды і агітацыі райкама партыі ўзначальваў 26-гадовы хлопец з Гуліч, малады камуніст і ўжо ветэран вайны Міхаіл Мінкевіч?

Рарытэт і настальгічныя ўспаміны

Старыя парты з Гуліцкай школы я прыгадаў, калі пабачыў падобную ў вестыбюлі 1-й лідскай. Дырэктар, сустракаючы гасцей, казаў, што парту знайшлі ў Шчучынскім раё­не. Ляжала парэпаная — у гумне былой вясковай настаўніцы. Рарытэт разабралі на дэталі, падшліфавалі, сабралі, пафарбавалі ў зялёны колер, характэрны для парт таго часу. У гасцей, у тым ліку муфція Абу-Бекіра Шабановіча, парта выклікала настальгічныя ўспаміны. Вучаніцай у стылізаванай фотазоне з грыфельнай дошкай была Маргарыта Жэгздрын. Чаму яе выбралі для адказнай ролі?

— Можа, таму, што пяцікласніца і невялічкая ростам: якраз пад такую парту, — запытальна глянула дзяўчынка на дырэктара. — Першакласніцы, можа, было б цяжка тут доўга ўседзець.

Сяргей Фанасаў працуе дырэктарам з 2002 года, ён старшыня Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі Беларускага педагагічнага таварыства.

— Раней гэта былі дзве школы: тое крыло — для хлопчыкаў, гэтае — для дзяўчынак, — расказаў Сяргей Анатолевіч. — На фаса­дзе лічбы 1928 і 1929, хутка ў школы юбілей. Узводзіліся будынкі за польскім часам, навучанне вялося на польскай мове: беларуская была пад забаронай. І, дарэчы, школа № 2 насіла імя Габрыэля Нарутовіча, першага прэзідэнта Польшчы, які быў забіты экстрэмістам 16 снежня 1922 года — праз пяць дзён пасля выбрання. У музеі захоўваем сцяг школы, які знайшлі на паддашку будынка ў час нядаўняй рэканструкцыі. Ужо ў 1930-я гады дзеці пачалі вучыцца разам. З 1939-га тут былі 1-я беларуская і 2-я руская школы горада, пасля вайны зрабілі адну, рускамоўную: сярэднюю школу № 1. Пасля грунтоўнай рэканструкцыі гадоў дзесяць назад плошчаў крыху дабавілася, але ж нам цеснавата: у школе 860 вучняў.

Адметнасць 1-й лідскай Школы міру — два кадэцкія класы (па адным у 10-м і 11-м) з арыентацыяй на пагранслужбу, паглыбленае ваенна-патрыятычнае выхаванне. Ёсць і дзяўчаты-кадэты. Звычайна, гаворыць Сяргей Фанасаў, з класа 4—5 выпускнікоў выбіраюць вучобу ва ўстановах адукацыі сілавых структур, ідуць таксама вучыцца на інжынераў, урачоў, педагогаў. Профільныя прадметы — фізіка, матэматыка, хімія, біялогія, англійская мова, гісторыя, грамадазнаўства.

Прынцып пераемнасці

— Гэта лепшая школа не толькі Ліды — усяго рэгіёна і ўсёй Беларусі, вядучая ўстанова адукацыі, — сказаў на ўрачыстасці начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. — Перад тым, як надаць школе імя Міхаіла Мінкевіча, была праведзена грунтоўная пошукавая работа, і саму ідэю адразу падтрымаў райвыканкам. Безумоўна, Міхаіл Гаўрылавіч — дастойная, маштабная постаць, якую яшчэ глыбей нам трэба асэнсаваць. На такіх прыкладах вучыцца вельмі цікава. Гэты чалавек мужна змагаўся за свае ідэалы, за іх рызыкаваў жыццём. Пачынаў настаўнікам, з часам кар’ера перайшла ў партыйную і дзяржаўную. Адна з высокіх яго пасад — міністр асветы. А школ жа раней, можа, у дзесяць разоў больш было, чым цяпер: пачатковыя — амаль у кожнай вёсцы. Велізарны блок працы! Прытым людзі да гэтага часу памятаюць кіраўніцкі почырк Міхаіла Мінкевіча, яго бацькоўскую дабрыню і ў той жа час цвёр­дасць, калі тое трэба было для справы, прынцыповасць і прафесіяналізм. У вас у музеі ёсць яго кніга “На шляху да агульнай сярэдняй школы” — і такая маштабная задача пры ім выконвалася. То адкрывайце для сябе новыя старонкі ў яго біяграфіі, унікайце ў магчымасці чалавека, якому шмат было даверана!

Руслан Абрамчык нагадаў: цяпер на Гродзеншчыне больш за 90 школ носяць імёны вядомых людзей. Калі ў Беларусі быў заснаваны Дзень народнага адзінства, то адным з элементаў яго святкавання стала прысваенне школам імён герояў, якія змагаліся за аб’яднанне Беларусі.

Прытым не было мэты зрабіць гэта супермасавым:

— Галоўнае — якасна правесці даследчую работу, звярнуцца па матэрыялы да родзічаў. Каб усе вучні ведалі, хто такі гэты чалавек і чаго ён варты. У 1-й лідскай школе выдатны педкалектыў, які дае вучням бліскучыя веды і выхоўвае свядомых грамадзян. Поспехаў вам усім! З прысваеннем школе імя Міхаіла Мінкевіча яшчэ больш у вас, паважаныя калегі, выхаваўчых інструментаў для таго, каб нашы дзеці станавіліся лепшымі.

Старшыня Лідскага райвыкан­кама Аляксандр Вярсоцкі, педагог па адукацыі, падзякаваў на ўрачыстасці свайму настаўніку Аляксандру Сягодніку: ён узначальваў раней галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама і падтрымаў ідэю лідчан аб наданні школе імя Міхаіла Мінкевіча.

— Вельмі важны ў выхаванні прынцып пераемнасці, — лічыць Аляксандр Вярсоцкі. — Надаючы школам імёны вядомых людзей, мы аддаём даніну павагі абаронцам Айчыны, людзям працы. Дзякуючы сваім намаганням і сіле духу такія людзі, з адметнымі здольнасцямі і талентамі, пакінулі пра сябе добрую памяць.

Кажучы пра тое, што ўсё з усім у гэтым свеце спалучана, Аляксандр Людвігавіч згадаў: вучыўся ён у педуніверсітэце імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Геаграфія і біялогія”. І, пра тое нагадаў яму Руслан Абрамчык, якраз дачка Мінкевіча, Людміла Міхайлаўна, прымала ў яго ўступны экзамен, калі паступаў ва ўніверсітэт. Яна ж на 1 курсе ў яго батаніку вяла і 5 балаў на экзамене паставіла. Ёсць і такое “парадненне” ў кіраўніка раёна з лёсам-родам яго даўняга папярэдніка Міхаіла Мінкевіча: муж яго ўнучкі Кацярыны, кандыдата навук і выкладчыцы педуніверсітэта, — добры сябар Аляксандра Вярсоцкага.

— Віншую ўсіх: школе нададзена імя вартага прызнання і памяці, слаўнага чалавека! — пад­крэсліў старшыня райвыканкама. — Званне — гэта важны маральны арыенцір, а Міхаіл Гаўрылавіч — той чалавек, з якога смела можна браць прыклад.

Пра свае сустрэчы, кантакты з Міхаілам Мінкевічам расказаў Аляксандр Сягоднік — цяпер ён узначальвае камісію па рабоце з моладдзю Гродзенскага аблсавета ветэранаў. Аляксандр Іванавіч назваў Мінкевіча народным міністрам:

— Яго імя і прозвішча гучалі заўсёды сярод настаўнікаў: Мінкевіч! Расказвалі калегі, што ў любую школу ён прыязджаў не наганяй даць, недахопы знайсці, а з людзьмі пагутарыць, добры вопыт убачыць. Казалі, быў вельмі патрабавальны да парадку і чысціні, то гэта, можа, і мне перадалося. Памятаю як правіла: калі прыедзе Мінкевіч, то ўсюды патрэбен парадак. Ён 17 гадоў кіраваў міністэрствам! Гэта вялізная ноша і адказнасць, і шмат даводзілася няпростых рашэнняў прымаць. Але ж прытым яго ўсе паважалі.

Абу-Бекір Шабановіч згадваў, што ў дзяцінстве з Іўя часта ездзіў у Ліду, шмат можа расказаць пра асобу Міхаіла Мінкевіча вучням. Прадстаўнікі вучнёўскага самакіравання агучылі ініцыятыву: штогод 15 лютага, у дзень нараджэння Міхаіла Мінкевіча, ва ўсіх класах праводзіць у гонар яго ўрокі памяці “Асоба. Лёс. Эпоха”. Дык Абу-Бекір Юх’янавіч паабяцаў: абавязкова будзе прыязджаць на ўрокі і дзяліцца ўспамінамі пра старэйшага сябра.

Источник: https://nastgaz.by

поделиться в: