РУС БЕЛ ENG 中文

Экспазіцыю, прысвечаную генацыду, адкрылі ў Варнянскай СШ Астравецкага раёна

24.03.2026
 

Красамоўнае сведчанне гэтаму – адкрыццё экспазіцыі “Памяць – мост паміж мінулым і сучасным”, прысвечанай генацыду, у Варнянскай сярэдняй школе. Гэта падзея стала і прыкладам таго, як з дапамогай педагогаў да ўшанавання ўспаміну мірных людзей, тысячы жыццяў якіх забралі лагеры смерці, гета – вайна, далучаюцца школьнікі і робяць свой пасільны ўнёсак у важную і патрэбную справу для ўсіх нас і наступных пакаленняў. Сімвалічна, што гэту падзею прымеркавалі да Дня ўспаміну ахвяр хатынскай трагедыі.

Думаецца, і месца для экспазіцыі выбралі невыпадкова: не схавалі яе ў закутках музея, а размясцілі змястоўныя шыльды на адным з паверхаў школы. Каб вучань, прабягаючы па школьным калідоры, лішні раз спыніўся ля стэндаў і ў чарговы раз прачытаў пра факты жудаснай трагедыі. Яна адбывалася на нашай зямлі і з нашымі людзьмі, якія, як і мы, марылі, кахалі, будавалі планы, якія так і не сталі рэчаіснасцю…

Сваёй прысутнасцю, трапнымі і ўдумлівымі разважаннямі адкрыццё выставы засведчылі старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Бычко, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Баяровіч, пракурор Астравецкага раёна Мікіта Мыслівец і начальнік аддзела адукацыі Алена Васільчык.

Дзякуючы экскурсіі, якую правялі старшакласнікі, выстава ажыла.

Брэсцкая крэпасць – сімвал нязломнай стойкасці – яна першай прыняла ўдар фашысцка-нямецкіх захопнікаў…

Хатынь, Шавулічы, Драмлёва, Літавец, Шунёўка, Боркі, Ала і Дальва – спаленыя вёскі, дзе замест галасоў жыхароў сёння гучыць толькі звон ці пануе цішыня…

Трасцянец – адзін з найбуйнейных лагераў смерці ў Еўропе, які бясследна паглынуў вялізную колькасць ні ў чым не вінаватых людзей…

Хованшчына – метавіта тут, сярод непраходных балот Івацэвіцкага раёна, у гады вайны размяшчаўся штаб партызанскага злучэння. Гэта сапраўднае месца сілы, дзе жыў і змагаўся “лясны фронт”, да канца захоўваючы веру ў перамогу.

Мемарыял “Прарыў” ва Ушачах – велічны помнік мужнасці партызан, якія змаглі разарваць кола блакады.

Азарычы – жахлівы лагер смерці пад адкрытым небам… На жаль, да гэтага дня не дажыла светлай памяці Таццяна Нікіфараўна Волкава, якая падчас вайны страціла ўсіх блізкіх і насуперак усяму выжыла дзіцём у тых страшэнных умовах і ўсё сваё далейшае жыццё прысвяціла педагогіцы і дзецям. Я ўпэўнена, што гэта гераічная і вельмі светлая жанчына ўхваліла б ініцытыву сваіх калег-паслядоўнікаў…

Такіх балючых і незагойных ран на целе нашай Беларусі не адзін дзясятак. І ўсе яны з’яўляюцца жывым напамінам пра тое, як важна цаніць жыццё і спакой у сваёй краіне.

Прадоўжылася мерапрыемства дыялогавай пляцоўкай пад аднайменнай назвай, якая стала насычанай, прадуктыўнай і цікавай размовай для ўсіх удзельнікаў, напоўненай глыбокімі пытаннямі вучняў і не менш каштоўнымі адказамі-развагамі гасцей.

…Думаецца, толькі так – дзякуючы ўспамінам, справам, сустрэчам па захаванні памяці ахвяр генацыду, загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны і яе герояў, – мост памяці і шчырай удзячнасці за жыццё, блакітнае неба над галавой і мір будзе заўсёды злучаць мінулае і сучаснае.





Слова ўдзельнікам

Генадзь Бычко, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

– Перайначыўшы словы Францішка Багушэвіча, скажу: не забывайце гісторыю нашу, каб не ўмёрлі. З мінулага мы павінны рабіць вывады, каб трагедыя больш ніколі не паўтарылася.

На днях мы ўзгадвалі знішчэнне Хатыні. Мой бацька родам з Карэліцкага раёна, і яго вёска таксама была часткова спалена падчас вайны. Мая бабуля адна падымала трох сыноў. Ім пашчасціла застацца жывымі, а колькі людзей загінула…

Моц беларускага народа ў тым, што ён аказаў вялізнае і неймавернае супраціўленне нямецкім акупантам. Подзвіг нашых продкаў павінен жыць у памяці нашчадкаў.

Вольга Баяровіч, намеснік старшыні райвыканкама:

– Хочацца, каб экспазіцыя стала не толькі часткай вучэбнага працэсу, а месцам гістарычнай памяці – менавіта яна робіць народ нацыяй. Ведаючы гісторыю, вы ўжо валодаеце пэўным імунітэтам да жорсткасці і злачынстваў, якія могуць быць здзейснены ў будучым супраць вашай краіны.

У гэты дзень менавіта вам, школьнікі, мы перадаём эстафету памяці. Таму што памятаць – значыць жыць.

Мікіта Мыслівец, пракурор Астравецкага раёна:

– Беларусь вельмі пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Раней лічылася, што падчас яе загінуў кожны чацвёрты жыхар. Пры расследванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гэты час, дакладна ўстаноўлена, што загінула трэць насельніцтва краіны.

Менавіта моладзі працягваць нашу місію па даследванні тых падзей. І рабіць гэта яны змогуць толькі ў тым выпадку, калі пранікнуцца гэтай важнай справай і будуць разумець яе глыбінны сэнс.

Цяпер мы можам назіраць тэндэнцыю ў некаторых суседніх краінах, дзе хочуць перайначыць і перапісаць гісторыю. Больш таго, дакладна вядома, калі самыя бесчалавечныя каральныя аперацыі па знішчэнні людзей праводзілі памагатыя нацыстаў – калабарацыяналісты і нацыялісты.

Вяртаючыся да крымінальнай справы, ініцыянаванай Генеральнай пракуратурай, зазначу, што адкрываюцца рэальныя факты, якія дапамагаюць меркаваць пра маштабы жудасных падзей, што адбываліся падчас вайны.

Алена Юркойць, дырэктар Варнянскай СШ:

– Невыпадкова дадзеную экспазіцыю мы назвалі “Памяць – мост паміж мінулым і сучасным.” У нашай установе вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню.

 Моладзь павінна ведаць, што было раней, да якіх трагедый прыводзіў генацыд, што такія жудасныя падзеі адбываліся на нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Без захавання гістарычнай памяці немагчыма існаванне любой нацыі.

Адкрыццё экспазіцыі стала магчымым дзякуючы карпатлівай рабоце па зборы і сістэматызацыі звестак настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства Аліне Сянюць, Людміле Гродзь і спонсарскай падтрымцы нашага былога выпускніка Уладзіміра Масейкі.

Алена Васільчык, начальнік аддзела адукацыі:

– Хочацца зрабіць акцэнт на тых піянерах-героях, лічы, вашых равесніках, якія падчас вайны на роўных з дарослымі набліжалі Перамогу. Таму выказванне “ніхто не забыты” ў мяне асацыіруецца ў тым ліку і з падлеткамі, якія ахвяравалі ўласныя жыцці дзеля агульнай мэты – міру. Яны любілі сваю зямлю, людзей, Радзіму.

Людміла Гродзь, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, кіраўнік школьнага музея:

– Безумоўна, сучасныя выпускнікі адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў ў сілу тэхналагічнага прагрэсу, але душа ў розных пакаленняў па-ранейшаму застаецца добрай, беларускай. Нашы школьнікі даглядаюць і клапоцяцца пра пахаванні часоў вайны, якія ёсць на тэрыторыі Варнянскага сельскага Савета. Яны актыўна ўдзельнічаюць у даследваннях, напісанні работ на гэтую тэматыку. Нашы вучні праяўляюць жывы інтарэс да тэмы Вялікай Айчыннай вайны – відаць, гэта закладзена ў іх на генетычным узроўні.

Нядаўна з дзецьмі аналізавалі гімны краін свету і прыйшлі да высновы, што наш унікальны: з першых радкоў становіцца зразумелым, што мы “беларусы – мірныя людзі”, што для нас у прыярытэце – любоў да Радзімы, гасціннасць і сяброўства. Няхай так і будзе заўсёды.



Арнольд Пляўга, старшакласнік:


– Удзел у прэзентацыі выставы па генацыдзе для мяне і маіх аднакласнікаў – справа гонару. Па традыцыі наша школа даглядае і наводзіць парадак на брацкай магіле, шэфствуе над пахаваннем невядомага салдата. Мы – нашчадкі герояў Вялікай Перамогі, памятаем і ўшаноўваем іх.

ФАКТЫ

* На тэрыторыі Астравеччыны дзейнічала як мінімум 5 гета, куды зганялі яўрэйскае насельніцтва. Яны былі ў Астраўцы, Міхалішках, Кемелішах, Быстрыцы, Варнянах.

 

* Устаноўлена 8 месцаў масавых забойстваў мірных людзей у раёне.

Источник: https://www.ostrovets.by

поделиться в: